Як падкрэсліў Ігар Брылевіч, у Беларусі афіцыйна зацверджаны дзве ўрачэбныя спецыяльнасці: урач-рэфлексатэрапеўт і ўрач па традыцыйнай кітайскай медыцыне. Беларускія медыкі праходзяць навучанне і стажыроўкі непасрэдна ў Кітаі, супрацоўнічаючы з буйнымі медыцынскімі ўніверсітэтамі правінцыі Чжэцзян, гарадоў Чанчунь і Цяньцзінь. Спецыялісты дзвюх краін рэгулярна праводзяць сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі, абменьваюцца вопытам, што дае магчымасць павышаць даступнасць інавацый і высокатэхналагічнай дапамогі грамадзянам.
Паводле яго слоў, у Беларусі і Кітая падобныя падыходы да медыцыны і здароўя нацыі. Адным з прыярытэтаў Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026-2030 гады, зацверджанай Усебеларускім народным сходам, з’яўляецца дэмаграфічная бяспека. Галоўны пасыл — людзі павінны клапаціцца аб сваім здароўі, а хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Таму роля традыцыйных народных метадаў, уключаючы кітайскую медыцыну, набывае асаблівую каштоўнасць. Дэлегацыя пераканалася ў цеснай інтэграцыі традыцыйнай кітайскай і заходняй медыцыны ў Кітаі, і такія падыходы прымяняюцца ўжо ў Беларусі.
Гаворачы аб узаемадзеянні з Кітаем, ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва ў галіне традыцыйнай кітайскай медыцыны не абмяжоўваецца лініяй міністэрстваў аховы здароўя. У Беларусі створаны цэнтры традыцыйнай кітайскай медыцыны, адзін з якіх размешчаны ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», другі дынамічна развіваецца ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Беларускія калегі актыўна працуюць з партнёрамі з Ляанінскага ўніверсітэта традыцыйнай кітайскай медыцыны. У рамках візіту ў Кітай адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч, быў абмеркаваны ўвесь спектр адносін дзвюх краін, дасягнуты папярэднія дамоўленасці па эканамічнаму супрацоўніцтву.
Як адзначыў Ігар Брылевіч, за апошнія гады ўзаемадзеянне Беларусі і Кітая выйшла на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень, стаўшы прыкладам стратэгічнага партнёрства. Адным з паспяховых праектаў у рамках ініцыятывы «Пояс і шлях» з’яўляецца індустрыяльны парк «Вялікі камень». У парку актыўна развіваецца кластар медыцынскай прадукцыі і біятэхналогій, кітайскія кампаніі інвесціруюць у вытворчасць медыцынскага абсталявання, тэст-сістэм і лекавых прэпаратаў.
«Нашы народы — жалезныя браты: мы далёкія па адлегласці, але блізкія па духу. Мы гатовы і ў далейшым паглыбляць шматбаковае супрацоўніцтва ў рамках ШАС», — падкрэсліў Ігар Брылевіч.
Мікалай ЛІТВІНАЎ