Удзел у пасяджэнні ўзялі парламентарыі з Беларусі і Расіі, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут» і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук.
На парадку дня — уключэнне таленавітай моладзі ў сферу навукі і высокіх тэхналогій, а таксама меры падтрымкі маладых вучоных Беларусі і Расіі, умацаванне патэнцыялу навуковых школ, іх далейшае развіццё.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец заўважыў, што неабходнасць узнімаць такія тэмы дыктуе час. «Сама геапалітычная сітуацыя, якая складваецца вакол нашых краін, вакол Саюзнай дзяржавы прымушае нас аб’ядноўваць намаганні, у тым ліку ў частцы навукова-тэхнічнага забеспячэння. У першую чаргу ў сферы бяспекі Саюзнай дзяржавы, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь як найбліжэйшых саюзнікаў. На жаль, мы бачым, што ўзровень нагнятання і канфрантацыі ў адносінах да нашых краін меншым не становіцца. І незаконныя санкцыі, якія супярэчаць усім нормам і прынцыпам, уведзеныя супраць нашых краін, падштурхоўваюць да таго, каб мы сумесна працавалі, каб абараніць свой суверэнітэт, сваю незалежнасць. А для гэтага мы павінны ў першую чаргу забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт. Мы павінны не саступаць у перадавых навуковых распрацоўках нашым патэнцыяльным сапернікам.
І мы павінны дакладна вызначыць прыярытэты, па якіх павінны развівацца. Мы павінны прымяняць наш патэнцыял у рамках ужо наяўных навуковых школ. Мы павінны паглядзець, якія распрацоўкі спатрэбяцца ў кароткатэрміновай перспектыве для таго, каб забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт і далейшае гарманічнае, бяспечнае і паступальнае развіццё нашых дзяржаў», — заявіў ён.
Сяргей Сівец заўважыў, што лічбавізацыя, рабатызацыя — тыя рэчы, якія на сёння ўжо інтэграваліся ў нашы грамадскія адносіны. Кампетэнцыі і кваліфікацыі, якія дазваляюць быць на перадавой у гэтай сферы, напрамую залежаць ад адукацыі і навукі. Сяргей Сівец таксама звярнуў увагу, што ўзнікае і пытанне па рэгуляторыцы гэтых працэсаў, наколькі хапае нарматыўных рэгулятараў, якія маглі б падтрымаць гэты працэс, а па-другое, усталяваць пэўныя абмежавальнікі. «Трэба знайсці пэўны баланс паміж навукова-тэхнічным прагрэсам і грамадствам у цэлым. Гэта адно з пытанняў, якія мы абмяркоўвалі на пасяджэнні камісіі», — падсумаваў Сяргей Сівец.
Валерыя СЦЯЦКО