Top.Mail.Ru

Растоўскі абласны музей краязнаўства прадстаўляе археалагічныя скарбы Дону ў Мінску

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашае на часовую экспазіцыю «Качэўнікі данскіх стэпаў. На стыку дзвюх цывілізацый» са збору Растоўскага абласнога музея краязнаўства. Праект прысвечаны культуры качавых народаў Еўразіі — скіфаў і сарматаў, якія жылі ў раннім жалезным веку на вялізнай тэрыторыі ад Кітая да Паўночнага Прычарнамор’я.



Растоўскі абласны музей краязнаўства — адзін з найбуйнейшых навукова-асветніцкіх цэнтраў поўдня Расіі. На працягу 115 гадоў установа збірае і даследуе новыя калекцыі, стварае і адкрывае новыя экспазіцыі, захоўваючы ў музейных летапісах багатую гісторыю Данскога краю. Дон багаты на помнікі археалогіі. Тут актыўна вядуцца раскопкі, даследуюцца шматлікія стаянкі, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі і інш. Сёння збор Растоўскага абласнога музея краязнаўства налічвае звыш 380 тысяч музейных прадметаў. Аснову фонду складаюць археалагічныя калекцыі — больш за 200 тысяч адзінак захоўвання, храналагічны дыяпазон якіх ахоплівае вялікі гістарычны перыяд: ад эпохі палеаліту да перыяду позняга сярэднявечча. 

14_29_В.jpg

Абіўка гарыта са сцэнамі з жыцця Ахіла

На выстаўцы «Качэўнікі данскіх стэпаў. На стыку дзвюх цывілізацый» прадстаўлена звыш 550 прадметаў скіфа-сармацкага часу, выкананых з бронзы, жалеза, шкла, самацветных камянёў, костак і керамікі. Гэтыя рэчы знойдзены падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Данскога краю. Сярод экспанатаў — унікальныя вырабы, знойдзеныя ў сусветна вядомых археалагічных помніках — Лізавецінскім гарадзішчы і Танаісе, якія ў розны час былі галоўнымі гандлёвымі цэнтрамі грэкаў і варвараў у Падонні-Прыазоўі. Дзякуючы гэтым бясцэнным экспанатам наведвальнікі пазнаёмяцца з маштабнай гістарычнай спадчынай Данскога краю, прасочаць жыццёвы шлях срэднестастыстычнага качэўніка.

Асаблівае месца ў жыцці качавых народаў займаў конь. У эспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты — збруі баявых коней, сярод якіх два наборы бронзавых прадметаў канца VIII — пачатку VII ст. да нашай эры. Таксама тут можна ўбачыць рэканструкцыю конскай збруі, выкананай у бронзе (IV ст. да н. э.).

Як для ўсіх народаў старажытнай эпохі, вайна мела вялікае значэнне для скіфаў і сарматаў. Ваенная справа была асноўным заняткам, што быў не толькі крыніцай узбагачэння, але і ўвасабленнем маральнай і фізічнай сілы чалавека. У суровых умовах качавання зброяй павінны былі валодаць усе дарослыя прадстаўнікі племя — і мужчыны, і жанчыны. На выстаўцы дэманструецца багатая калекцыя воінскага ўзбраення, знойдзенага падчас раскопак у мужчынскіх і жаночых пахаваннях. Тут можна ўбачыць мячы, коп’і, наканечнікі стрэл, шлемы і інш. Асаблівую цікавасць уяўляе рэдкая бронзавая пласціна IV ст. да н. э., на якой адлюстравана амазонамахія — сцэна бітвы жанчын-амазонак з грэкамі. Таксама пра культ пакланення святой жанчыне ў сарматаў сведчыць каштоўная антрапаморфная статуэтка ІІ—І ст. ст. да н. э., выразанная з мелу.

Параднае адзенне качэўнікаў данскіх стэпаў прадстаўлена рэканструкцыяй галаўнога ўбора і адзення скіфскага цара, а таксама гальванакопіямі залатой абіўкі гарыта — футляра для лука і стрэл — са сцэнамі з жыцця старажытнагрэчаскага героя Ахіла і залатой абіўкі ножнаў мяча з рэльефнымі выявамі сцэн бітваў грэчаскіх воінаў і качэўнікаў. Гэтыя прадметы былі знойдзены ў 1959 годзе ў кургане № 8 групы «Пяць братоў» некропаля найбуйнейшага помніка скіфскага часу на Ніжнім Доне — Лізавецінскага гарадзішча. Менавіта тут было адкрыта адно з найбагацейшых скіфскіх царскіх пахаванняў на поўдні Расіі.

14_29_А.jpg

Тэракотавая статуэтка. Кібела

14_29_Б.jpg

Гіра з выявай бюста багіні Афіны

На выстаўцы шырока прадстаўлены прадметы побытавага прызначэння і рознага кшталту ўпрыгажэнні: каралі, напарсткі, завушніцы, бранзалеты, люстэркі і інш. Аб кантактах скіфаў і сарматаў з грэчаскай спадчынай прычарнаморскіх стэпаў сведчаць унікальныя па сваё

й захаванасці бронзавыя і тэракотавыя статуэткі багоў і ўзоры дарагой антычнай керамікі. 

Выстаўка «Качэўнікі данскіх стэпаў. На стыку дзвюх цывілізацый» — гэта добрая магчымасць дакрануцца да вялікай спадчыны скіфа-сармацкага свету, прасачыць традыцыі народаў, якія ўжо даўно сышлі з гістарычнай сцэны, і прайсці па сцежках старажытных стэпаў.

Праект працуе да 5 кастрычніка.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю