Кіраўнік ААТ «Ляснянскі Агра» Анатоль Камароў ацэньвае сёлетні ўраджай збожжавых на «выдатна». Летась непагадзь палажыла шмат пасеваў, а вось цяпер пакуль усё добра — нядаўняя бура абышла раён бокам. На днях тут прыступілі да ўборкі аўса, ураджайнасць якога складае 40 ц/га. Надвор’е між тым няўстойлівае, трэба спяшацца сабраць збожжа. Аграрый прызнаецца, што вельмі дапамагаюць гаспадарцы памочнікі, якія стала ў гаспадарцы не працуюць. Сярод іх — і ратавальнік-кіроўца Станіслаў Сомаў.
Сам Станіслаў родам з аграгарадка Лясная, у старшых класах летам падпрацоўваў у калгасе «Жалезінскі АГРА». Жыццё вырашыў звязаць з вёскай па прыкладзе бацькоў, якія працавалі ў гаспадарцы: бацька слесарам, а маці жывёлаводам. А вось іх сына больш цягнула да тэхнікі. Пасля школы пайшоў вучыцца ў ліцэй, дзе атрымаў адразу некалькі спецыяльнасцяў: трактарыст-машыніст катэгорыі С, муляр і слесар. Усе веды і навыкі вельмі ў жыцці спатрэбіліся. Пасля заканчэння малады хлопец працаваў у калгасе спачатку на трактары, а калі перасеў на камбайн, іншая тэхніка стала ўжо нецікавая.
Так склаліся абставіны, што Станіслаў ажаніўся і пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў райцэнтр. Цяпер ён кіроўца аўтацыстэрны ў ПАВЧ № 1 Слаўгарадскага РАНС. Расказвае, што падчас уборачнай часта з таварышамі па службе выязджае ў поле на дзяжурства, каб прадухіліць надзвычайныя сітуацыі. Сёлета тэхніцы ў полі не дае шчыраваць дажджлівае надвор’е. Аднак расслабляцца нельга. У аўтацыстэрне Станіслава заўсёды больш за дзве тоны вады. Дастаткова, каб утаймаваць вогненную стыхію.
Дарэчы, ён сам адзначае, што за час работы ў сістэме МНС яшчэ больш сябе дысцыплінаваў і загартаваў і сёння за штурвал камбайна «Палессе КЗС-1218» садзіцца з яшчэ большай адказнасцю. Тэхніка бяспекі заўсёды ў яго на першым плане. І таварышам па жніве раіць не грэбаваць гэтымі правіламі. Павінны быць вогнетушыцель, а на камбайн лепш два або тры, аптэчка.
І пра цыгарэты трэба забыць, на полі такая звычка можа прывесці да непрыемных наступстваў.
Гэта лета чацвёртае, калі Станіслаў сумяшчае абавязкі ратавальніка і механізатара.
— У панядзелак ужо спрабавалі жаць авёс, — дзеліцца ён навіной. — Ураджай добры, палегліцы амаль няма. Будзе прасцей працаваць.
Успамінае, што цяжкасцяў у калгаснай рабоце хапае. Калісьці выязджаў з іншымі таварышамі па жніве ў Горацкі раён дапамагаць. Кожны дзень тэхніка гразла, адзін аднаго не паспявалі выцягваць.
Графік работы ў ПАВЧ зручны — суткі праз двое. Гэта дазваляе і адпачыць пасля працоўнай змены, і папрацаваць у калгасе. А калі жніво ў разгары, Станіслаў бярэ адпачынак і ўвесь час прысвячае працы ў полі. Упэўнены, што калі не ленавацца, то можна нядрэнна падзарабіць. Для маладой сям’і, у якой выхоўваецца двухгадовы малы, гэта добрая падтрымка. Малады бацька кажа, што, калі яго сын Яраслаў падрасце, таксама навучыць яго ўсім сакрэтам мужчынскай работы. Гэта вельмі важна, бо менавіта мужчына павінен забяспечваць сям’ю і не баяцца ніякай працы.
Суразмоўнік прызнаецца, што ў полі яму падабаецца. Яму не цяжка ўстаць, лічы, разам з сонейкам, прыехаць на мехдвор, агледзець камбайн, пачысціць яго, заправіць. Калі здараюцца паломкі, ён сам рамантуе. З калгаснай тэхнікай ратавальнік на «ты».
— Мой камбайн ужо «ва ўзросце», але мы з ім адзін аднаго разумеем, — жартуе суразмоўнік. — Вялікі плюс, што ёсць кандыцыянер. Цэлы дзень на спякоце цяжка было б вытрымаць. Новыя ж камбайны, канешне, больш дасканалыя. Там і з кіраваннем лягчэй, і бункер большы.
Асабісты рэкорд Станіслава па намалоце 950 тон. Але ён не выключае, што сёлета зможа яго пабіць.
— Праца нялёгкая: пыл, бруд, у полі ад світання да змяркання, — кажа ратавальнік. — Але сёння вельмі важна дапамагаць калгасам. У гэтай жа гаспадарцы, дзе я задзейнічаны, падпрацоўвае яшчэ і настаўнік фізкультуры. Дадатковыя працоўныя рукі на жніве вельмі патрэбныя. Было б добра, каб і моладзь убаку не заставалася, актыўней прапаноўвала сваю дапамогу. Не трэба саромецца, трэба працаваць.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
* * *
Па словах афіцыйнага прадстаўніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Інэсы Ялфімавай, на 29 ліпеня ва ўборачнай кампаніі былі задзейнічаны 48 работнікаў МНС Магілёўскай вобласці і 24 адзінкі тэхнікі. Яшчэ 22 работнікі МНС працуюць камбайнерамі і памочнікамі камбайнераў у вольны ад нясення службы час. Усяго па краіне аграрыям дапамагаюць 212 ратавальнікаў.
Паводле аператыўных даных на 30 ліпеня, намалочана 1,75 мільёна тон збожжа. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Мінсельгасхарча.
Збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) убраны з 21 працэнта плошчы, што складае 411 тысяч гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць вышэйшая за папярэдні год на 8,7 цэнтнера з гектара.
У Брэсцкай вобласці намалацілі 467 тысяч тон, Гродзенскай — 437 тыс. т, Мінскай — 402 тыс. т, Гомельскай — 211 тыс. т, Магілёўскай — 152 тыс. т, Віцебскай — 81 тыс. т.
Азімы ячмень убраны на 94 працэнтах плошчы, азімы рапс на зерне — на 160 тыс. га (42 працэнты палеткаў). Намалочана 917 тысяч тон азімага ячменю ўраджайнасцю каля 40 цэнтнераў з гектара, што таксама вышэй за мінулагодні на 7,6 ц/га, а таксама 338 тыс. т рапсу.
Выцераблена лёну на 16 тыс. га, што складае амаль 34 працэнты запланаванай плошчы. Скошана траў другога ўкосу на плошчы 784 тыс. га (73 працэнты плана), нарыхтавана сена 278 тыс. т (амаль 39 працэнтаў плана), сенажу —
10,8 млн т (77 працэнтаў плана), у тым ліку ў палімернай упакоўцы 295 тыс. т. Травяных кармоў нарыхтавана 3 млн 266 тыс. т — 32 працэнты да плана.