У Інстытуце мовазнаўства з дапамогай нейрасетак распрацавалі аўдыякорпус, які дазваляе пераводзіць запісы народнай мовы ў тэкст. Аб гэтым у Міжнародны дзень роднай мовы расказаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Ігар Капылоў, перадае БелТА.
«Мы з дапамогай нейрасетак распрацавалі аўдыякорпус, які дазваляе пераводзіць гукавыя запісы мясцовай, народнай, дыялектнай гаворкі ў тэкставы фармат. На працягу дзесяцігоддзяў, пачынаючы з пасляваеннай пары і да сённяшняга дня вучоныя выязджалі ў розныя экспедыцыі ва ўсе рэгіёны Беларусі. Па выніках быў сабраны багаты аўдыяфонд, які патрабуе расшыфроўкі. Уручную зрабіць гэта вельмі складана, таму дапамагае ШІ», — сказаў Ігар Капылоў.
Ён дадаў, што аўдыякорпус быў створаны зусім нядаўна. Праект яшчэ не запушчаны шырока, цяпер ідзе апрабацыя.
Паводле слоў Ігара Капылова, ШІ таксама дапамагае расшыфраваць старыя друкаваныя кнігі, якія пісаліся з выкарыстаннем розных графічных сродкаў, бо гэта таксама цяжкая работа, якая займае шмат часу. Цяжкасці ўзнікаюць толькі з тэкстамі, сабранымі на Палессі, паколькі там даволі асаблівая гаворка.
Яшчэ ў мінулым годзе быў створаны сінтэзатар беларускага маўлення для тых, хто хоча атрымліваць інфармацыю на беларускай мове, карыстаючыся, напрыклад, банкаматам. Для людзей з дрэнным зрокам ён забяспечвае пераклад тэкставай інфармацыі ў гукавую.