З узмацненнем халадоў павялічваецца колькасць пажараў у жылым сектары. Сярод асноўных прычын — неасцярожнае абыходжанне з агнём і парушэнне правілаў устройства і эксплуатацыі пячнога ацяплення, а таксама газавых пліт і балонаў са звадкаваным газам.
У гэтай сітуацыі ратавальнікі розных рэгіёнаў краіны сумесна з зацікаўленымі суб’ектамі зноў накіраваліся ў рэйды з прафілактычнымі мэтамі.
Тым часам працягваюць паступаць зводкі аб пажарах у жылых дамах грамадзян у розных рэгіёнах. Напрыклад, ратавальнікам паведамілі аб пажары ў кватэры на вуліцы Савецкай у горадзе Бярозе. Падраздзяленні МНС аператыўна прыбылі да месца выкліку.
— Знайшлі задымленне ў пад’ездзе, з кватэры на першым паверсе пяціпавярховага жылога дома ішоў дым, — падзяліўся ратавальнік Уладзіслаў Сахашчык. — Падчас разведкі я і калега Станіслаў Раманюк знайшлі жанчыну. Вынеслі яе на свежае паветра і перадалі работнікам хуткай медыцынскай дапамогі. Гаспадыню кватэры 1951 года нараджэння шпіталізавалі ва ўстанову аховы здароўя.
Паступіў сігнал аб пажары ў жылым доме (выкарыстоўваецца пад дачу) у вёсцы Табулкі Пінскага раёна, які належыць пенсіянеру 1947 года нараджэння. У вогненнай пастцы знойдзены загінулы сын гаспадара 1973 года нараджэння. Прычыны пажару і гібелі чалавека ўстанаўліваюцца. Да здарэння таксама магло прывесці неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
І такіх паведамленняў многа ў зводках МНС. На жаль, нягледзячы на ўсе папярэджанні, агонь працягвае рабіць сваю чорную справу. Каб папярэдзіць вогненныя здарэнні і не стаць іх ахвярамі, нагадваюць спецыялісты, неабходна строга выконваць правілы пажарнай бяспекі: не курыць у ложку, не выкідваць непатушаныя запалкі і цыгарэты; сачыць за спраўнасцю электраправодкі, выконваць правілы эксплуатацыі газавага абсталявання і пячнога ацяплення. Трэба ўстанавіць у домаўладаннях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, здольныя на ранняй стадыі папярэдзіць бяду.