Top.Mail.Ru

Размова з чалавекам, якому Герой Савецкага Саюза, першы ў свеце касманаўт Гагарын быў проста дзядзька Юра

Наталля Гагарына — родная пляменніца чалавека, які здзейсніў першы ў гісторыі чалавецтва касмічны палёт на караблі «Усход-1». Нарадзілася жанчына ў горадзе Гагарын, які да 1968 года насіў назву Гжацк. Скончыўшы школу, Наталля разам з сяброўкамі вырашыла пераехаць у Мінск. Паступіла ў тагачасны Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, а пасля 20 гадоў прысвяціла працы ў розных установах адукацыі. Чаму вырашыла працягнуць справу ў памяць аб дзядзьку Юру і які яго наказ памятае дагэтуль — у нашым эксклюзіўным матэрыяле, які атрымалася зрабіць акурат да 65-годдзя першага палёту чалавека ў космас.


«Маёй марай было працаваць у сферы турызму, — прызнаецца Наталля Барысаўна. — І яна здзейснілася. Я добра ведала французскую мову, мяне запрашалі працаваць перакладчыкам. Так я прыйшла ў турызм, але не ў звычайны, а культурна-адукацыйны. Праз даволі працяглы час мы з сяброўкай заснавалі невялікую турыстычную фірму, якая займалася арганізацыяй унікальных аўтарскіх праграм. У 2019 годзе здарылася пандэмія, мы гэтую дзейнасць спынілі».

Большая частка жыцця жанчыны прайшла ў Мінску. «Члены сям’і многія засталіся ў Гагарыне, мама там, а ў Беларусі сябры, тут нарадзіліся мае дзеці, — дзеліцца суразмоўніца. — Калі шчыра, да цікавасці космасам мяне падштурхнуў народны мастак Беларусі Іван Якімавіч Міско — тэма яго творчасці непасрэдна звязана з космасам. Ён мне сказаў у той перыяд „зацішша“, калі спыніла былую дзейнасць: „Наташа, а што ты тут робіш? Ты павінна ехаць на Радзіму і захоўваць памяць аб сваім родным чалавеку. Старэйшае пакаленне сыходзіць“. Я пагадзілася з ім, сапраўды, утварылася нейкая паўза. Таму я і з’ехала ў Гагарын. Там стала супрацоўнічаць з Аб’яднаным мемарыяльным музеем-запаведнікам Юрыя Аляксеевіча Гагарына».

А Беларусь усё роўна не адпускала, расказвае Наталля Барысаўна. «Я жыла ад дома да дома, — кажа жанчына. — У Гагарыне я курыравала міжнародныя праекты, звязаныя з захаваннем памяці пра дзядзьку. За тры з паловай гады, якія я пражыла ў сябе на радзіме, мы зрабілі з Беларуссю больш за 15 сумесных, вельмі сур’ёзных праектаў. Напрыклад, арганізавалі міжнародную выстаўку „Космас І. Я. Міско“ у Гагарыне, у Мінску прайшоў першы расійска-беларускі Музейны форум, які стартаваў з выстаўкі экспанатаў з Аб’яднанага мемарыяльнага музея-запаведніка Юрыя Гагарына ў Мінскай мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, быў прадстаўлены і шэраг іншых годных праектаў».


Начальнік Мінскага аэраклуба ДТСААФ імя двойчы Героя Савецкага Саюза С. І. Грыцаўца Мікалай Мачанскі некалькі гадоў таму патэлефанаваў Наталлі Барысаўне і запрасіў на працу, дзеліцца жанчына: «Я спачатку не пагадзілася, таму што пераехала жыць у Гагарын. А ён сказаў, што я змагу аб’яднаць работу, якой займаюся, паміж дзвюма краінамі. У выніку дала станоўчы адказ».

Старэйшае пакаленне Гагарына, расказвае жанчына, ужо сышло. «Наш галоўны корань — мая бабуля, мама майго бацькі і Юрыя Аляксеевіча — Ганна Цімафееўна Гагарына пайшла з жыцця ў 1984 годзе. Калі яна жыла, уся наша вялікая сям’я, раскіданая па розных гарадах і краінах, аб’ядноўвалася ў яе доме. Яшчэ раней памёр любімы дзядуля — Аляксей Іванавіч Гагарын. Ён быў чалавекам малапісьменным, але рукамі ўмеў рабіць усё, нават мэблю, якая захавалася дагэтуль. Ён выдатна іграў на гармоніку, таму заўсёды ў нашай сям’і гучала песня... Іх ужо няма. Няма ў жывых ужо старэйшага брата і сястры майго бацькі Барыса і дзядзькі Юры. Самая старэйшая, што засталася, — мая стрыечная сястра, хрэсніца Юрыя Гагарына — Тамара Дзмітрыеўна Філатава. Яна працуе саветнікам генеральнага дырэктара Музея-запаведніка Юрыя Гагарына. Усё яе жыццё звязана з музейнай дзейнасцю... У Гагарыне жывуць тры мае стрыечныя сястры — дочкі старэйшага брата майго таты Валянціна — Галя, Люда і Валя».


З успамінаў...

«Захавалася некалькі маіх асабістых успамінаў пра Юрыя Аляксеевіча, — расказвае Наталля Барысаўна. — Адно з іх — наша апошняя сустрэча. Мне было няпоўных шэсць гадоў, калі ён пайшоў з жыцця, але гэта такі ўзрост, калі сябе памятаеш. У свой апошні прыезд дзядзька Юра стаяў, прыхінуўшыся да праёму каля дзвярэй. Мы спявалі песню „Я люблю тебя, жизнь“ — адну з яго любімых песень. А ён вельмі не хацеў з’язджаць. Заплюшчваючы вочы, я памятаю яго голас, сілуэт».

Аднойчы Юрый Аляксеевіч сказаў сваёй пляменніцы фразу, якую Наталля Барысаўна запомніла на ўсё жыццё. «Я, як і многія дзеці, дрэнна ела ў свой час, — дзеліцца ўспамінамі жанчына. — У адну з нашых сустрэч ён паглядзеў на мой жывоцік і сказаў, што трэба есці больш. Я сказала, што не магу. Ён у адказ: «Няма слова „не магу“, ёсць слова „трэба“».


«Памятаю яшчэ, як дзядзька Юра катаў нас на машыне, — кажа Наталля Барысаўна. — Шасцідзесятыя гады, машына... Гэта такая рэдкасць, асабліва для маленькага гарадка. Гэта вялікая радасць. Наогул, кожны прыезд Юрыя Аляксеевіча асацыіраваўся ў мяне з радасцю. Яго дома чакалі. Ён быў вельмі адкрыты чалавек, не любіў сварак, жартам і гумарам усіх стараўся мірыць».

У лёсе Юрыя Гагарына было больш за 11 пазаштатных сітуацый, калі ён мог загінуць. «Праз „не магу“, але рабі» — такім было яго крэда.

«Землякі Юрыя Гагарына распавядаюць, што ён, аднойчы наведваючы завод у Гагарыне, ішоў уздоўж прахадной...На гэтай прахадной у той час працавала мая бабуля па мамінай лініі. Яна ціхенька сядзела, пазнаўшы яго і разумеючы, што той ідзе з афіцыйнай дэлегацыяй, не стала прыкоўваць да сябе ўвагі. Раптам, казала яна, Юра адышоў ад гэтай дэлегацыі і спытаў: „Як вы сябе адчуваеце?“. Бабуля была вельмі кранута яго ўвагай», — распавядае суразмоўца.

Тата Наталлі Барысаўны з братам былі вельмі дружныя. «Дзядзька Юра называў яго Барыскам, — дзеліцца жанчына. — Падчас вайны майго тату немец павесіў за шалік на яблыні. І, напэўна, калі б не дзядзька Юра, мяне б на свеце не было. Ён кінуўся ў зямлянку з крыкам: „Мама, чорт Барыса павесіў“. Бабуля ўспамінала і плакала, маўляў, не ведала, каго з дзяцей трэба ў прытомнасць прыводзіць пасля перажытага. Так ён перажываў за брата...»


Дні, калі Юрый Аляксеевіч загінуў, а гэта здарылася 27 сакавіка 1968 года ў авіякатастрофе падчас трэніровачнага палёту, Наталля Барысаўна памятае не вельмі добра... «Чорныя былі дні, такая ў мяне асацыяцыя...Па шматлікіх назіраннях, 27 сакавіка штогод дрэннае надвор’е. І ў той дзень, калі яны загінулі, бачнасць была практычна нулявая. Той налёт рамантыкі, які заўсёды асацыіраваўся з Гагарыным, яго усмешкай, першымі крокамі ў засваенні космасу, — ён заўсёды быў праз церні да зорак у прамым сэнсе».

Чалавек-эпоха Юрый Аляксеевіч Гагарын пасля палёту ў космас для членаў сям’і застаўся тым жа Юркам — так, кажа Наталля Барысаўна, называў яго бацька. «Ён ніколі не прысвойваў заслугі іншых людзей на свой рахунак. У яго было каласальнае пачуццё адказнасці...Вайна, якую ён перажыў, пакінула свой адбітак і на характары».


Сваім подзвігам Юрый Гагарын спрыяў разрадцы напружанасці, якая тады была ў свеце, лічыць Наталля Барысаўна. «Міжнародныя афіцыйныя кантакты пасля візіту Юрыя Гагарына ўсталяваліся паміж СССР і Бразіліяй. Таксама і з Цэйлонам, Афганістанам. Англійская каралева, калі ён наведваў Вялікабрытанію, нягледзячы на парушэнні этыкету, папрасіла арганізаваць сустрэчу з першым касманаўтам. На мой погляд, Юрый Гагарын — унікальны прыклад прэзентацыі нашай краіны на міжнароднай арэне і інтэграцыі Савецкага Саюза ў сусветную супольнасць», — лічыць суразмоўца.

«Калі жывеш у гэтай сям’і, усё ўспрымаецца неяк арганічна. А цяпер ужо разумею, што шмат пытанняў не паспела задаць. А іх ужо не спытаць», — дзеліцца жанчына.

Справа тых, хто стаяў каля вытокаў касманаўтыкі, і сёння аб’ядноўвае гэтак жа, як і ў той час, калі Юрый Гагарын быў жывы. Такім меркаваннем падзялілася Наталля Гагарына. «І навукоўцаў, і летуценнікаў, і моладзь... Гагарын для многіх застанецца арыенцірам і маральнасці, і адвагі, і мужнасці. Ён выдатна разумеў, як можа скончыцца яго першы палёт, але зрабіў...»

У завяршэнні нашай доўгай і вельмі шчырай размовы Наталля Барысаўна выказала падзяку кіраўніцтву дзвюх краін — Беларусі і Расіі — за братэрства. «Першы палёт Гагарына — гісторыя нашай Айчыны, нашай сям’і. Для мяне гэта вельмі важна».

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю