Гродзенскі цэнтрал, або Гродзенская катаржная турма — адно з самых страшных месцаў для жыхароў Заходняй Беларусі ў 20-я — 30 гады мінулага стагоддзя. Праз яе прайшлі многія дзеячы нашага нацыянальна-вызваленчага руху. Умовы ўтрымання ў ёй палітвязняў — людзей, якія адстойвалі права свайго народа гаварыць на роднай мове і ўвогуле звацца народам, — былі жудасныя. Аб тым, як утрымліваліся і як, нават у зняволенні, змагаліся вязні Гродзенскага цэнтрала, пагаварылі з кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандрам ГОРНЫМ.
Аляксандр Горны яшчэ са студэнцкіх гадоў вывучае нацыянальна-вызваленчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, а таксама тое, якімі спосабамі польскія ўлады хацелі сцерці нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў.

— Беларусы адразу падвяргаліся паланізацыі, працэсы этнічнай асіміляцыі з боку польскіх улад ішлі актыўна. Аднак нягледзячы на каласальны ціск і этнацыд беларусы адстойвалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць і змагаліся за захаванне нацыянальнай культуры. Жыхарамі Заходняй Беларусі быў арганізаваны масавы нацыянальна-палітычны рух, які на мэце меў аб’яднанне беларускіх зямель і захаванне нацыянальнага кода. І гэта былі сотні тысяч актывістаў, якія ў неверагодна складаных умовах змагаліся з ціскам.
Польскія ўлады, якія мелі на мэце знішчыць беларусаў як народ — не ў фізічным сэнсе, а ў сэнсе самаўсведамлення, — актывістаў саджалі ў турмы. У цэлым па ўсёй Польшчы было нямала палітвязняў, напрыклад, у 1931 годзе 11 % усіх зняволеных былі пазбаўлены свабоды па палітычных прычынах. Сярод іх былі дзеячы камуністычнага руху і актывісты нацыянальных рухаў, не толькі беларускага — у той ці іншай ступені пераследу падвяргаліся ўсе нацыянальныя меншасці.
Лісты на волю — толькі па-польску
Усе польскія турмы дзяліліся на тры класы, гродзенская адносілася да першага, і ў ёй адбывалі пакаранне 450-500 чалавек адначасова. Гродзенская турма была адной з самых строгіх і жорсткіх, у розны час ад 30 % да 40 % зняволеных складалі палітвязні. Напрыклад, у 1929 г. у турме налічвалася 180 чалавек, арыштаваных па палітычных артыкулах. Арыштаваныя былі не толькі з тэрыторыі сучаснай Гродзеншчыны, але і з Палесся, паколькі акруговы суд ахопліваў шырокую тэрыторыю.
Першапачаткова ў 20-я гады мінулага стагоддзя ўмовы ўтрымання палітвязняў адрозніваліся ад умоў для іншых зняволеных. «Палітычныя» маглі адмовіцца ад працы, насілі сваё адзенне, карэспандэнцыя і пасылкі свабодна хадзілі ў абодва бакі, было дадзена больш часу на прагулкі, дазвалялася выпісваць газеты. Але паступова турэмная адміністрацыя самастойна гэтыя правы скарачала і мадыфікавала. Напрыклад, лісты дадому дазвалялася пісаць толькі па-польску. Маглі забіраць пасылкі, абмяжоўваць іншыя свабоды. Адным словам — турэмнае самавольства.
— Нават у турме зняволеныя аказвалі супраціўленне і стваралі турэмныя камітэты, каб адстойваць свае правы, — расказвае Аляксандр Горны. — Але ў 1931 годзе быў прыняты новы турэмны рэгламент, паводле якога ніякага асаблівага статусу ў палітвязняў не было, яны прыраўноўваліся да тых, хто здзяйсняў крымінальныя злачынствы. І цяпер ужо на афіцыйным узроўні зняволеных маглі адправіць працаваць, абмяжоўваць перадачу пасылак і лістоў. На ўвядзенне новага рэгламенту зняволеныя рэагавалі галадоўкамі, некаторыя людзі галадалі больш за два тыдні. Аднаго з арыштаваных па прозвішчы Стральчук сталі карміць сілком, выкарыстоўваючы шланг. Гэта прывяло яго да пагібелі — ежа трапіла ў лёгкае, і арыштант задыхнуўся. І ён быў не адзіным, каго кармілі сілком...
Стаўленне да палітвязняў было жорсткім. Нават вокны ў іх камерах закладваліся цэглай напалову, каб не было бачна, што адбываецца на вуліцы.
— Шчыра прызнаюся, падчас даследаванняў мяне ўразіў той факт, што Гродзенская турма была адной з самых строгіх у міжваеннай Польшчы, — гаворыць гісторык. — Зняволеныя падвяргаліся псіхалагічнаму, маральнаму і фізічнаму ціску з боку ўлады. У адной камеры маглі ўтрымлівацца 20 чалавек. А была камера, якую называлі «вакзал», куды зганялі больш за 30 чалавек. Было жудасна душна, кіслароду не хапала. Вывучаючы дакументы, я даведаўся, што шмат хто проста вар’яцеў і, калі людзі выжывалі, ужо ніколі не станавіліся ранейшымі.
Змагацца да канца
Нягледзячы на ўсе абмежаванні, зняволеныя ўсімі сіламі імкнуліся мець зносіны паміж сабой і дзяліцца навінамі. Для гэтага яны выкарыстоўвалі невялікія запісачкі, якія называліся грыпсамі. Вельмі часта зняволеныя свае пасланні зашыфроўвалі і перадавалі праз вокны ці каналізацыю. Нягледзячы на ўсе цяжкія ўмовы, зняволеныя шмат чыталі і самаадукоўваліся, кнігі станавіліся выратаваннем, калі іх атрымлівалася дастаць.
У Гродзенскай турме сядзела нямала вядомых беларускіх дзеячаў. Адной з першых пад варту патрапіла Паўліна Мядзёлка, якая была музай Янкі Купалы. У 1919-1920 гг.

у Гродне яна арганізавала маладзёжныя беларускія гурткі, адкрывала беларускія школы, арганізоўвала тэатральныя пастаноўкі на роднай мове. Сярод жанчын-палітвязняў таксама была актывістка нацыянальна-вызваленчага руху Вера Валейка.
Доўгі час пад вартай быў дэпутат польскага сейма ад беларусаў Сяргей Баран, які стаў адным з першых настаўнікаў толькі што створанай Гродзенскай беларускай гімназіі. Сярод зняволеных былі два беларускія філолагі — Ігнат Дварчанін і Браніслаў Тарашкевіч, яны абодва таксама былі членамі сейма.
— Тарашкевіч зрабіў пераклад вядомай паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», седзячы ў адзіночнай камеры. У яго была абмежаваная колькасць паперы, таму чарнавы пераклад ён трымаў у галаве, а запісваў толькі чыставікі. Тагачасныя журналісты празвалі яго беларускім Гандзі. Сярод зняволеных быў Піліп Пестрак — яшчэ адзін найярчэйшы прадстаўнік заходнебеларускага нацыянальнага руху, чый турэмны стаж у міжваеннай Польшчы стаў адным з самых працяглых. У Гродзенскай турме ён сядзеў двойчы. Менавіта ён быў кіраўніком камітэта палітвязняў. Сярод зняволеных былі Валянцін Таўлай, Сяргей Прытыцкі, Міхась Мінкевіч, які ў 1965 годзе становіцца міністрам адукацыі БССР.

Прэсінг працягваўся да самага вызвалення Заходняй Беларусі. У наступных публікацыях раскажам больш падрабязна, як праходзіў працэс паланізацыі, чаму закрываліся беларускія школы і гімназіі, а таксама асобна звернем увагу на супраціўленне людзей, якія змагаліся за сваё права звацца людзьмі і беларусамі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота прадастаўлены Аляксандрам Горным