У Міністэрстве фінансаў падзяліліся падборкай нестандартных страхавых выпадкаў, дзе галоўнымі «фігурантамі» сталі хатнія гадаванцы.
Выпадак з трубой. Уладальніка кватэры затапіў сусед зверху. Прычына не ў старой сантэхніцы — пакінутыя дома сабакі перагрызлі металапластыкавую трубу. Страхоўка пакрыла рамонт пацярпеламу.
Выпадак на прагулцы. У Чэрвеньскім раёне кокер-спаніэль сарваўся з ланцужка і напаў на суседскіх курэй. Канфлікт уладзілі дзякуючы полісу добраахвотнага страхавання адказнасці ўладальнікаў жывёл — суседу пакрылі шкоду.
Выпадак на дарозе. Па стандартнай «аўтаграмадзянцы» быў урэгуляваны выпадак наезду на сабаку. Паколькі пацярпелы гадаванец быў шматразовым чэмпіёнам выставак (што пацвярджалася дакументамі), кіроўцу не прыйшлося кампенсаваць кошт — гэта зрабіла страхавая кампанія.
— Прыклады даказваюць: страхаванне — не проста фармальнасць, а рэальны інструмент абароны вашага бюджэту ад любых выпадковасцяў, — рэзюмавалі ў Мінфіне.