Пра значэнне БелАЭС для краіны расказаў дырэктар Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Аляксей Дзербін падчас гарадскога інфастрыму ў Мінскай ратушы, паведаміла БелТА.
Аляксей Дзербін адзначыў, што на пэўным этапе ў энергетычным балансе Беларусі больш за 90% выпрацоўкі электраэнергіі складалі цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на вуглевадароднай сыравіне. «Гэта не зусім правільна. Трэба, каб у балансе прысутнічалі крыніцы генерацыі на розных відах паліва. Гэта разумела і кіраўніцтва краіны. У 2008 годзе на пасяджэнні Савета Бяспекі кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб неабходнасці будаўніцтва атамнай электрастанцыі», — расказаў ён.
Дырэктар падкрэсліў, што перад спецыялістамі стаяла задача выбраць самы бяспечны і эфектыўны праект. «У маі 2012 года пачалася распрацоўка катлавана пад першы энергаблок Беларускай АЭС. У ліпені 2012 года быў падпісаны генеральны кантракт на збудаванне атамнай электрастанцыі. У лістападзе 2020 года адбылося першае ўключэнне энергаблока ў аб’яднаную энергасістэму, а ў лістападзе 2023 года быў падпісаны акт аб прыёмцы ў эксплуатацыю другога энергаблока Беларускай АЭС», — паведаміў Аляксей Дзербін.
Ён таксама адзначыў, што на сённяшні дзень выпрацавана больш за 59 млрд кВт·г электраэнергіі і замешчана звыш 16 млрд куб. м прыроднага газу. «Мы цалкам адмовіліся ад імпарту электраэнергіі. Доля БелАЭС — каля 40% усёй электраэнергіі ў краіне», — падкрэсліў дырэктар.
Паводле яго слоў, рашэнне аб будаўніцтве АЭС дазволіла, напрыклад, перавесці жыллё на электраацяпленне і актыўна развіваць электратранспарт. «Сёння ў краіне ўжо больш за 54 тыс. электрамабіляў, прычым гэтая лічба вельмі хутка расце. Таксама налічваецца больш за 2 тыс. зарадных станцый», — дадаў Аляксей Дзербін.
Акрамя таго, будаўніцтва такога аб’екта паўплывала на развіццё Астраўца. «Колькасць насельніцтва вырасла з 8 тыс. да больш як 15 тыс. чалавек. Развівалася сацыяльная інфраструктура: пабудаваны Рэгіянальны медыцынскі цэнтр, дзве школы і чатыры дзіцячыя садкі. Таксама ўзведзена звыш 210 тыс. кв. м жылля, тры сучасныя мікрараёны, два спартыўныя аб’екты. Астравецкі раён стабільна ўваходзіць у топ-3 рэгіёнаў краіны па ўзроўні заработнай платы», — расказаў ён.
На БелАЭС забяспечана высокая бяспека. «У першую чаргу ўсё пачалося з выбару праекта. Таксама ў нас ёсць дастатковая колькасць актыўных і пасіўных сістэм бяспекі, якія гатовыя ў выпадку няштатнай сітуацыі забяспечваць ядзерную і радыяцыйную бяспеку. Па-другое, гэта падрыхтоўка персаналу. Сумесна з расійскімі калегамі мы першапачаткова падрыхтавалі спецыялістаў. Пасля быў адкрыты вучэбна-трэніровачны цэнтр на самой Беларускай АЭС. Таксама важная культура бяспекі, якая прадугледжвае безумоўны прыярытэт пытанняў бяспекі над усімі іншымі, уключаючы эканамічныя», — патлумачыў дырэктар.
Ён таксама адзначыў, што ўжо вядзецца праца па пытанні будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС. «Мы бачым, што ядзерная энергетыка — тая крыніца, якая ў перспектыве зможа пакрыць нашы патрэбнасці ў электраэнергіі, што пастаянна растуць, і забяспечыць нас усім неабходным», — рэзюмаваў Аляксей Дзербін.