Марына Скачкова разам з сям'ёй 13 гадоў таму пераехала ў Мінск з Кішынёва. Яна расказвае, што яе маці, якая нарадзілася ў Малдове, усё жыццё марыла пераехаць, збірала грошы, каб набыць жыллё ў Беларусі: «Атрымліваецца, што я спраўдзіла яе мару».
Марына расказвае, што яе дзядуля нарадзіўся на Віцебшчыне. У савецкія часы, калі моладзь актыўна ездзіла па ўсім СССР, ён выправіўся ў сонечную Малдавію, дзе сустрэў сваё каханне. Таму і пусціў там карэнне. Але і пра сваю малую радзіму не забываўся. Яго дачка і ўнучка пастаянна ездзілі да сваякоў на Віцебшчыну.
«Штогод на ўсё лета маці вазіла мяне да сваёй стрыечнай сястры на хутар у Браслаўскім раёне. Там было чатыры хаткі, уначы мы часам чулі, як дзікі церліся аб сцены. Водар сасновага лесу — і сёння для мяне пах майго дзяцінства. Мне тут усё падабалася. Я і на ферме кароў даіла, і цялят паіла», — узгадвае Марына.
Каб сям’я была вялікай
Таму не дзіва, што ў вясельнае падарожжа дзяўчына прапанавала мужу выправіцца ў Беларусь. Яна хацела паказаць яму краіну, якая для яе шмат значыла. І ёй удалося ўразіць свайго каханага: ён захапляўся беларускімі прасторамі, дагледжанымі палямі, гарадамі з шырокімі праспектамі ды ідэальнай чысцінёй. А праз тры гады пара перабралася жыць у «краіну пад белымі крыламі» ўжо з маленькай дачкой на руках.
Маладым не давялося туліцца па здымных кватэрах — маці Марыны ўсё ж змагла набыць у Беларусі жыллё, але сама так і засталася ў Кішынёве. Для новага жыцця сужэнцы выбралі Мінск, бо самі пераязджалі са сталіцы Малдовы, ім бліжэй было гарадское жыццё, мабільнасць. Акрамя таго яны прызнаюцца, што выбіралі будучыню для дзяцей. З самага пачатку яны думалі, што ў іх будзе вялікая сям’я. Так і сталася — сёння яны гадуюць траіх дзетак. Наогул малдаўская дыяспара часта падкрэслівае, што ў Беларусі ў іх багата шматдзетных сем’яў.
«У Малдове трое дзяцей — раскоша. Нават перш чым заводзіць другое, многія задумваюцца, а ці змогуць пацягнуць. А ў Беларусі гэта лёгка, проста. Тут створаны камфортныя ўмовы для сем’яў», — тлумачыць Марына Скачкова. Яна ўпэўнена, што беларускім мамачкам вельмі пашанцавала: такіх высокіх выплат па доглядзе дзіцяці трэба яшчэ пашукаць у іншых краінах на постсавецкай прасторы. Яна ўзгадвае, што ў Малдове на месячную выплату можна было набыць хіба што ўпакоўку падгузнікаў. Жанчына заўважае, што ў Беларусі багата магчымасцяў для развіцця дзяцей, і справа не толькі ў бясплатнай дадатковай адукацыі, гуртках і секцыях, але і падыходах па выхаванні дзяцей. Яе двое старэйшых дзетак ходзяць у дзявяты і трэці класы. І яна бачыць, што дзяцей туды можа выпраўляць не толькі па веды. Напрыклад, ёй вельмі падабаецца, што ў беларускіх школах праводзяцца акцыі па зборы макулатуры, пры гэтым яшчэ дзеці часам і спаборнічаюць, хто прынясе больш. Здаецца, элементарныя рэчы — але які выхаваўчы эфект! Падзякавала яна і за шосты вучэбны дзень, калі для дзяцей у школах ладзяцца спартыўныя спаборніцтвы, паходы ў кіно, працуюць гурткі. Дзецям заўсёды ёсць чым заняцца. Наогул сама інфраструктура горада завязана на сям’ю — у кожным раёне ёсць пэўныя цэнтры, паркі.
Марына расказвае, што ў Кішынёве, напрыклад, дзецям акрамя як у піцэрыю схадзіць асабліва няма куды, на ўвесь горад — пару кінатэатраў, не хапае басейнаў, а калі дзе што і адкрываецца, яно вельмі дарагое. Марына адзначае, што ў Беларусі не трэба перажываць за бяспеку дзяцей на вуліцы, узгадвае, як баялася пускаць малых пагуляць у Кішынёве, бо па горадзе бадзяецца багата сабак. Там «хвастатых бадзяжак» ніхто не ловіць, маўляў, яны ж некаму могуць належаць... Можна ўзгадаць і іншыя падобныя «дробязі», пра якія беларусы нават не задумваюцца, а для тых жа малдаван парадак, чысціня і камфорт, за якім пільна сочаць пэўныя службы, — з разраду амаль нерэальнага.
Хочаш працаваць — калі ласка
Сужэнцы ўпэўнены, што Беларусь — краіна магчымасцяў. Тут няма праблем знайсці работу. Пасля пераезду яны змаглі хутка ўладкавацца па сваіх спецыяльнасцях. Марына — бухгалтарам, яе муж — у аддзеле продажаў. Пара адчула, што нават калі заробкі ў абедзвюх краінах прыкладна аднолькавыя, у Беларусі з такімі даходамі можна жыць і нават не задумвацца, колькі адкласці на ежу і «камуналку». У Малдове палова заробку ідзе на камунальныя плацяжы. Таму многа людзей адтуль з’язджае ў пошуку больш высокіх прыбыткаў.
«Напэўна, калі б самі, мы маглі там пратрымацца, але мы хацелі для дзяцей стабільнасці. Разумелі, што давядзецца з’язджаць. Куды — пытання для нас не стаяла», — узгадвае Марына. Тым не менш сувязі з мясцінамі, дзе нарадзіліся, застаюцца моцнымі: «Мы вельмі любім Малдову. Стараемся ездзіць туды ў адпачынак. Пагуляць па вуліцах, дзе выраслі. Няма нідзе лепшых фруктаў, як там. Гэта наша Радзіма, а іх у чалавека не можа быць дзве. Але жыць я хачу ў Беларусі. З мужам разумеем, што зрабілі добры выбар, для нашых дзяцей гэта ідэальнае месца», — упэўнена жанчына.
Цікаўлюся, што, на яе погляд, з беларускага вопыту можна было б перанесці ў Малдову. Яна смяецца: «Ды вам усе малдаване скажуць, што ім там патрэбны Аляксандр Рыгоравіч. Тады ўсё будзе добра».
Свае сярод сваіх
Краіну для жыцця пара выбірала і па менталітэце. Сужэнцы адчулі, што любая нацыянальнасць у Беларусі сябе добра адчувае: «Мы тут свае. Нам ніколі ніхто не скажа «панаехалі», хіба што мы самі, і тое жартам. Бывае, калі старэйшыя людзі даведваюцца, што мы з Малдовы, з цеплынёй узгадваюць, як некалі туды ездзілі на збор вінаграду, персікаў, таматаў. А як нас шыкоўна сустракаюць падчас Фестывалю нацыянальных культур у Гродне! Калі мы ідзём па брукаванцы ў нацыянальных строях, адчуваем сябе зоркамі на «чырвонай дарожцы».
У Беларусі жыве каля 3,5 тысячы малдаван. Нацыянальна-культурнае аб’яднанне «Дойна» захоўвае песні і танцы народа. Дзякуючы сяброўству, якое завязалася паміж яго членамі, узніклі новыя традыцыі. Напрыклад, Марына расказала, як у пачатку мая прадстаўнікі дыяспары з задавальненнем ездзяць садзіць агарод да свайго земляка Васіля Семянюка, а пасля пасадкі бульбы ў іх — шашлыкі, мамалыга, творчыя нумары.
Сваімі малдаване адчуваюць сябе і сярод беларусаў. Яшчэ да пераезду падчас адпачынку на моры Марына пазнаёмілася з беларускімі сем’ямі з Гомельшчыны, якія былі па ўзросце, як яе бацькі. Завязалася моцнае сяброўства. Ужо перабіраючыся ў Беларусь, пара малдаван найперш завітала ў Гомель. «Гэтае знаёмства адыграла вялікую ролю. Чужыя людзі для нас сталі такімі блізкімі.
Кожныя выхадныя яны звалі нас прыехаць у лазню, загружалі ўласнай садавіной, агароднінай, як уласных дзяцей. Беларусь — краіна добрых, спагадлівых, шчырых людзей. Мы адчуваем, што гэта наш дом».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ