Top.Mail.Ru

Ратаваць можна па-рознаму. У тым ліку — думаць рацыянальна ў той момант, калі свет вакол вось-вось упадзе

Псіхалогія выратавання

З гранямі чалавечых эмоцый працуе Юлія АНЦІПАВА, старшы інспектар-псіхолаг Цэнтра крызіснай псіхалагічнай дапамогі Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Аб тым, як не зламацца самому і дапамагчы выстаяць іншым, спецыяліст расказала нашым карэспандэнтам.

Стабілізаваць «тут» і «цяпер»

У прафесію Юлія трапіла невыпадкова: бацька прысвяціў службе ў МНС усё жыццё, маці і бабуля гераіні таксама былі з ёй звязаныя. А на апошнім курсе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова дзяўчына сама праходзіла пераддыпломную практыку ў псіхалагічнай службе абласнога ўпраўлення МНС. І вось тады, па словах Юліі, усё і супала: атмасфера, людзі, сэнс. «Прызнаюся шчыра: менавіта там, у жывых умовах, я ўпершыню па-сапраўднаму зразумела, куды жадаю ісці, у якой сферы працаваць. Але адразу трапіць у МНС не атрымалася — год я прапрацавала ў школе, набіралася досведу, а як толькі вызвалілася пасада псіхолага ва ўпраўленні, прыйшла сюды і засталася».

Сёння за яе плячыма — дзевяць гадоў у прафесіі псіхолага. З іх сем — у сістэме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, але была і цывільная пасада. У чым жа іх розніца? «Звычайны псіхолаг часцей за ўсё працуе ў кабінеце, у цішыні і спакойным становішчы, можа планаваць доўгую тэрапію і весці кліента месяцамі. У нас усё інакш. Мы выязджаем на крызісныя сітуацыі ў любы час дня і ночы. Наша „прыёмная“ — гэта месца, дзе толькі што здарылася бяда, а праца — з людзьмі, якія знаходзяцца ў вострым горы, — тлумачыць Юлія. — Таму амаль няма часу на доўгія размовы. Задача вузкая, але вельмі важная: стабілізаваць „тут“ і „цяпер“, не дапусціць у чалавека некіраванага стану, дапамагчы яму перажыць падзею, што прывяла да траўмы».

Дапамога для кожнага

А яшчэ — выйсці з вострага стрэсу, істэрыкі, ступару або агрэсіі і вярнуць здольнасць думаць рацыянальна, захаваць сябе ў надзвычайнай сітуацыі. Дарэчы, такія, паводле слоў Юліі Анціпавай, здараюцца рэгулярна. Зімой — пажары, летам — гібель на вадзе... Найбольш выклікаў спецыялістаў Цэнтра крызіснай псіхалагічнай дапамогі прыпадае, на жаль, на выпадкі дзіцячай гібелі. Падобнае не можа пакідаць абыякавым ніводнага нармальнага чалавека, і псіхолаг — не выключэнне.



З гібеллю дзіцяці быў звязаны і самы першы выклік на НС нашай гераіні. Тады яна была спецыялістам-пачаткоўцам: алгарытмы работы ведала, але толькі ў тэорыі, а сапраўднай, «палявой» практыкі яшчэ не было. Але побач з вопытным настаўнікам, з якім і паехала на свой першы выклік, адчувала сябе, вядома, больш упэўнена — гэта дапамагло ўсё ж такі засяродзіцца на справе, а не на ўласным хваляванні: «Дзяўчынка-падлетак тады патанула ў возеры. На месца прыбылі яе мама і старэйшы брат, — успамінае суразмоўніца. — Кажуць, быццам з часам эмацыянальная памяць сціраецца. Няпраўда. Кожная сітуацыя асаблівая і пакідае ўнутры свой след. Проста з часам вучышся з гэтым следам жыць, не даючы разбурыць сябе».

Таму на сістэмнай аснове вядзецца работа і з самімі ратавальнікамі. Яна ўключае два ключавыя кірункі. Першы — гэта планавая прафілактыка: рэгулярныя інфармацыйныя мерапрыемствы, псіхалагічная дыягностыка і навучанне тэхнікам самарэгуляцыі. Другі кірунак заключаецца ў рабоце пасля ліквідацыі надзвычайных сітуацый, калі спецыялісты старанна адсочваюць прыкметы назапашвання стрэсу ў супрацоўнікаў МНС. А для больш глыбокага аднаўлення ў Цэнтры крызіснай псіхалагічнай дапамогі Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» ёсць сучаснае абсталяванне для псіхалагічнай рэабілітацыі і рэлаксацыі. Сюды, паводле слоў Юліі Анціпавай, з гэтай мэтай можа прыехаць любы супрацоўнік ведамства.

І іншым дапамагчы, і сабе не нашкодзіць

Вядома, у такой складанай — у першую чаргу, псіхалагічна — прафесіі трэба ўмець балансаваць паміж эмпатыяй і рацыянальнасцю. Выконваць сваю работу якасна Юліі Анціпавай дазваляе халодны прафесіяналізм. Але ў сітуацыях, калі любое неасцярожнае слова можа пагоршыць траўматызацыю, важныя таксама развітыя камунікатыўныя навыкі, здольнасць устанаўліваць даверны кантакт, счытваць невербальныя сігналы: «У крызіснай сітуацыі звыклыя схемы і пратаколы могуць не працаваць, і спецыялісту неабходна хутка пераключацца паміж задачамі, перабудоўваць тактыку, знаходзіць нестандартныя рашэнні ва ўмовах дэфіцыту часу і інфармацыі», — падкрэсліла суразмоўніца.


І куды тут без стрэсаўстойлівасці — без гэтага рэсурсу спецыяліст сам рызыкуе перайсці ў стан вострай стрэсавай рэакцыі. Але і яго кожны псіхолаг МНС павінен ведаць, як перажываць: «Стрэс я перажываю простымі зямнымі спосабамі: прагулкі, спорт, кнігі, добрае кіно і, вядома, час з блізкімі і сям’ёй», — падзялілася Юлія Анціпава. І з цеплынёй заўважыла: ратуе і дух таварыства. З часам калегі становяцца амаль што другой сям’ёй, гатовай заўсёды прыйсці на дапамогу і падтрымаць у цяжкую хвіліну.

Галоўнае — быць побач

Дарэчы, як адзначыла спецыяліст, для кожнай, нават самай вострай, стрэсавай рэакцыі існуе свой набор прыёмаў, які дазваляе затармазіць яе развіццё і стабілізаваць стан чалавека. Але ёсць і агульныя (і вельмі папулярныя) фразы, якія насамрэч у крытычны момант нельга выкарыстоўваць. «Не плач», «усё будзе добра», «вазьмі сябе ў рукі» — усё гэта заезджаныя шаблоны, — растлумачыла псіхолаг. — Яны не выклікаюць эмацыянальнага водгуку, абясцэньваюць перажыванні, і таму чалавек іх проста не чуе».

Да таго ж прагназаваць далейшы лёс пацярпелага складана, а даваць ілжывых спадзяванняў нельга. Замест гэтага псіхолаг МНС павінен зрабіць максімум магчымага, каб дапамагчы чалавеку «ў моманце»: «Універсальных фраз не існуе. Галоўнае — быць побач і дапамагаць на ўзроўні базавых патрэб: прынесці вады, дазволіць выплакацца або выказацца, — падкрэсліла Юлія Анціпава. — Усё будуецца на эмпатыі і гнуткай рэакцыі „ў моманце“, разуменні, што трэба чалавеку прама цяпер. Кагосьці важна пакінуць аднаго — і тады задача знайсці месца, дзе чалавек зможа пабыць у цішыні. Іншым, наадварот, патрабуецца прагаворваць эмоцыі і падзеі, і тады наша задача — слухаць».


Нельга таксама падганяць і патрабаваць супакоіцца. Па словах спецыяліста, чалавек пачуе гэта як «цябе не разумеюць, ты нязручны, замоўкні». «Часам наймацнейшая фраза — гэта „Я тут, ты не адзін“, — тлумачыць Юлія. — Але хацелася б, каб сітуацыі, калі даводзіцца яе выкарыстоўваць, былі як мага радзей».

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю