Заснаваны ў ліпені 1992 года, Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» стаў брэндам нашай краіны, галоўным культурным форумам на ўсёй постсавецкай прасторы, а то і Еўропы. Кожны год у гэтыя ліпеньскія дні асноўная ідэя фестывалю («Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення») прываблівае ў старажытны Віцебск жыхароў многіх краін планеты. Тым больш што рашэннем Прэзідэнта ў перадфестывальныя і фестывальныя дні ўладальнікі білета на «Славянскі базар у Віцебску» могуць прыбыць у Беларусь без візы. Увогуле асабістая ўвага да фестывалю Аляксандра Лукашэнкі, дзяржаўная падтрымка культурнага форуму зрабілі яго значнай падзеяй у жыцці беларусаў і прадстаўнікоў многіх нацыянальнасцяў.
Практычна кожны год кіраўнік дзяржавы бярэ ўдзел у адкрыцці фестывалю. Словы, сказаныя ім у розныя гады з галоўнай культурнай пляцоўкі краіны, не страчваюць актуальнасці. Пераканацца ў гэтым можна, пагартаўшы падшыўку «Звязды».
«Самыя славянскія» прадстаўнікі культуры сабраліся ў Віцебску»
З 1995 года фестываль знаходзіцца пад асабістым патранажам Аляксандра Лукашэнкі. Рашэннем беларускага лідара — захаваць фестываль, які павінен праходзіць выключна ў Віцебску, — быў створаны культурны брэнд нашай краіны, аб якім ведаюць далёка за межамі Беларусі.
Выступаючы на адкрыцці ІV Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар» (менавіта так першапачаткова называўся культурны форум), Прэзідэнт адзначаў, што «самыя славянскія» прадстаўнікі культуры сабраліся ў Віцебску на чарговы фестываль, які ў 1995 годзе пашырыўся да ўдзелу розных відаў мастацтваў — музыкі, кіно, паэзіі.
«Славянскія базары яшчэ доўга будуць весціся на Беларусі, мы іх нікому не аддадзім», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка, паабяцаўшы арганізатарам сваю падтрымку і дапамогу з боку беларускага ўрада.
«Фестываль у Віцебску аб’ядноўвае прагрэсіўную частку творчай інтэлігенцыі розных краін свету»
У 2001 годзе ў фестывальны Віцебск упершыню прыбылі прэзідэнты адразу трох краін — Беларусі, Расіі і Украіны. Менавіта тады «Славянскі базар» дэбютаваў як пляцоўка для правядзення Дзён дружбы брацкіх народаў. «Аляксандр Лукашэнка стрымаў абяцанне, дадзенае год таму: зрабіць усё, каб юбілейны, дзясяты, фестываль ушанавалі сваёй прысутнасцю кіраўнікі дзяржаў — заснавальніц форуму», — пісала «Звязда».

Прымаючы ўдзел у адкрыцці Х Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», беларускі лідар заўважыў, што агляд талентаў у Віцебску заняў годнае месца ў фестывальным руху планеты. Рашэннем Міжнароднай федэрацыі фестывальных арганізацый «Славянскі базар у Віцебску» быў прызнаны лепшым фестывалем 2000 года, абагнаўшы 159 фестываляў са ста краін свету.
«Фестываль у Віцебску аб’ядноўвае прагрэсіўную частку творчай інтэлігенцыі розных краін свету, — адзначыў Прэзідэнт. — А сёлетні, юбілейны, увойдзе ў гісторыю тым, што на ім заснаваны Дзень дружбы брацкіх народаў Беларусі, Расіі і Украіны, якія з’яўляюцца асновай славянскага яднання».
«У аснове фестывалю — ідэя міру і дружбы»
Выступаючы на цырымоніі адкрыцця ХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў 2003 годзе, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што фестываль з’яўляецца адным з найбуйнейшых культуралагічных праектаў на тэрыторыі Еўропы, назваўшы яго ўнікальнай культурнай з’явай, сплавам ідэй яднання, міру і сяброўства.
На думку Прэзідэнта, сакрэт жыццёвай сілы фестывалю — ва ўзвышаных і цудоўных ідэях, галоўная з якіх — яднанне славянскіх народаў. «У аснове фестывалю — ідэя міру і дружбы», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Характэрнай асаблівасцю гэтага музычнага форуму стала тое, што яго ўпершыню асвяціў і выступіў з прывітаннем Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Акрамя таго, з 2003 года на фестывалі ўручаецца спецыяльная прэмія імя Уладзіміра Мулявіна. Узнагарода прысуджаецца аднаму з удзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні за яркае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканаўчае майстэрства.
«Гэты музычны форум прыцягвае ўсё новыя і новыя творчыя сілы, паступова пашыраючы кола сваіх прыхільнікаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і выказаў удзячнасць віцябчанам за тое, што яны годна сустракаюць гасцей фестывалю.
«Мастацтва — адна з найлепшых форм народнай дыпламатыі»
Адкрываючы ХІV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў 2005 годзе, Прэзідэнт назваў гэта культурнае мерапрыемства яркім і незабыўным святам мастацтва, духоўнасці і сяброўства.
«Наш фестываль перарос сваю назву, — канстатаваў беларускі лідар. — Ён становіцца сапраўды сімвалам не толькі славянскай, але і фактарам сусветнай культуры. Сюды, як да чыстай крыніцы, крыніцы высокай духоўнасці з надзеяй звернуты позіркі нашых братоў-славян і нашых сяброў, народаў, якія не хочуць страціць сваёй адметнасці, растварыцца ў моры глабалізацыі. Гэта заканамерна. Зямля Беларусі, знаходзячыся ў сэрцы Еўропы, на скрыжаванні старажытных шляхоў з Візантыі ў Скандынавію, увабрала найлепшыя дасягненні розных культур, захаваўшы сваю самабытнасць».
На фестывальнай пляцоўцы Прэзідэнт быў узнагароджаны медалём «За развіццё сусветнага фестывальнага руху». Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што беларусы спрадвеку былі гасціннымі гаспадарамі, разумелі каштоўнасць сяброўства і міру. «Нам не патрэбны разлад і ўзрушэнні, нам патрэбны стабільнасць, згодна і ўзаемапавага, — падкрэсліў Прэзідэнт. — А мастацтва, як вядома, адна з найлепшых форм народнай дыпламатыі. Яно родніць простых людзей незалежна ад іх нацыянальнасці і рэлігійных перакананняў, збліжае дзяржавы і цэлыя народы».
На фестывалі 2005 года нарадзілася традыцыя — была заснавана спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за значны ўнёсак ва ўмацаванне культурных сувязяў, сяброўства і ўзаемапаразумення паміж народамі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемапаразумення». З таго часу ўзнагарода штогод уручаецца падчас адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску». Яе лаўрэаты закладаюць імянную зорку на Плошчы зорак (Алеі лаўрэатаў) каля Летняга амфітэатра ў Віцебску.
«Уменне адкрыць і падтрымаць сапраўдны талент»
Падчас адкрыцця ХVІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў 2009 годзе Прэзідэнт заявіў, што фестываль — нацыянальная гордасць беларусаў, сімвал адкрытасці і гасціннасці беларускай зямлі і народа. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў сярэдзіне 1990-х, калі ўсё вакол разбуралася, рваліся векавыя сувязі, на віцебскай зямлі зацепліўся агеньчык сапраўднага мастацтва, шчырай творчасці, дружбы і брацкай згоды. На думку беларускага лідара, сакрэт поспеху віцебскага форуму і яго асаблівая магія перш за ўсё ў тым, што «Славянскі базар» мае сваё непаўторнае аблічча, самабытныя традыцыі, якія, як магніт, прыцягваюць да сябе людзей.
Па словах кіраўніка дзяржавы, «Славянскі базар у Віцебску» аб’яднаў хараство старадаўняй славянскай культуры з рытмамі і энергетыкай сучаснай цывілізацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што для віцебскага фестывалю прыярытэтамі заўсёды былі не камерцыйная цікавасць і піяр, а свабода творчасці і падтрымка людзей мастацтва незалежна ад капрызаў зменлівай музычнай моды.
«Асноўнай адметнасцю „Славянскага базару“ з самага пачатку было ўменне адкрыць і падтрымаць сапраўдны талент», — адзначыў Прэзідэнт.
«Тут заўсёды панавалі мір, сяброўства і ўзаемаразуменне»
У 2020 годзе, калі планету ліхаманіла ад ковіду, фестывальныя пляцоўкі і трыбуны Летняга амфітэатра ў Віцебску традыцыйна былі запоўнены. Падчас цырымоніі адкрыцця ХХІХ «Славянскага базару ў Віцебску» Аляксандр Лукашэнка прызнаўся:
у гэты ўрачысты вечар перапаўняюць пачуцці радасці і гонару за беларусаў, якія ніколі не становяцца на калені перад выклікамі часу.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў сітуацыі, калі ўсе краіны і народы знаходзяцца на мяжы глабальнага геапалітычнага крызісу, перадзелу свету, жыццёва важна захаваць традыцыю, якая аб’ядноўвае людзей.
«Што б ні адбывалася ў свеце, Міжнародны фестываль „Славянскі базар“ заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў сяброўства народаў, — акцэнтаваў увагу ён. — На гэтай сцэне з году ў год выступалі сотні артыстаў розных нацыянальнасцяў, розных палітычных і рэлігійных поглядаў, з розных дзяржаў свету. Але, нягледзячы на міжнародныя канфлікты, міжнацыянальныя і ўнутрыпалітычныя крызісы, тут заўсёды панавалі мір, сяброўства і ўзаемаразуменне».
«Голас за мір і сяброўства паміж народамі»
Падчас адкрыцця ХХХІV «Славянскага базару ў Віцебску»
ў 2025 годзе Прэзідэнт звяртаў увагу на тое, што ўжо больш як 30 гадоў, нягледзячы ні на якія катаклізмы, фестываль з’яўляецца астраўком душэўнага яднання, цяпла і святла.
«Мы жывём у век глабальных перамен, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Магчыма, самых вялікіх за ўсю гісторыю чалавецтва. Якім будзе свет заўтра, мы сказаць не можам. Але дакладна ведаем, што ў гэтым віры абавязкова трэба захаваць свае самабытнасць, культуру, традыцыі».
Прэзідэнт падкрэсліў, што «Славянскі базар» — гэта самая галоўная палітыка. «Мы ведаем, што пасля завяршэння свята тысячы ўдзельнікаў і яго гасцей вернуцца дадому, натхнёныя атмасферай нашага фестывалю, — растлумачыў ён. — Яны будуць дзяліцца сваімі ўражаннямі з сябрамі, роднымі і блізкімі. Гэта і ёсць голас фестывалю, голас за мір і сяброўства паміж народамі. Ён павінен быць пачуты. І ён абавязкова будзе пачуты. Нават тымі, хто аглух і слухаць не хоча».
Беларускі лідар заклікаў берагчы традыцыі. «У іх — будучыня, — падкрэсліў ён. — Будучыня вашых краін і ўсяго свету, прыгожага ў сваёй культурнай разнастайнасці».