Top.Mail.Ru

«Рэдкія кнігі, часопісы і фатаграфіі». У НББ адкрылася выстава да юбілеяў беларускіх пісьменнікаў

Кніжна-ілюстрацыйная выстава «Крыніцы любові да роднай зямлі», прымеркаваная да 150-годдзя з дня нараджэння Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і 175-годдзя Янкі Лучыны (Івана Неслухоўскага), адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, расказалі БелТА ва ўстанове культуры.


Выстава азнаёміць з жыццём і творчым шляхам аўтараў, якія пакінулі значны след у гісторыі беларускай літаратуры. У экспазіцыі прадстаўлена каля 120 дакументаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод іх — прыжыццёвыя і першыя пасмяротныя выданні твораў, асобныя лістоўкі, на якіх распаўсюджваліся вершы, копіі дакументаў, якія захоўваюцца ў іншых краінах. У свой час супрацоўнікі Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І.Леніна ездзілі ў экспедыцыі і здымалі копіі гэтых дакументаў, каб захаваць памяць аб нашых пісьменніках і іх літаратурную спадчыну.

«Мы пастараліся дапоўніць нашу экспазіцыю копіямі фатаграфій і дакументаў, якія былі апублікаваны на старонках розных выданняў і прысвячаліся жыццёваму шляху названых аўтараў. Сярод рэдкіх выданняў прадстаўлены, напрыклад, Паўночна-заходні каляндар 1893 года, у літаратурным альманаху якога ўпершыню былі надрукаваны беларускамоўныя вершы Янкі Лучыны. У гэтым выданні сярод іншых на сябе звяртае ўвагу верш „Стары паляўнічы“, які па сутнасці з’яўляецца перакладам аднаго з раздзелаў яго паэмы „Паляўнічыя акварэлькі з Палесся“. Янка Лучына адзін з першых у новай беларускай літаратуры паэтызаваў хараство роднай прыроды, якая ачышчае і ўзвышае чалавека», — расказалі ў аддзеле арганізацыі кніжных выстаў НББ.


Акрамя таго, у экспазіцыі можна ўбачыць першае асобнае выданне самой паэмы ў перакладзе на беларускую мову з акварэльнымі ілюстрацыямі мастака Пятра Драчова і адзіны зборнік беларускамоўнай паэзіі Янкі Лучыны «Вязанка». На жаль, ён быў выдадзены пасля яго смерці ў Санкт-Пецярбургу.

Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены рэдкія выданні Цёткі, у асноўным прысвечаныя яе творчасці для дзяцей і моладзі. Сярод іх тры нумары часопіса «Лучынка», які выходзіў у 1914 годзе, і першая ў гісторыі беларуская вучэбна-метадычная кніга «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Можна ўбачыць і багатую калекцыю крыніцазнаўчай літаратуры, прысвечанай творчасці гэтых аўтараў. Шырокі храналагічны дыяпазон выданняў ахоплівае перыяд ад пачатку XX стагоддзя да сучасных акадэмічных даследаванняў. Ёсць першае выданне савецкай эпохі, хрэстаматыі, анталогіі, зборнікі крытычных артыкулаў, дзе даследуецца і ўводзіцца перыядызацыя беларускага літаратурнага працэсу. На старонках гэтых выданняў асвятляецца творчы шлях аўтараў у кантэксце развіцця беларускай літаратуры ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў.

Арганізатары выставы падкрэслілі, што вырашылі аб’яднаць гэтых дзвюх асоб не проста так: яны належаць да аднаго перыяду ў гісторыі беларускай літаратуры, які ў свой час называўся новай беларускай літаратурай. Творчасць гэтых аўтараў аб’яднана любоўю да звычайнага народа, сялян, якія з’яўляліся носьбітамі простых жыццёвых каштоўнасцей, заўсёды жылі на ўлонні прыроды, ведалі і шанавалі яе прыгажосць. Дзякуючы простым людзям мы захоўвалі народныя традыцыі і фальклор, і ўсё гэта служыла крыніцамі натхнення для Івана Неслухоўскага і Алаізы Пашкевіч.

«Інжынер па адукацыі Іван Неслухоўскі, які вярнуўся да роднай мовы сваіх продкаў пад уражаннем ад спектакляў Старыцкага, што ставіліся ў той час у Мінску, і педагог Алаіза Пашкевіч, якая выбрала служэнне народу сваім прызваннем, бачылі ў літаратуры не проста мастацтва. Іх творчасць абапіралася на веліч народнай традыцыі і жаданне адлюстраваць непаўторнае хараство беларускай зямлі. Наведвальнікі змогуць убачыць, як шматгранныя творцы Янка Лучына і Цётка сваім словам і справай заклалі асновы асветнай дзейнасці для дзяцей, сталі заснавальнікамі новых жанраў і тэм у літаратуры», — рэзюмавалі арганізатары.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю