Турызм у кожнай краіне — не толькі адзін з прыярытэтных сектараў эканомікі, але і магутны інструмент сацыяльна-культурнага прагрэсу, выхавання патрыятызму, умацавання міжнародных сувязей, а таксама фарміравання адкрытага і талерантнага грамадства.
Нацыянальны праект
У Беларусі распрацавана Нацыянальная стратэгія развіцця турызму да 2035 года, якая накіравана на максімальна поўную рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу краіны. Кожны месяц 2025 года прысвечаны аднаму з відаў турызму: студзень — адукацыйнаму, люты — аздараўленчаму і медыцынскаму, сакавік — прамысловаму, чэрвень — гісторыка-культурнаму... Жнівень, аб’яўлены месяцам падзейнага турызму, сабраў у Беларусі больш за 273 тысячы турыстаў... Краіна прыцягвае сваёй аўтэнтычнасцю, унікальнай культурай, багатай гісторыка-культурнай спадчынай: ад сярэднявечных палацаў і архітэктурных помнікаў да народных традыцый, магчымасцю атрымаць новыя ўражанні і эмоцыі.
Раскрыць турыстычны патэнцыял свайго рэгіёна ўзяліся спецыялісты Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, і ў гэтым ім дапамагаюць лічбавыя тэхналогіі, у прыватнасці, стварэнне электронных рэсурсаў: баз даных, віртуальных экскурсій і відэаролікаў. Бібліятэкары асвоілі сучасны трэнд турыстычнай сферы — лічбавы турызм, калі для выбару месцаў наведвання і планавання паездак выкарыстоўваюцца магчымасці інтэрнэту і сацыяльных сетак.
Спадчына, пакінутая продкамі
Першым досведам стала стварэнне віртуальнага рэсурсу «Малая Радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй», які знаёміць з матэрыяльнай і духоўнай спадчынай, пакінутай нам продкамі, з населенымі пунктамі са сваёй асаблівай атмасферай, дзе захаваліся радавыя сядзібы, унікальныя храмы і манастыры, жывапісныя прыродныя ландшафты, аўтэнтычныя абрады і традыцыі.
Рэсурс дапаможа спланаваць наведванне батанічнага саду «Іванаў хутар» у Краснапольскім раёне, які прызнаны ЮНЕСКА ўнікальным прыродаахоўным аб’ектам. Унікальнасць яго ў тым, што тут, побач з яблынямі і грушамі, растуць экзатычныя расліны.
У аграгарадку Жылічы Кіраўскага раёна размешчаны помнік архітэктуры позняга класіцызму — палацава-паркавы ансамбль Булгакаў. У 2023 годзе палац быў поўнасцю адрэстаўрыраваны і цяпер прымае тысячы гасцей з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы.
Віртуальны музей палацава-паркавага ансамбля Булгакаў «Жыліцкі Версаль» дазваляе здзейсніць экскурсію па палацы, убачыць арыгінальную архітэктуру і ўнікальныя кесонныя столі, багатыя інтэр’еры залаў, пагуляць па сцяжынках і алеях парку, пазнаць найбагацейшую гісторыю самага вялікага палаца на беларускіх землях, які мае сто пакояў.
Інтэрнэт-праект закліканы прэзентаваць патэнцы-яльным турыстам веліч і непаўторнасць палаца і надоўга захаваць уражанні аб сустрэчы з «Жыліцкім Версалем».
Экскурсіі ў рэгіёны
Інфармацыйны рэсурс «Турыстычная карта Магілёўшчыны», спасылка на які размешчана на сайце Магілёўскага аблвыканкама, знаёміць з архітэктурнымі славутасцямі, прыроднымі помнікамі, культурай і традыцыямі кожнага рэгіёна Магілёўшчыны.
Матэрыялы рэсурсу згрупаваны па раёнах, а мясціны, здольныя зацікавіць і нават заінтрыгаваць, прадстаўлены ў пяці раздзелах: «Агульная інфармацыя», «Архітэктура», «Прырода», «Культура», «Традыцыі». Раздзелы дапоўнены каардынатамі размяшчэння аб’екта на Яндэкс-карце Магілёўскай вобласці, фатаграфіямі і спісам літаратуры.
У раздзеле «Архітэктура» змяшчаюцца звесткі аб адноўленых або пабудаваных праваслаўных храмах і манастырах, велічных палацах і дваранскіх сядзібах, мемарыяльных комплексах. Тут можна даведацца, што ў вёсцы Грудзінаўка Быхаўскага раёна знаходзіцца палацава-паркавы ансамбль XIX ст. Дзякуючы гарманічнаму спалучэнню архітэктуры і зялёных насаджэнняў, сядзіба ў Грудзінаўцы з’яўляецца адным з найбольш каштоўных помнікаў садовапаркавага мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь.
Унікальныя па прыгажосці пойменныя дубровы, ландшафтныя заказнікі мясцовага значэння, створаныя прыродай крыніцы з гаючай вадой прадстаўлены ў раздзеле «Прырода». На тэрыторыі Клічаўскага і Бялыніцкага раёнаў, у міжрэччы рэк Ольса і Друць, размешчаны прыродны запаведнік «Астравы Дулебы», які мае міжнароднае значэнне. Гэта ўнікальнае для Еўропы месца, дзе на тэрыторыі ў больш за 26 тысяч гектараў прырода захавалася ў першародным выглядзе!
Традыцыі і абрады краю, шэдэўры вуснай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, народныя майстры дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, якія ствараюць унікальныя вырабы ручной работы, прадстаўлены ў раздзеле «Традыцыі».
Вядома, што шарстабітна-валяльны промысел з’яўляецца даволі рэдкім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Своеасаблівая тэхналогія вырабу валёнак, шапакмагерак, рукавіц з воўны і ўмоўная мова «катрушніцкі лемезень» маюць свае праявы толькі на тэрыторыі Дрыбінскага раёна, дзе захаваліся шапавалы — патомныя майстры вальнай справы.
Раздзел «Культура» ўключае інфармацыю пра музеі, выставачныя залы, тэатры, фестывальны рух. Ён знаёміць з рэгіянальнымі святамі, што дазваляе прымеркаваць паездкі да наведвання канкрэтнага мерапрыемства, дзеля якога турысты адпраўляюцца ў падарожжа. Гэтыя звесткі даюць штуршок да развіцця падзейнага турызму, які накіраваны на атрыманне яркіх уражанняў, звязаных з падзеяй.
На старонцы Чавускага раёна расказваецца пра незвычайнае этнасвята «У госці да радзімічаў», якое праводзіцца ў жніўні на Замкавай гары ў Радамлі. Фестываль прысвечаны культуры і побыту ўсходнеславянскага племя радзімічаў, якія ў IX–XII стагоддзях рассяліліся па цячэнні ракі Сож і першымі засялілі чавускія землі.
Яркім відовішчам свята з’яўляецца тэатралізаваная праграма з прэзентацыяй побыту радзімічаў, песнямі, карагодамі, здабычай жывога агню і адроджаным абрадам «Турыцы». Тут выступаюць этнаграфічныя калектывы, праходзяць стылізаваны кірмаш з продажам вырабаў майстроў і рамеснікаў, майстар-класы па ганчарстве, ткацтве, кавальстве, кулінарнае свята з дэгустацыяй страў мясцовай традыцыйнай кухні.
Дапаўняюць рэсурс «Турыстычная карта Магілёўшчыны» тэматычныя відэаролікі пра славутыя мясціны, архітэктурныя помнікі і культавыя збудаванні, мемарыялы воінскай славы, этнаграфічныя святы, створаныя спецыялістамі бібліятэкі і размешчаныя на YouTube.
Кулінарныя традыцыі
Апошнім часам асаблівае развіццё набывае гастранамічны турызм, які знаёміць з застольным этыкетам рэгіёна, стравамі народнай кухні і спосабамі іх прыгатавання, прадметамі хатняга ўжытку.
Кулінарныя традыцыі Магілёўскай вобласці прадстаўляе база даных «Гастранамічны турызм» і ўключае інфармацыйны матэрыял, фотаздымкі, відэаматэрыялы, спісы літаратуры, якія знаёмяць з мясцовымі стравамі, асаблівасцямі іх прыгатавання, а таксама аўтэнтычнымі рэцэптамі, сабранымі ў старажылаў.
Даведачным матэрыялам для раздзела «Літаратурная гастраномія» паслужылі творы беларускіх пісьменнікаў і ўраджэнцаў Магілёўскай вобласці, у якіх згадваюцца нацыянальныя стравы беларусаў, прыводзяцца рэцэпты іх прыгатавання.
Рэсурсы базы «Гастранамічны турызм» даюць магчымасць далучыцца да прамысловага турызму і наведаць «Чырвоны харчавік» у Бабруйску, ААТ «Бабуліна крынка», «Магілёўскі мясакамбінат», «Булачна-кандытарскую кампанію «Дамачай», «Кампанію «МогНат» у Магілёве, якія выпускаюць харчовыя брэнды, што падабаюцца беларусам і жыхарам замежных краін.
Маляўнічыя куткі і незвычайныя месцы Магілёўшчыны прадстаўлены ў інтэрнэт-рэсурсах «Жыліцкі Версаль», «Турыстычная карта Магілёўшчыны», «Гастранамічны турызм», «Малая радзіма. Вёсачкі з вялікай гісторыяй», створаных спецыялістамі Магілёўскай абласной бібліятэкі. Гэтыя рэсурсы ў сучасную лічбавую эпоху своечасовыя і вельмі неабходныя для захавання гісторыка-культурнай спадчыны, паспяховага развіцця і прасоўвання турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.
Аўтарытэт спецыялістаў Магілёўскай абласной бібліятэкі ў галіне стварэння электронных рэсурсаў, прысвечаных тэме малой радзімы, пацверджаны на дзяржаўным узроўні: у 2021 годзе аўтарскі калектыў у складзе І. У. Малініна і Ю. А. Касцюк адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Наперадзе новыя праекты, якія будуць садзейнічаць прадстаўленню Магілёўскай вобласці ў віртуальным асяроддзі як цікавага і прывабнага рэгіёна Беларусі.
Галіна ДЗЯТЛАВА
Фота дасланы аўтарам
Батанічны сад «Іванаў хутар» у Краснапольскім раёне. І. З. Зотаў.
Палац Булгакаў у Жылічах. Кіраўскі раён.
Этнафестываль «У госці да радзімічаў» у Радамлі Чавускага раёна.
Старонка базы даных «Гастранамічны турызм».