Top.Mail.Ru
60

Разам з цяплом актывізуюцца кляшчы. Эпідэміёлаг — аб правілах бяспекі і самых «неспрыяльных» рэгіёнах

Сезон актыўнасці эксодавых кляшчоў стартуе з надыходам цяпла, як правіла, калі тэмпература дасягае плюс 5 °С.

Аднак у нашай краіне ёсць тэрыторыі, дзе іх актыўнасць доўжыцца круглы год — гэта раёны ў Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Ужо ў студзені, нягледзячы на снежную і марозную зіму, назіраліся два выпадкі ўкусу кляшчамі — у Брэсцкай і Магілёўскай абласцях. У лютым укусаў не рэгістравалася. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, што снег і моцныя маразы негатыўна адаб’юцца на кляшчах, яны выдатна зімуюць пад снежным покрывам, а з прыходам станоўчых тэмператур выходзяць наверх. Нагадваем асноўныя правілы прафілактыкі захворванняў, якія перадаюцца з укусамі гэтых павукападобных.

Штогод у арганізацыі аховы здароўя з нагоды ўкусаў кляшчоў звяртаецца каля 30 тысяч чалавек — як дарослыя, так і дзеці. Найбольшая колькасць зваротаў, як правіла, ад жыхароў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, а таксама жыхароў сталіцы, якія актыўна адпачываюць на прыродзе ці прысядзібных участках.

Як паведаміла загадчык супрацьэпідэмічным аддзяленнем Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Улада ЗАПОЛЬСКАЯ, 70 % нападаў адбываецца ў лясной зоне, сельскай мясцовасці ці на прысядзібных участках, каля 15 % — у горадзе або ў лесапаркавых зонах адпачынку. Клешч можа ўкусіць нават дома, калі яго з прагулкі прынёс гадаванец або вы самі, напрыклад, з букетаў палявых кветак.

  • Для прафілактыкі заражэння клешчавым энцэфалітам у зонах адпачынку трэба імкнуцца апранаць закрытае светлае адзенне, пакрываць галаву хусткай ці іншым галаўным уборам. Падчас прагулак, збору грыбоў і ягад, палявання варта актыўна выкарыстоўваць рэпеленты: наносіць у адпаведнасці з інструкцыяй, у тым ліку выкарыстоўваць рэпеленты для жывёл. Пасля вяртання дадому неабходна агледзець адзенне і цела. Пасля наведвання лесу абавязкова рэкамендуецца здымаць адзенне і прымаць душ.

Клешчавы энцэфаліт можа перадавацца і праз малако коз. Такія выпадкі рэгіструюцца штогод, таму малако трэба кіпяціць, малочныя вырабы і тварог павінны праходзіць дастатковую тэрмічную апрацоўку. Прысядзібны ці дачны ўчастак трэба добраўпарадкаваць: касіць траву, зразаць дробны хмызняк, прыбіраць смецце, не ўладкоўваць звалак. Не лішнім будзе праводзіць акарыцыдныя апрацоўкі не радзей двух разоў у сезон з дапамогай спецыяльных сродкаў.

Калі сустрэчы з кляшчом пазбегнуць не ўдалося, яго неабходна неадкладна выдаліць. Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная прылада прамысловай вытворчасці. Можна скарыстацца вострым пінцэтам або ніткай. Калі вы сумняваецеся, што зможаце самастойна выдаліць яго цалкам, то лепш звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў найбліжэйшую арганізацыю аховы здароўя. Пасля абавязкова трэба апрацаваць месца ўкусу альбо спіртам, альбо спіртазмяшчальнай вадкасцю ці скурным антысептыкам.

Пры гэтым нават нягледзячы на тое, што вы выдалілі кляшча самастойна, у хуткім часе трэба звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства ці па месцы размяшчэння, каб вам прызначылі прафілактычныя прэпараты. Пажадана гэта зрабіць у першыя 72 гадзіны ад моманту ўкусу.

Больш эфектыўным метадам прафілактыкі заражэння клешчавым энцэфалітам з’яўляецца вакцынацыя. Цяпер у арсенале арганізацый аховы здароўя ёсць поўны спектр вакцын — прэпаратаў як для дзяцей, так і дарослых, якімі можна зрабіць прышчэпку супраць клешчавога энцэфаліту. На бясплатнай аснове такія прафілактычныя прышчэпкі праводзяцца толькі пэўным групам рызыкі. Усе астатнія ахвотныя могуць вакцынавацца за кошт уласных сродкаў.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю