З удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў Краснапольскім райвыканкаме адбылася нарада па пытаннях комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці.
З удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў Краснапольскім райвыканкаме адбылася нарада па пытаннях комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці.
Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўшчыны ўключае сем раёнаў: Крычаўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Касцюковіцкі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Хоцімскі. Шэсць з іх, за выключэннем Хоцімскага, поўнасцю або часткова пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, што паўплывала на эканоміку рэгіёна. Для ўмацавання яго сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу ў 2015 годзе Прэзідэнтам быў прыняты Указ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», зацверджана адпаведная Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. У 2020 годзе ўказ быў падоўжаны.
.jpg)
Для названых раёнаў Магілёўшчыны былі прадугледжаны прэферэнцыі ў выглядзе прыцягнення інвестыцый, замацавання працоўных рэсурсаў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацый. За 10 гадоў рэалізацыі праграмы тут створана каля 400 новых камерцыйных арганізацый — суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. На створаныя працоўныя месцы працаўладкавана звыш 3,5 тысячы чалавек. Накіравана каля 3,2 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Узведзена 285,5 тысячы кв. метраў жылля, у тым ліку 93,8 тысячы кв. метраў з дзяржпадтрымкай. Для паляпшэння якасці жыцця насельніцтва пабудаваны і мадэрнізаваны аб’екты ў сферах адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту.
Аднак яшчэ многае плануецца зрабіць. У цяперашні час аблвыканкамам сфарміраваны і ўзгоднены з зацікаўленымі праект указа, які прадугледжвае прадаўжэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, чаму належным чынам не спрацаваў комплекс мер, прынятых у мінулую пяцігодку, а таксама ўдакладніў, якія недахопы ў ім былі. Прэзідэнт спытаў, якія асноўныя фактары сёння стрымліваюць развіццё паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны і якія меры па выпраўленні сітуацыі прапануюцца ў 2026 — 2030 гадах.
«Мы ж сабраліся для таго, каб намеціць нашы планы на будучыню, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Што лепшае з вопыту мінулых гадоў нам трэба захаваць на чарговы тэрмін? Ці ёсць новыя падыходы і пэўныя сур’ёзныя, прарыўныя ідэі? Можа быць, адна з ідэй (а ўсё ў эканоміцы) — нічога не выдумляць, а пабудаваць на паўднёвым усходзе не адну такую рыбаводчую гаспадарку (як рыбгас „Палуж“. — „Зв.“) з улікам невялікай колькасці рэсурсаў, з улікам таго, што мы ведаем, як будаваць».
Пры гэтым, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, патрэба ў рыбнай прадукцыі на ўнутраным рынку ёсць: за кошт айчынных прадпрыемстваў забяспечваецца менш за палову рыбы, што спажываецца беларусамі. «Бульбашы, бульбу ядзім, але да бульбы трэба рыба, не толькі мяса і малако», — удакладніў ён.

Пад гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, будуць знойдзены адпаведныя крэдытныя рэсурсы. «Бясплатных грошай, хлопцы, не бывае, — папярэдзіў беларускі лідар. — Вы ж кіраўнікі, вы разумееце. Але гэта павінны быць пад’ёмныя крэдытныя рэсурсы. Мы маем такую магчымасць не толькі вам, на паўднёвым усходзе, але і па ўсёй краіне, дзе мы будзем рэалізоўваць гэту праграму і іншыя праграмы, выдзеліць недарагія рэсурсы. Але зваротныя. Ніхто не гаворыць за два-тры гады. Расцягнем крэдыты на адпаведны перыяд, і вы іх вернеце. Для таго, каб зноў кудысьці ўкласці. Няхай у гэту частку — паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці».
Аляксандр Лукашэнка не патрабуе прарыўных ідэй. «Трэба проста хадзіць па зямлі, глядзець і бачыць, што трэба зрабіць», — канкрэтызаваў ён.
«Трэба сёння мабілізоўвацца»
Прэзідэнт удакладніў, у чым бачыцца рэальная работа ўрада над тэмай паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны. Даручана дакладна вызначыцца.
«На ўзроўні рэспублікі павінны быць памочнікі і адказныя, але займацца гэтым павінны канкрэтныя людзі, — удакладніў Прэзідэнт. — Абласны камітэт павінен перадаручыць гэта старшыням райвыканкамаў, і яны павінны варушыцца на месцах і адказваць за канкрэтныя планы».
Па словах кіраўніка дзяржавы, самы вялікі недахоп у тым, што ў праграме вызначаны толькі канцэптуальныя кірункі дзеянняў. «А трэба, як было ў самыя складаныя і нескладаныя савецкія часы — план, — падкрэсліў беларускі лідар. — Тры заводы, гідраэлектрастанцыя, напрыклад... Гэта ўсё было прапісана, і пад гэта — фінансаванне. Не зрабіў — галава з плеч. Адказнасць — найжорсткая».

Па меркаванні Прэзідэнта, трэба мяняць сістэму кіравання і рабіць яе сапраўднай. «Мы гаворым аб тым, што трэба сёння мабілізоўвацца, — акцэнтаваў увагу ён. — А хто супраць мабілізацыі? Ніхто. Трэба мабілізоўвацца, пакуль ідзе інфармацыйная вайна, а не гарачая, як у нас тут за плотам. Давайце шчыра. Мабілізатараў жа няма. А для таго, каб мабілізоўвацца, павінна быць сістэма і яна павінна працаваць».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што за савецкім часам было менш чыноўнікаў. І гэта пры ўмове, што насельніцтва было больш. «Дрэнна, што вымірае вёска, і гэта таксама пытанне, якое трэба вырашаць, — адзначыў ён. — Таму сістэму кіравання трэба мяняць. Але грамадства трэба падрыхтаваць да гэтага».
Каб перажыць гэты складаны час, беларускі лідар заклікаў мабілізавацца. «Прычым, незразумелы час, — удакладніў ён. — Як Прэзідэнт не ведаю, да чаго вас рыхтаваць. Вось адзін лозунг: „Працуем, каб жыць“. Не проста выжыць, а каб жыць. А што будзе далей? А далей ніхто не ведае, што адбудзецца, што там выкінуць моцныя гэтага свету».
«Тады будзе якасць»
Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на яшчэ адзін важны аспект — якія вынікі чакаюцца ад развіцця рэгіёна ў канцы пяцігодкі. «Наколькі яны рэальныя? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Ці дастаткова высока ўстаноўлена планка задач і ці дасягальнае выкананне гэтых задач?»
Немалаважнае пытанне, якое агучыў Прэзідэнт, звязана з аб’ёмам і крыніцамі фінансавання. Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што дзяржаўная падтрымка будзе забяспечана толькі рэнтабельным праектам, але яна не будзе бязвыплатнай.
«Кампактная, нармальная гаспадарка, — гаворачы аб рыбгасе „Палуж“, сказаў кіраўнік дзяржавы, удакладніўшы, што, калі б быў інвестарам, у такое прадпрыемства ўклаў бы сродкі. — Так, акуратна трэба ўсё. Мы гэтага не любім, беларусы. Але да гэтага трэба прызвычайвацца. Тады будзе якасць, і тады будзе добры збыт вашай прадукцыі».
«Будзе эканоміка — будуць і грамадзяне жыць нармальна»
Асноўным дакладчыкам на нарадзе, якая праходзіла ў фармаце адкрытай дыскусіі, стаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. Прэзідэнт папрасіў, каб Анатоль Ісачанка расказаў найперш аб праблемах і недахопах, якія перашкаджаюць паўднёваму ўсходу Магілёўшчыны развівацца.
Адна з праблем, па словах губернатара, звязана з тым, што большасць гэтых зямель — чарнобыльскія тэрыторыі.

Па словах Прэзідэнта, падыходы да постчарнобыльскіх праблем трэба мяняць. «Сем раёнаў мы, на жаль, ледзь не загубілі, — канстатаваў беларускі лідар. — Многае загубілі. Трэба ўзнімаць гэтыя раёны. Пяць гадоў вам было дадзена. Але гэта не той вынік, на які асабіста я разлічваў. Мы, напэўна, праграму пяцігодкі паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці вызначым, але яна павінна быць выключна канкрэтнай».
У гэтым кантэксце кіраўнік дзяржавы зноў звярнуўся да вопыту рыбгаса «Палуж», які ён наведваў. Па яго словах, тыражаванне такіх прадпрыемстваў станоўчым чынам адаб’ецца на развіцці раёна. «Добры праект, — даў ацэнку Прэзідэнт. — Проста сесці і падумаць — такіх жа нямала праектаў можна зрабіць. З фінансаваннем... Не дадзім — дапаможам».
Аляксандр Лукашэнка арыентуе рабіць тое, што можна рабіць цяпер. «Трэба паскарацца, трэба рабіць, трэба дзейнічаць, — падкрэсліў ён. — Трэба стварыць краіну, якую мы перададзім новаму пакаленню».
Анатоль Ісачанка расказаў, што тады, калі прымалася праграма развіцця рэгіёна, неабходна было вырашаць дзве асноўныя задачы. «Гэта стварэнне спрыяльных умоў для пражывання грамадзян і ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу», — канкрэтызаваў ён.
«Заўсёды ідэалагічна было так: стварэнне ўмоў для грамадзян, а потым — эканоміка, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Хлопцы, так не будзе. Гэта мы ўжо так распесцілі сваіх людзей. Будзе эканоміка — будуць і грамадзяне жыць нармальна. Таму наперадзе — эканоміка, вытворчасці. Будзе вытворчасць — будуць людзі працаваць, будуць заробкі, будуць лепш жыць. А ў нас утрыманства вельмі моцна развіта. Таму — эканоміка і нармальнае жыццё людзей».
Анатоль Ісачанка адзначыў, што ў выніку рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці за 2020—2025 гады намецілася станоўчая тэндэнцыя развіцця сацыяльнай сферы. «Усяго на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы рэгіёна за 10 гадоў было накіравана больш за 3 млрд рублёў інвестыцый у асноўны капітал, — канкрэтызаваў ён. — Гэта ў 1,4 раза вышэй за ўзровень 2015 года».
«Трэба браць і рабіць»
Нягледзячы на пэўныя праблемы ў сельскай гаспадарцы, па словах губернатара, нарошчваецца аб’ём вытворчасці сельгаспрадукцыі.
«Нягледзячы на праблемы, недахопы, недапрацоўкі, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці за 2020—2025 гады дала станоўчы эфект, — канстатаваў Анатоль Ісачанка. — Адток насельніцтва з гэтых раёнаў запаволіўся. За апошнія 10 гадоў выбыла на 2,2 тысячы чалавек менш, чым за папярэднія дзесяць. Дасягнута станоўчая дынаміка паказчыка нараджальнасці. Зніжаны паказчык штогадовай лятальнасці пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі. Створана звыш 400 камерцыйных арганізацый — малога і сярэдняга бізнесу».
Прэзідэнт яшчэ раз папрасіў сканцэнтравацца на праблемах. Ён удакладніў, што калі кіраўнік не бачыць праблем — значыць яны не будуць вырашацца.
«Першая наша праблема — нам трэба папрацаваць у галіне жывёлагадоўлі, — канкрэтызаваў Анатоль Ісачанка. — Сысці ад старых фермаў і перайсці на новыя комплексы. З улікам таго, што колькасць сельскага насельніцтва скарачаецца, у нас іншага выбару няма».
«Вы не чакайце, што вам хтосьці дасць грошы, — папярэдзіў беларускі лідар. — Вы ў лесе жывяце. Таму рабіце гэтыя прафілакторыі не толькі для цялят, але і для кароў, для адкорму. Трэба шукаць іншыя варыянты. Трэба браць і рабіць».

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў удакладніў, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны на 2020—2025 гады не спрацавала так, як яна павінна была спрацаваць. «Насельніцтва скарацілася на 15 %, колькасць занятых у эканоміцы — на 20 %, заробак самы нізкі ў вобласці, — канкрэтызаваў ён. — Калі браць сельскую гаспадарку, то па вытворчасці малака выканана на 45 % (ад запланаванага. — «Зв.»), вырошчванні жывёлы ў жывой вазе — на 62 %, у вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур — 81 %».
«Сельская гаспадарка правалена ў праграме, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Так трэба было і сказаць».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра сваё ранейшае патрабаванне — замацаваць энерганасычаную тэхніку за канкрэтнымі механізатарамі. Гэта, па яго словах, паўплывае на эфектыўнасць работы і найперш на захаванасць самой тэхнікі.
«Парадак трэба навесці, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — У трыццаць пяты раз гавару: вы што, вайны хочаце? Хочаце паваяваць?»
Васіль Герасімаў праінфармаваў аб неналежным захоўванні ў сельгаспрадпрыемствах рэгіёна мінеральных угнаенняў, прывёўшы канкрэтныя факты.
Прэзідэнт папярэдзіў аб адказнасці за неналежнае захоўванне і невыкарыстанне належным чынам мінеральных угнаенняў. Ён звярнуў увагу на тое, што ў той перыяд, калі на знешніх рынках завоблачныя цэны на мінеральныя ўгнаенні, айчынныя вытворцы па даручэнні кіраўніка дзяржавы прадаўжалі забяспечваць аграрыяў краіны значнымі аб’ёмамі і па даступнай цане.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка ставіць перад аграрыямі задачу максімальна эфектыўна выкарыстоўваць угнаенні, каб атрымаць добры ўраджай. «Папярэдзіў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава: «Май на ўвазе: крый божа, дзесьці знойдзем хоць у адной гаспадарцы ўгнаенні не так захоўваюцца... А я ж ведаю, як яны захоўваюцца».
Юрый Горлаў запэўніў беларускага лідара, што нічога падобнага не здарыцца. Аднак факты безгаспадарчых адносін усё-такі былі выяўлены.

«Як я на гэта павінен рэагаваць? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Я „забраў“ грошы ў вытворцаў, у бюджэце „забраў“ грошы: мы недаатрымалі, маглі прадаць у пяць разоў даражэй, валюту атрымаць — аддаў вам, а вы загубілі!»
Прэзідэнт даручыў камітэту дзяржкантролю разабрацца з гэтым пытаннем па ўсёй краіне і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. «Хопіць з імі жартаваць, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы страцілі валюту, краіна страціла для пэўных праектаў. Мы рынак маглі заняць. Мы нос маглі ўцерці еўрапейцам: санкцыі ўводзілі, а цяпер у нас угнаенні просяць. А я не даю, бо вам трэба».
Прэзідэнт заклікаў мясцовыя органы ўлады кіраваць працэсамі. «Старшыні райвыканкамаў, кіраўнік аблвыканкама і іншыя кіраўнікі, — канкрэтызаваў ён. — Можаце не кіраваць — адкажаце. На ўсю катушку адкажаце».
Міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч праінфармаваў аб форме фінансавай падтрымкі, якая разглядаецца ў кантэксце развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны. «Гэта вельмі дакладная і зразумелая форма падтрымкі, — канкрэтызаваў ён. — Трансферты будуць выплачвацца толькі па тых інвестыцыйных праектах, пералік якіх зацвердзіць Савет Міністраў па прапанове Магілёўскага аблвыканкама. Туды трапяць эфектыўныя і акупляльныя праекты».
Беларускі лідар нагадаў, што, прызначаючы на пасаду міністра фінансаў Уладзіслава Татарыновіча, рэкамендаваў яму трымаць «у кулаку» ўсе грошы. «Прыйшлі — праект, пералік праектаў, — прывёў прыклад Прэзідэнт. — Ён гаворыць, трэба 15 такіх комплексаў па вырошчванні рыб. Ну, нармальна — 20 % рэнтабельнасць. Рынак спажывае наш — вельмі патрэбна для нас. Знешні рынак — у чарзе стаяць. Што яшчэ трэба? Выдатны праект. Што яшчэ трэба? Трэба хутка гэта зрабіць, бо вечна гэта не будзе. Нічога вечнага не бывае. Трэба хутчэй зрабіць. Давайце дапаможам».
Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць праект указа, які прадугледжвае падаўжэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны. Пастаўлена задача — дапрацаваць дакумент з улікам дыскусіі, якая адбылася, абавязкова прыцягнуўшы да падрыхтоўкі праекта ўказа старшыняў сямі райвыканкамаў, аб развіцці якіх вядзецца размова.
«Вы павінны кожны прапанаваць хаця б па адным праекце ў раёне — такім грашовым», — удакладніў беларускі лідар.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, трэба знаходзіць розныя метады, каб людзі хацелі працаваць, і прывёў уласны вопыт, калі ён быў кіраўніком саўгаса «Гарадзец».

Ужо не ў першы раз беларускі лідар падкрэсліў, што ўсё пачынаецца з эканомікі. «Давайце будзем корпацца ў гэтай зямлі, — прапанаваў ён. — Самі будзем чымсьці харчавацца і карміць сваіх дзяцей, але і прадаваць, каб выжыць. Вось у чым сутнасць. Вызначцеся, чым вы будзеце займацца: або рыбу будзеце вырабляць па 20 % рэнтабельнасці, або будзеце на зямлі. Але тут трэба навесці парадак. Калі вы на зямлі парадку не навядзеце — не атрымаеце ўраджайнасць. Давайце як-небудзь упірацца. Старшыні райвыканкамаў, вазьміцеся за справу! Зрабіце так, каб бегалі бягом! А як рабіць — вы ведаеце».
Па словах кіраўніка дзяржавы, пытанні развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці разам з праграмай Прыпяцкага Палесся і сітуацыяй у Віцебскай вобласці пастаянна знаходзяцца ў яго полі зроку. «Таму не думайце, што мы пагаварылі і гэта ўсё так разыдзецца, — папярэдзіў беларускі лідар. — Дзейнічайце! Калі хтосьці не можа, прыйдзіце, скажыце. Знойдзем іншую работу. Трэба працаваць, трэба дзейнічаць».
Вераніка КАНЮТА