Top.Mail.Ru

Расстройствы харчовых паводзін «маладзеюць»

Расстройствы харчовых паводзін — анарэксія і булімія — імкліва маладзеюць. Калі раней да ўрачоў звярталіся пераважна падлеткі, то цяпер з бацькамі прыходзяць дзесяці- і нават сямігадовыя дзяўчынкі.


Па словах галоўнага ўрача Цэнтра вывучэння расстройстваў харчовых паводзін, псіхіятра, псіхатэрапеўта Максіма Салагуба, РХП імкліва маладзеюць, перадае РІА «Новости».

«Напрыклад, за дзесяць гадоў у чатыры разы павялічылася колькасць пацыентаў з катэгорыі дванаццаць гадоў і маладзейшых, якія звярнуліся да нас у клініку. Самай юнай дзяўчынцы, якую да нас прывезлі з анарэксіяй, было сем гадоў», — прыводзіць уласную статыстыку эксперт. І дадае, што да падобных высноў прыйшлі і спецыялісты ў Іспаніі, Нарвегіі, Канадзе, дзе таксама вывучалі зніжэнне ўзросту дэбюту расстройстваў харчовых паводзін.

Псіхіятр лічыць, што «амаладжэнню» спрыяюць два фактары: па-першае, стала лепшай дыягностыка, адпаведна, пацыенты прыходзяць раней. Па-другое, з-за агульнай акселерацыі падлеткі хутчэй сутыкаюцца з індустрыяй пахудзення, якая зараз паўсюль.
МКБ-11 вылучае чатыры віды РХП: нервовая анарэксія, нервовая булімія, прыступападобнае пераяданне і пазбягальнае абмежавальнае расстройства прыёму ежы. Зрэшты, урач не завастрае на гэтай тыпізацыі ўвагу: у 70 працэнтаў пацыентак захворванне пераходзіць з адной формы ў іншую.

Апошнім часам з’явіліся некалькі новых падвідаў, напрыклад, артарэксія — фанатычнае імкненне ўжываць толькі «здаровую ежу». Жыццё такога чалавека ператвараецца ў штодзённы марафон, які складаецца з пошуку правільных прадуктаў і паходаў у спартзалу.

Пры гэтым псіхіятр падкрэслівае: заразіцца РХП, праглядаючы блогераў або седзячы ў тэматычных групах, нельга: «Ва ўсіх расстройстваў харчовых паводзін ёсць генетычная схільнасць».

Па словах эксперта, першыя прыкметы РХП у дзяцей блізкія не заўсёды заўважаюць.

«Дзіця пачынае хаваць сваё цела, перапытваць у блізкіх, ці не вельмі яно тоўстае. Захапляецца прыгатаваннем «правільнай» ежы. Акрамя таго, дзеці імкнуцца пазбягаць сумесных трапез. Раней яны з задавальненнем вячэралі з сям’ёй, весяліліся, абмяркоўвалі планы на наступны дзень. Раптам раз: «Дзякуй, я пасля паем», — тлумачыць псіхіятр.

Таксама бацькі могуць выявіць у туалеце сляды ваніт, упакоўкі ад таблетак — слабіцельных або мачагонных.

Але нават калі дыягназ устаноўлены, многія бацькі спрабуюць пазбегнуць шпіталізацыі. Думаюць, справяцца дома. Урач пералічвае выпадкі, калі без стацыянара не абысціся:
«У амбулаторным рэжыме немагчыма дапамагчы чалавеку, у якога індэкс масы цела менш за семнаццаць. Або, напрыклад, хуткая страта вагі — больш за дзесяць кілаграмаў за два месяцы. Таксама ў абавязковым парадку патрэбная шпіталізацыя пры брадыкардыі, у выпадку, калі дзіця злоўжывала слабіцельнымі, мачагоннымі».


Каб распазнаць захворванне, трэба звяртаць увагу на змены ў паводзінах, а не толькі на вагу, павінна насцярожыць рэзкае змяненне харчовых звычак, адзначае загадчык кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Сечанаўскага ўніверсітэта Марына Кінкуль.

«Сёння мы ўсё часцей дыягнастуем атыповую нервовую анарэксію. Пры гэтым расстройстве ў чалавека прысутнічаюць усе прыкметы анарэксіі, уключаючы скажонае ўспрыманне цела, панічны страх паправіцца і жорсткія абмежаванні ў ежы, — але пры гэтым вага застаецца ў норме ці нават перавышае яе», — паведаміла ўрач.

«Павінна насцярожыць рэзкая змена харчовых звычак — адмова ад раней любімых прадуктаў, асабліва вугляводаў і тлушчаў, частыя ўзважванні, празмерныя фізічныя нагрузкі і розныя рытуалы вакол ежы», — адзначыла прадстаўнік Сечанаўскага ўніверсітэта.
Акрамя таго, чалавек таксама імкнецца ўсімі сіламі пазбягаць сумесных прыёмаў ежы, можа гатаваць і частаваць іншых, але сам пры гэтым не есці.

Якія перадумовы развіцця хваробы? Ёсць тры групы прычын. Пад біялагічнымі разумеюць спадчынную абцяжаранасць — верагоднасць узнікнення анарэксіі ўзрастае ў тых сем’ях, дзе хтосьці пакутаваў афектыўнымі расстройствамі або нейкай залежнасцю. Пад сацыяльнымі разумеюць навязаныя грамадствам стандарты прыгажосці, рэкламу здаровага ладу жыцця, сувязь худзізны з поспехам. На жаль, поспех і дасягненні, а не цеплыня, утульнасць, любоў, становяцца дэвізам і ў многіх сучасных сем’ях. Да псіхалагічных фактараў адносяць асаблівасці асобы: праславуты перфекцыянізм, сіндром выдатніцы, імкненне да поспеху без апоры на ўласныя здольнасці, магчымасці і абмежаванні. Але ўсё гэта перадумовы. А вось да стрэсавых фактараў, якія запускаюць хваробу, адносяць падлеткавы ўзрост і разрыў значных адносін: развод бацькоў, няўдалае каханне, часам смерць жывёлы, да якой была сфарміравана прыхільнасць.

Чым небяспечная анарэксія? Хвароба закранае і псіхіку, і цела. Адзначаюцца замкнёнасць, адасоблены лад жыцця, дэпрэсіўныя і абсесіўна-кампульсіўныя парушэнні. Могуць далучацца тыя ці іншыя віды залежнасці, алкагольная ў тым ліку. Што датычыцца фізічнага стану, то няма ніводнага органа, які не закранаўся б у працэсе знясілення: сэрца, сасуды, страўнікава-кішачны тракт, рэпрадуктыўная сістэма. 

Урачы заклікаюць: не трэба самастойна спрабаваць справіцца з анарэксіяй або буліміяй. Гэта не звычка, не выбар дзіцяці, а каварная хвароба.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю