Top.Mail.Ru

Развіццё навукі і тэхналогій — важны складнік забеспячэння нацыянальнай бяспекі

Наша краіна апошнім часам яшчэ больш актыўна развівае навукова-тэхнічны патэнцыял, адзначыў дырэктар Інстытута эканомікі НАН Беларусі Дзяніс МУХА.

«Інавацыйны шлях развіцця нашай краіны ўжо даўно быў вызначаны, у тым ліку і лідарам дзяржавы. Няма ніякага іншага варыянта, акрамя як развіваць навуку, гэты шлях з’яўляецца для нас адзіным варыянтам паспяховага доўгатэрміновага развіцця. Асабліва гэта актуальна цяпер», — сказаў Дзяніс Муха.

Сёння наша краіна ставіць перад сабой даволі амбіцыйныя задачы ў навуковай сферы, што адлюстравана ў нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі да 2040 года. «Беларусь не валодае вялікім запасам уласных сыравінных рэсурсаў, і мы робім стаўку на інтэнсіўны рост. У нашай краіны ёсць шэраг распрацовак сусветнага ўзроўню, якія адпавядаюць найвышэйшым тэхналагічным укладам. Мы касмічная дзяржава. Развіваюцца біятэхналогіі, беспілотныя сістэмы, тэхналогіі штуч-нага інтэлекту, адбываецца лічбавізацыя грамадства, — падкрэсліў навуковец. — Падзеі апошніх гадоў, маштабны санкцыйны ціск, аказаны на нашу краіну, сведчыць, наколькі небяспечная залежнасць ад замежных распрацовак. Гэта фактар ціску на суверэнныя эканомікі. Мы гэта выпрабавалі, напэўна, як ніхто іншы, разам з нашым стратэгічным партнёрам — Расіяй. Гэта пацвярджае, што трэба развіваць уласны навукова-тэхнічны патэнцыял, каб не залежаць ні ад каго, як мінімум, па крытычных тэхналогіях, якія важныя для нашай бяспекі. Такім чынам, развіццё навукі і тэхналогій з’яўляецца важным элементам забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Навука ў Беларусі сапраўды актыўна развіваецца. Гэта наш брэнд, наш нацыянальны здабытак. Прычым навука не толькі акадэмічная, але і галіновая — на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі».

Навука таксама з’яўляецца крыніцай росту канкурэнтаздольнасці эканомікі ў цэлым і асобных прадпрыемстваў. «Яна дазваляе ствараць новыя прадукты, якія будуць забяспечваць унутраны рынак і нашу запатрабаванасць на знешніх рынках. Дзякуючы навуцы краіна можа выкарыстоўваць менш прыродных, сыравінных рэсурсаў і ўстойліва развівацца за кошт інтэнсіфікацыі працэсаў. Стаіць задача ўзмацніць сувязь паміж навукай і рэальным сектарам эканомікі, каб распрацоўкі былі больш мэтанакіраваныя, больш практыка-арыентаваныя, хутчэй даходзілі да прадпрыемстваў. У апошнія гады ў гэтых адносінах праведзена велізарная работа, і многія распрацоўкі знаходзяць сваё практычнае прымяненне ў розных сектарах эканомікі», — падкрэсліў вучоны.

«Навука — гэта адначасова і крыніца магчымасцяў, і той кірунак, які можа прадуцыраваць новыя пагрозы», — лічыць дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерый ГАНЧАРОЎ. У глабальным кантэксце назіраецца няроўнасць і часам нават разрыў у доступе да навуковых дасягненняў, што ўплывае на дабрабыт краін. «Навука цесна звязана з суверэнітэтам, нацыянальнай бяспекай, абараназдольнасцю краіны, яе культурным, гуманітарным развіццём, пытаннямі палітычнага ладу, патрыятызму, фарміравання ідэалогіі. Навука — гэта яшчэ і крыніца прыбытку. Дадатковыя грашовыя даходы можна здабываць з камерцыялізацыі навуковых ведаў, — адзначыў дырэктар цэнтра. — Усе гэтыя аспекты вельмі дакладна разумее кіраўніцтва нашай краіны. Прэзідэнт удзяляе пытанням развіцця навукі пільную ўвагу. Мы адчуваем пастаянны імпульс, прыток ідэй. На найбліжэйшы час запланавана сустрэча кіраўніка дзяржавы з навуковай грамадскасцю, дзе будуць вызначаны вектары далейшай перспектывы, у тым ліку з выхадам на праграмны дакумент, які будзе абмяркоўвацца на ІІІ з’ездзе вучоных. Трэба расставіць новыя акцэнты, вызначыцца больш дакладна з мэтамі на перспектыву».

Сяргей КУРКАЧ

Чытайце таксама: НАН аб'явіла конкурс навукова-даследчых работ для ўключэння ў дзяржпраграмы на 2026—2030 гады

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю