У мінулым годзе Ваўкавыск прымаў абласныя «Дажынкі». Да гэтай падзеі ў раёне было прымеркавана шмат будоўляў і абнаўленняў, а само свята наведала больш як 40 тысяч чалавек. Пагаварылі са старшынёй райвыканкама, членам Савета Рэспублікі Дзмітрыем ЗАХАРЧУКОМ аб тым, як жыве раён і якія планы па яго развіцці, улічваючы новую праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на найбліжэйшыя пяць гадоў.
Пры падрыхтоўцы да абласных «Дажынак» у каманды райвыканкама былі амбіцыйныя планы. Кіраўнік характарызуе яе як мэтанакіраваную і «зубатую», вядома, у добрым сэнсе. Сіламі людзей удалося зрабіць нямала добрых і патрэбных спраў. Толькі адной вулічна-дарожнай сеткі асфальту па Ваўкавыску было пакладзена 225 тысяч квадратных метраў, адрамантавалі 28 тысяч квадратных метраў дваровых тэрыторый, а таксама будынкі ў рамках бягучых планаў без уліку дзяржпраграм.
— Прайшлі рамонты ва ўстановах аховы здароўя, у школах і дзіцячых садках. Значна абнавіўся наш Дом культуры. Там з’явілася найноўшае абсталяванне, таксама ёсць спецыяльныя гукаізаляцыйныя пласты — такімі, напэўна, можа пахваліцца толькі філармонія, — не без задавальнення пералічвае Дзмітрый Захарчук. — А ўвогуле праграму па будаўніцтве і абнаўленнях мы рабілі на некалькі гадоў наперад. Год добраўпарадкавання не абмяжоўваецца 365 днямі.
І, вядома, наша праца па навядзенні парадку не абмяжоўваецца асобнымі падзеямі, напрыклад, такімі як «Дажынкі». Мы разумеем, што гэта бесперапынны працэс, які павінен суправаджаць нас на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці. Няма меж дасканаласці ў навядзенні парадку. Быў зроблены вялікі пласт работы з пустымі дамамі, старымі вытворчымі пляцоўкамі, якія былі пахаваны.
Цяпер у рэгіёне ідзе адразу некалькі будоўляў. Напрыклад, узводзіцца футбольны манеж, які стане важным крокам у развіцці мясцовага футбола. Актыўна вядуцца работы па расчыстцы рэчышча ракі Валкавыя, зацверджаны праект новага парку. На тэрыторыі Ваўкавыскага раёна ёсць некалькі вадасховішчаў, якія таксама паступова добраўпарадкоўваюцца. Летась навялі парадак на вадаёме ў вёсцы Хацькоўцы, сёлета абнаўленне чакае вадасховішча Дамба, якое якраз прымыкае да будучага новага парку.
Прамысловасць і турызм
Летась Дзмітрый Захарчук выступаў на УНС. А гаварыў ён якраз пра тыя задачы, якія трэба выканаць у рамках тэзіса «Моцныя рэгіёны — моцная краіна». І першарадная ўвага — двум кірункам — развіццю прамысловасці і турыстычнага патэнцыялу.
Ужо зроблены пэўныя крокі.
Адзін са значных праектаў — будаўніцтва цэха па вытворчасці сухога дзіцячага харчавання. Гэта рашэнне было прынята з улікам тэндэнцый развіцця сельскай гаспадаркі і запатрабаванасці прадуктаў харчавання. Плануецца, што цэх, які будзе пабудаваны ў найбліжэйшы час, дасць магчымасць падвоіць вытворчасць дзіцячага харчавання і стварыць каля 80 новых рабочых месцаў. Дарэчы, дадзены аб’ект у дакументах называецца цэхам, але, мяркуючы па праекце, які ўдалося ўбачыць камандзе «Звязды», гэта цэлы новы завод. Праект амбіцыйны, ён адкрывае добрыя перспектывы развіцця для рэгіёна, лічыць старшыня райвыканкама:
— Рашэнне аб будаўніцтве новага цэха было прынята летась у рамках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Ваўкавыскі раён.
Харчаванне будзе вырабляцца па стандартах GMP. Новы аб’ект дазволіць зайсці на рынак, дзе дзіцячае харчаванне каціруецца на ўзроўні фармацэўтычных вырабаў. Гэта значыць, прадукцыя будзе дапушчана да продажу ў аптэках. Вядома, уся цяперашняя тэхналогія вытворчасці не менш строгая, але, як я ўжо казаў, няма мяжы дасканаласці. Таксама сёлета плануецца здача міжрэгіянальнага завода па перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў. Новае прадпрыемства будзе здольна перапрацоўваць да 200 тысяч тон смецця ў год, вырабляючы пры гэтым 110 тысяч тон RDF-паліва. Гэты аб’ём дазволіць паліць печы ААТ «Краснасельскбудматэрыялы».
Таксама было адзначана, што да 2030 года ўсе малочнатаварныя аб’екты ў рэгіёне павінны быць мадэрнізаваны. Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць вытворчасці і палепшыць якасць прадукцыі. Сёлета пачата будаўніцтва двух малочнатаварных комплексаў, яшчэ два знаходзяцца на стадыі праектавання. У цэлым да 2030 года ў раёне будзе пабудавана шэсць комплексаў.
Другі не менш важны кірунак работы — развіццё турыстычнага патэнцыялу, які ў Ваўкавыскім раёне даволі высокі. Вялікія планы ў адміністрацыі на краснасельскія кар’еры — іх у народзе празвалі «беларускімі Мальдывамі». Яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Але паколькі месца прамысловае, над ім трэба папрацаваць, перш чым там будуць актыўна праходзіць турыстычныя маршруты. Пакуль ёсць адна абсталяваная назіральная пляцоўка.
— Землі, якія раней выкарыстоўваліся ў прамысловых мэтах, будуць пераведзены ў катэгорыю турыстычных. Гэта дазволіць сфарміраваць інфраструктуру, уключаючы дарогі, жыллё і магчымасці для водных відаў спорту, — тлумачыць Дзмітрый Захарчук. — Праектаванне ўжо знаходзіцца на стадыі завяршэння, і ў найбліжэйшы час будуць прыняты ўсе неабходныя дакументы.
Яшчэ адзін важны кірунак — развіццё турызму на аснове прыродных і гістарычных славутасцяў раёна. У прыватнасці, у наваколлях Краснасельска знаходзяцца крамянёвыя шахты ўзростам ад 1000 да 3500 гадоў да нашай эры. Гэтыя шахты могуць стаць асновай для стварэння музея пад адкрытым небам. Праект ужо атрымаў падтрымку Нацыянальнай акадэміі навук.
Як падкрэслівае Дзмітрый Захарчук, вялікі аб’ём работы па развіцці раёна робіцца на пастаяннай аснове, і ён стаў звыклым. Кіраўнік поўны энтузіязму і адзначае, што проста сядзець на месцы — недаравальна і нецікава. Так што ён старанна працуе і зараджае калектыў на плённую працу.
Дзіцяча-юнацкі спорт актыўна развіваецца ў Ваўкавыскім раёне
У сучасным свеце развіццё спартыўнай сферы асабліва актуальна. Лічбавыя тэхналогіі сталі неверагодна прыцягальнымі для дзяцей, але недахоп руху згубна адбіваецца на арганізме. У Ваўкавыскім раёне клапоцяцца аб тым, каб моладзь актыўна далучалася да заняткаў спортам. І для гэтага ствараюцца ўсе ўмовы.
У раёне налічваецца 181 спартыўны аб’ект. Прычым 64 з іх размешчаны ў сельскай мясцовасці, што дае магчымасць жыхарам усіх населеных пунктаў займацца спортам і падтрымліваць здаровы лад жыцця, адзначыў загадчык сектара спорту Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта Іван ЗАХАРАНКА. Сярод спартыўных аб’ектаў — стадыёны, лёгкаатлетычны манеж, 31 спартыўная зала, 6 нестандартных плавальных басейнаў і 5 міні-басейнаў. Акрамя таго, ёсць 26 прыстасаваных памяшканняў, больш за 90 плоскасцевых пляцовак і палёў, а таксама 6 стралковых ціраў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю дзіцячага спорту. У раёне функцыянуюць тры дзіцяча-юнацкія школы, дзе развіваюцца 9 відаў спорту: валейбол, вольная барацьба, гандбол, конны спорт, настольны тэніс, плаванне, дзюдо, футбол і лёгкая атлетыка. Гэта дазваляе дзецям і падлеткам выбіраць занятак па душы і развіваць свае спартыўныя таленты.
Па словах Івана Захаранкі, у раёне імкнуцца зрабіць так, каб спартыўныя аб’екты былі ў крокавай даступнасці. Напрыклад, у мікрараёне Альшымава была адкрыта шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка. Тут можна гуляць у валейбол, баскетбол, вялікі тэніс.
— Гэты раён быў абраны невыпадкова, — падкрэсліў загадчык сектара спорту. — Ён вялікі, тут шмат моладзі, сем’яў з дзецьмі. Мы хацелі стварыць прастору, дзе можна адпачыць і правесці час актыўна. Доўгачаканым аб’ектам стаў абноўлены стадыён ДЮСШ № 1.
Акрамя таго, у Ваўкавыску працягваецца будаўніцтва крытага міні-футбольнага манежа на тэрыторыі ДЮСШ № 2. Гэты аб’ект стане важным цэнтрам спартыўнага жыцця раёна. Манеж будзе мець вышыню 14,6 метра, даўжыню 45 метраў і шырыню 33 метры. Хопіць месца ўсім: тут змогуць займацца спартсмены розных узростаў —
і дзеці, і дарослыя. Фінансаванне будаўніцтва ажыццяўляецца за кошт раённага бюджэту. Новы спартыўны аб’ект будзе служыць не толькі вучэбна-трэніровачнай базай футбалістаў, але і месцам прыцягнення ўсіх аматараў гэтага віду спорту. Крыты манеж дазволіць займацца футболам круглы год, незалежна ад умоў надвор’я.
Таксама ў Ваўкавыску, на адной з найлепшых мотакросавых трас Беларусі, не раз разгортваліся сапраўдныя спартыўныя
феерыі. Тут двойчы праходзілі этапы чэмпіянату Еўропы ў класе матацыклаў да 250 см3, а таксама этап чэмпіянату свету на матацыклах з каляскамі. Штогод у Ваўкавыску збіраюцца найлепшыя прадстаўнікі мотакросу з усёй Еўропы і свету, каб прадэманстраваць сваё майстэрства на гэтым легендарным трэку.
Горад славіцца спартыўнай інфраструктурай і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Пад эгідай сектара спорту Ваўкавыскага райвыканкама тут праводзіцца больш за 120 розных спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, якія ахопліваюць больш як 10 тысяч удзельнікаў. Гэта і круглагадовая спартакіяда сярод працоўных калектываў, спартакіяда сярод сельскагаспадарчых арганізацый, спартакіяда «Каласок» для дзяцей з сельскай мясцовасці, раённыя этапы спаборніцтваў «Скураны мяч» і «Залатая шайба», спартакіяда школьнікаў і мноства іншых. Кожная з такіх падзей — свята спорту, якое аб’ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій, дорыць ім радасць.
Ваўкавыск даказвае, што спорт — гэта не толькі фізічная актыўнасць, але і магутная сацыяльная сіла, здольная аб’ядноўваць, натхняць і рабіць жыццё больш яркім. Гэты горад — прыклад таго, як клопат пра здароўе і актыўны лад жыцця можа стаць асновай для працвітання і дабрабыту.
Новы будынак дзіцячай паліклінікі — падарунак для раёна
Значнай падзеяй у жыцці Ваўкавыскага раёна стала адкрыццё дзіцячай паліклінікі ўстановы аховы здароўя «Ваўкавыская цэнтральная раённая бальніца». Пры ўваходзе ў новы будынак паліклінікі адчуваецца прыемная атмасфера: прыгожы інтэр’ер, сцены, пафарбаваныя ў жоўты колер, прыгожая сучасная мэбля — усё гэта стварае асаблівую ўтульнасць памяшкання.
Новы будынак паліклінікі быў адкрыты ў маі мінулага года. Раней лячэбная ўстанова размяшчалася ў прыстасаваных памяшканнях, — расказвае галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Алена Грыцкевіч. — Былыя будынкі былі разлічаны на 56 наведванняў за змену, а новая паліклініка можа прыняць 340 дзяцей і падлеткаў.
Магу з упэўненасцю сказаць, што ва ўстанове забяспечаны даступнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі мясцовага дзіцячага насельніцтва. У Ваўкавыскім раёне налічваецца 12 тысяч 700 дзяцей, і ўсе яны маюць магчымасць наведваць нашу паліклініку, работа якой арганізавана на высокім узроўні. Тут дзейнічае кол-цэнтр, які дае магчымасць запісацца на прыём да ўрача па тэлефоне або праз інтэрнэт. У другім корпусе дзейнічае лабараторыя, побач з якой таксама створана электронная чарга, што вельмі зручна для наведвальнікаў.
Для максімальнага забеспячэння медыцынскага абслугоўвання мясцовых жыхароў у паліклініцы працуе дзевяць участкаў урачоў-педыятраў, прыём ажыццяўляюць урачы па 11 профілях. Акрамя таго, на базе паліклініцы дзейнічаюць Цэнтр дружалюбнага падлетка і Міжраённы цэнтр ранняга ўмяшальніцтва, дзе аказваецца дапамога дзецям ва ўзросце да трох гадоў Ваўкавыскага і Зэльвенскага раёнаў. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца модульны цэнтр, дзе запланавана навучанне неабходным практыкаванням дзяцей і іх бацькоў.
Медыцынскае абслугоўванне ў паліклініцы аказваюць 98 спецыялістаў, сярод якіх 32 ўрачы і 60 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу. Адпаведныя катэгорыі маюць 80 % урачоў і 85 % сярэдняга медперсаналу. Добра ведаюць сваю справу і маладыя спецыялісты, большую частку якіх складаюць участковыя ўрачы-педыятры. Сваім вопытам з маладымі калегамі шчодра дзеляцца ўрачы, якія аддалі рабоце ў галіне медыцыны не адзін дзясятак гадоў. Так, Цэнтр ранняга ўмяшальніцтва ўзначальвае ўрач-педыятр
Таццяна Кісель, якая больш за 40 гадоў адпрацавала ў Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бальніцы, у свой час была загадчыцай педыятрычнага аддзялення стацыянара.
— Вось так, адной зладжанай камандай, мы робім усё магчымае для таго, каб у Ваўкавыскім раёне праводзілася належная работа па прафілактыцы, лячэнні і аказанні тэрміновай дапамогі дзецям і падлеткам, — гаворыць Алена Грыцкевіч.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД