На Гродзеншчыне адбыўся семінар «Роля органаў мясцовага самакіравання ў развіцці турыстычнай прывабнасці Гродзенскай вобласці на прыкладзе Навагрудскага раёна». Удзел у ім прынялі старшыні Гродзенскага абласнога, гарадскога і раённых Саветаў дэпутатаў. Удзельнікі абмеркавалі турыстычны патэнцыял Навагрудскага раёна, перспектывы развіцця экскурсійных маршрутаў і падзейнага турызму, а таксама ўзаемадзеянне мясцовых органаў кіравання і самакіравання ў сферы развіцця і папулярызацыі турызму. Удзельнікам мерапрыемства былі прапанаваны пазнавальныя экскурсіі па турыстычных аб’ектах Навагрудка.
Навагрудскі раён заслужана лічыцца адным з папулярных турыстычных напрамкаў у Гродзенскай вобласці. На яго тэрыторыі размешчана 86 аб’ектаў, якія ўяўляюць гістарычную і культурную каштоўнасць, а прыродныя багацці краю актыўна выкарыстоўваюцца ў сферы турызму. Гэта, а таксама многае іншае штогод прыцягвае дзясяткі тысяч наведвальнікаў.
У сваіх выступленнях Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, і Святлана Каралько, старшыня Навагрудскага раённага
Савета дэпутатаў, падкрэслілі значнасць дзейнасці органаў мясцовага самакіравання ў павышэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёна.
— Невыпадкова менавіта ў Навагрудскім раёне быў праведзены двухдзённы выязны семінар. Гэта зямля мае вялікае значэнне для кожнага з нас. Выхаванне патрыятызму праз вывучэнне гісторыі Навагрудчыны — важная задача, якая можа быць рэалізавана шляхам знаёмства з мясцовай гістарычнай спадчынай, выдатнымі асобамі і падзеямі, звязанымі з гэтым рэгіёнам, — адзначыла Алена Пасюта. — Падчас мерапрыемства мы як прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання ацанілі ролю мясцовай улады ў развіцці турыстычнай прывабнасці Навагрудскага раёна. У той жа час як турысты прайшлі па экскурсійных маршрутах і высветлілі, наколькі цікава тут пабываць.
Як падкрэсліла Святлана Каралько, у сферы турызму прымаюцца канкрэтныя захады для яе развіцця. Навагрудак можа прапанаваць турыстам разнастайныя магчымасці для адпачынку і знаёмствы з мясцовымі славутасцямі. Пры гэтым органы мясцовага самакіравання адказныя за стварэнне і падтрыманне інфраструктуры, прасоўванне турыстычных рэсурсаў, падтрымку бізнесу ў турыстычнай сферы і каардынацыю работы ўсіх зацікаўленых бакоў. Дзякуючы супрацоўніцтву мясцовых улад, турыстычных арганізацый і жыхароў раёна ствараюцца ўнікальныя турыстычныя прадукты і паслугі, а таксама захоўваюцца нацыянальныя традыцыі і культурна-гістарычная спадчына.
На другі дзень семінара ўдзельнікі сабраліся ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «ДАР» для правядзення дыялогавай пляцоўкі «Нам гэты мір завешчана берагчы». Абмяркоўваліся важныя тэмы: захаванне міру, выхаванне моладзі ў духу патрыятызму і павагі да нацыянальнай гісторыі, а таксама падводзіліся вынікі выязнога пасяджэння.
— Наша задача — перадаць маладым людзям вопыт старэйшага пакалення і захаваць гістарычную праўду аб падзеях тых гадоў. Нас уразіла старажытная гісторыя Навагрудскай зямлі, якую тут беражліва захоўваюць, развіты прамысловы турызм. Трэба адзначыць цікавыя падыходы ва ўзаемадзеянні служыцеляў царквы і органаў мясцовай улады. Ведаць і захоўваць гісторыю — значыць узяць на сябе адказнасць за наша мінулае, за сучаснасць і, вядома, за будучыню, — сказала Алена Пасюта.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў