Суд Петрыкаўскага раёна задаволіў іск пракурора аб спагнанні з замежнага грамадзяніна страты за незаконную здабычу зубра. Сума перавысіла 162 тысячы рублёў. Пра гэта паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гомельскай вобласці.
Усё здарылася яшчэ ў снежні 2015 года. Мужчына прыехаў на паляўнічы тур у Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Падчас загоннага палявання ён здабыў зубра. Вось толькі дазволу на гэтага звера ў яго не было: жывёла не значылася ў выдадзенай пуцёўцы.
Супраць паляўнічага распачалі крымінальную справу па ч. 4 арт. 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — незаконнае паляванне, якое пацягнула страту ў асабліва буйным памеры. У студзені 2016 года пракурор Петрыкаўскага раёна заявіў іск аб спагнанні з абвінавачанага на карысць нацпарка платы ў пяцікратным памеры кошту дазволу на здабычу зубра. Гэта прадугледжана п. 67 Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.12.2005 № 580. На той момант сума складала 80 тысяч еўра па курсе Нацбанка.
У красавіку 2017 года Генеральная пракуратура ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб прававой дапамозе і прававых адносінах накіравала крымінальную справу для далейшага расследавання ў Расійскую Федэрацыю. У 2020 годзе крымінальнае праследаванне ў дачыненні да паляўнічага спынілі ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці.
Паколькі страту мужчына так і не кампенсаваў, пракурор у 2021 годзе звярнуўся ў суд ужо ў рамках грамадзянскага судаводства. З улікам дэнамінацыі сума іска склала больш за 162 тысячы рублёў.
Адказчыку паведамілі належным чынам. Ён пісьмова заявіў, што з іскам не згодны, аднак у суд не з’явіўся. Вывучыўшы ўсе матэрыялы, суд Петрыкаўскага раёна задаволіў іск пракурора ў поўным аб’ёме. Акрамя таго, з адказчыка спагнана больш за 8,1 тысячы рублёў дзяржпошліны ў даход дзяржавы.
Рашэнне ў законную сілу не ўступіла.