Top.Mail.Ru

«Разрэзаць» цішыню і пачуць...

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае на выстаўку «Парушаючы цішыню», дзе мастацтва прадстаўлена як форма камунікацыі, інструмент і прастора для выказвання. Наведвальнікі змогуць прасачыць працэс зараджэння розных формаў узаемадзеяння паміж людзьмі, паглыбіцца ў свой унутраны свет і ў атмасферы цішыні і спакою адчуць сувязь з сусветам. 


Маштабны праект «Парушаючы цішыню» — адкрытая сістэма, якая задаецца пытаннем, што такое камунікацыя, як яна зараджаецца, праяўляецца, колькі доўжыцца і як абрываецца. Тут яна выходзіць за межы паняцця адносін паміж двума людзьмі, становіцца спосабам перадачы, трансляцыі, інтэрпрэтацыі складаных ідэй, пачуццяў і падзей унутры грамадства, дзяржавы, чалавека. Мэтай праекта з’яўляецца асэнсаванне ўплыву навакольнага асяроддзя на ўзаемадзеянне чалавека з пачуццём часу, уласнымі і чужымі межамі. Аўтары разглядаюць маўчанне не толькі як спосаб збліжэння з любімымі людзьмі, аб’ектамі і з’явамі, але і як сродак устанавіць дыстанцыю. Праект спрабуе перадаць, як адчуваецца страта блізкага і пачынаецца бясконцы пошук магчымасцяў «разрэзаць» цішыню і пачуць... 

16_18_Е.jpg

Фрагмент экспазіцыі

У экспазіцыі прадстаўлены работы сучасных беларускіх мастакоў і творы з фонду Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, якія адлюстроўваюць працэс стварэння і ўстанаўлення сацыяльных нормаў і ахоўных механізмаў, транслююць каштоўнасць індывідуальнасці. Выстаўка падштурхоўвае гледачоў да асэнсавання таго, як тэхнічны прагрэс прывёў да стварэння новых спосабаў камунікацыі, а тэлефон стаў незаменнай часткай нашай паўсядзённасці. 

Безумоўна, радуе багацце прадстаўленых мастацкіх жанраў: тут можна ўбачыць класічны жывапіс, фатаграфію і скульптуру, натхніцца найноўшымі медыа: відэаартам, саўндартам, інсталяцыяй. Для кожнага пакалення гледачоў ёсць цікавы праект, які дакладна трапіць у самае сэрца. 

Для тых, хто даўно не бачыў родных і сяброў з-за розных жыццёвых абставін, актуальным будзе праект Анастасіі Сегранёвай і Дар’і Куліковай «Presence of absence» (2024–2025). У 2024 годзе сяброўкі апынуліся на розных кантынентах і сутыкнуліся з неабходнасцю будаваць камунікацыю ў новым фармаце. «Усведамляючы, што традыцыйныя зносіны будуць абмежаваныя, мы прыдумалі альтэрнатыўны спосаб: штодзённы, не прывязаны да часу абмен фатаграфіямі і кароткімі тэкставымі паведамленнямі». Праект імкнецца паказаць, як у эпоху глабальнай раз’яднанасці мы можам заставацца на сувязі, знаходзячы новыя формы блізкасці і разумення. 

Пра маштабы сучаснага адзіноцтва разважае Таццяна Мазок у фотапраекце «Адзінокая рэальнасць». Нягледзячы на багацце новых сродкаў камунікацыі, па-за віртуальным жыццём пачуццё адзіноты пашыраецца і ахоплівае не толькі асобныя сем’і ці калектывы, а нават краіны і кантыненты. Для свайго праекта творца выбрала вобраз чырвонай сукенкі, бо калі ты ў чырвоным, цябе абавязкова заўважаць. «Чаму вобраз чырвонай сукенкі? Я згадваю сябе падчас моцнага адчування адзіноты ў грамадстве, у гасцях, на вечарыне, і ў мяне ў галаве думка: „Мне тут няўтульна, быццам на мяне ўсе вылупляюцца, быццам у мяне плямы на адзенні“. Вобраз сукенкі сцірае межы паміж адушаўлёным і прадметным», — апісвае праект Таццяна Мазок. 

16_18_Б.jpg

Андрэй Пяткевіч «Зграя», 2021 г.

Яшчэ адзін фотапраект «Дзевятнаццаць дзевяноста адзін» — шэраг здымкаў з сямейнага архіва Аляксандра Радчыкава, якія доўгі час лічыліся няўдалымі, аднак творца знайшоў у іх мастацкую выразнасць. Абстрактныя сілуэты з мінулага служаць зыбкай сувяззю паміж некалькімі пакаленнямі, паміж старым і новым, мінулым і будучым. 

Жывапісная частка экспазіцыі расказвае пра ўзаемаадносіны чалавека з унутраным «Я», прапануе прааналізаваць свой унікальны жыццёвы шлях і дакрануцца да свайго адзіноцтва. 

Інсталяцыя Вольгі Якаўлевай «Ненадзейны апавядальнік» (2025) — самая інтымная работа аўтара на дадзены момант. З дапамогай старых дзённікаў, лістоў і паштовак творца спрабуе зазірнуць у мінулае і ажывіць успаміны, якія даўно ўжо згублены. Аднак памяць падводзіць, і кожны дарослы чалавек сутыкаецца з унутраным «ненадзейным апавядальнікам», якому даверыцца ўжо немагчыма. 

Сапраўднае адлюстраванне назвы выстаўкі можна сустрэць у праекце Аляксандра Трускоўскага «Адзін — на Адзін» (2025). Задачай мастака было выклікаць у гледача адчуванне парадаксальнага спалучэння прыгажосці і агрэсіўнага асяроддзя, каб хоць на хвіліну ён адчуў сябе адзін на адзін з сабой, з тым, што ўнутры. Падвешанае колатае шкло — адлюстраванне камунікацыі з людзьмі і з Богам. Цішыню парушае парваная калька — быццам тонкая мембрана паміж небам і зямлёй, яна стварае ілюзію дыялогу паміж знешнім і ўнутраным.

16_18_А.jpg

Вольга Орсік «Сакрэт». З праекта «Каштоўнасці», 2024 г.

Гэта толькі невялікая частка прадстаўленых у экспазіцыі праектаў. Пазнаёміцца з выстаўкай можна да 1 чэрвеня. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю