Top.Mail.Ru

Рэгіёны — за доўгатэрміновае партнёрства

Інтэграцыя ў дзеянні


Напярэдадні XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 25–26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці, асаблівая ўвага — пытанням эканамічнай інтэграцыі і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Аб значэнні гэтай важнай падзеі ў інтэграцыйным парадку дня Саюзнай дзяржавы, ролі рэгіёнаў ва ўмацаванні беларуска-расійскага супрацоўніцтва і практычных выніках інтэграцыйных працэсаў мы пагаварылі з членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшынёй Гомельскага райвыканкама Аляксандрам Новікавым.

Прафесійная біяграфія сенатара дазваляе ацэньваць значэнне форуму адначасова з некалькіх пазіцый — як парламентарыя, чалавека, які шмат гадоў працаваў у прамысловым сектары, і кіраўніка аднаго з буйных раёнаў Гомельшчыны.

Да выбрання ў Савет Рэспублікі Аляксандр Новікаў прайшоў шлях ад інжынера да генеральнага дырэктара аднаго з найбуйнейшых машынабудаўнічых прадпрыемстваў краіны — ААТ «Гомсельмаш». Менавіта ў гэты перыяд 

Аляксандр Аляксандравіч удзельнічаў у развіцці кааперацыйных сувязяў з расійскімі рэгіёнамі і рэалізацыі сумесных праектаў. Сёння яго вопыт запатрабаваны ўжо на парламенцкім узроўні, дзе пытанні эканамічнай інтэграцыі разглядаюцца праз прызму дзяржаўных інтарэсаў і практычных вынікаў.

Тэма форуму — не проста актуальная, а стратэгічна значная

— Сёння, як ніколі, актуальныя словы кіраўніка нашай дзяржавы аб тым, што самае галоўнае — гэта эканоміка. Менавіта эканамічны суверэнітэт дазваляе нам дастойна адказваць на знешнія выклікі і санкцыйны ціск, — падкрэслівае Аляксандр Новікаў.

Паводле слоў сенатара, тэма сёлетняга форуму не проста актуальная, а стратэгічна значная для абедзвюх краін. Невыпадкова форум будзе праходзіць пад дэвізам «Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў — аснова ўстойлівага развіцця Беларусі і Расіі», які адлюстроўвае актуальныя задачы нашых дзяржаў. І агульныя прыярытэты — нязменныя: гэта і ўмацаванне вытворчай кааперацыі, і забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту, і развіццё інтэграцыйных працэсаў, і пашырэнне гуманітарных сувязяў.

Як адзначае сенатар, ва ўмовах санкцыйнага ціску асаблівае значэнне набывае практычная кааперацыя паміж рэгіёнамі і прадпрыемствамі. Менавіта на міжрэгіянальным узроўні фарміруюцца новыя вытворчыя сувязі, развіваецца кааперацыя паміж прадпрыемствамі і ствараюцца дадатковыя магчымасці для ўстойлівага развіцця эканомікі.

— Форум рэгіёнаў сёння з’яўляецца адным з найбольш дзейсных інструментаў развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Толькі па выніках мінулага форуму ў Ніжнім Ноўгарадзе былі дасягнуты дамоўленасці аб заключэнні шэрагу кантрактаў, рэалізацыя якіх прынесла адчувальны эканамічны эфект, — нагадаў парламентарый.

Асноўная доля тавараабароту фарміруецца на міжрэгіянальным узроўні

Па словах Аляксандра Новікава, значная частка работы па эканамічнай інтэграцыі застаецца за рамкамі афіцыйнай праграмы форуму. Падрыхтоўка пагадненняў, прапрацоўка сумесных ініцыятыў і кантроль за выкананнем раней дасягнутых дамоўленасцяў вядуцца на працягу ўсяго года.

Як член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Аляксандр Новікаў бачыць адну з галоўных задач знакавай падзеі ў выпрацоўцы канкрэтных рашэнняў і падпісанні новых дарожных карт узаемадзеяння. Пра значнасць форуму сведчыць і ўвага да яго падрыхтоўкі з боку кіраўніцтва Беларусі і Расіі. Гэта, на думку суразмоўцы, яшчэ раз пацвярджае важнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў сістэме саюзных адносін.

— Варта дакладна разумець, што Расійская Федэрацыя не абмяжоўваецца Масквой і Санкт-Пецярбургам, а Рэспубліка Беларусь — Мінскам. Менавіта ўзаемадзеянне паміж рэгіёнамі стварае фундамент доўгатэрміновага партнёрства і забяспечвае ўстойлівасць нашых эканомік. Асноўная доля тавараабароту паміж нашымі краінамі фарміруецца менавіта на міжрэгіянальным узроўні. Таму развіццё прамых кантактаў паміж абласцямі, гарадамі і прадпрыемствамі мае прынцыповае значэнне, — падкрэслівае сенатар.

Для Аляксандра Новікава гэта тэма мае і асабістае прафесійнае вымярэнне. Яшчэ ў перыяд працы на ААТ «Гомсельмаш» яму давялося ўдзельнічаць у рэгіянальных форумах і бізнес-перагаворах з расійскімі партнёрамі. Як падзяліўся сенатар, сапраўды, многія кантакты, якія ўзніклі на такіх пляцоўках, у далейшым станавіліся асновай сур’ёзных вытворчых праектаў і доўгатэрміновага супрацоўніцтва.

Асаблівая ўвага — прамысловай кааперацыі

Як нагадаў парламентарый, асаблівая ўвага XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе ўдзяляцца пытанням прамысловай кааперацыі, імпартазамяшчэння і тэхналагічнага развіцця. У цэнтры абмеркавання будуць сумесныя праекты ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы і аграпрамысловым комплексе.

— Важна, што секцыі пройдуць непасрэдна на вядучых вытворчых пляцоўках краіны. Удзельнікі наведаюць БЕЛАЗ, БЕЛДЖЫ і індустрыяльны парк «Вялікі камень». Гэта магчымасць не толькі пазнаёміцца з дасягненнямі беларускіх вытворцаў, але і знайсці новыя пункты росту для сумесных праектаў, — падкрэслівае сенатар.

Аляксандр Новікаў звяртае ўвагу і на вопыт Гомельскай вобласці, якая на працягу многіх гадоў актыўна развівае партнёрскія адносіны з расійскімі рэгіёнамі, рэалізуе сумесныя праекты і пашырае вытворчую кааперацыю.


Пацвярджэнне гэтаму — XX Гомельскі эканамічны форум, які чарговы раз прадэманстраваў інвестыцыйны і прамысловы патэнцыял рэгіёна. Свае магчымасці тут прадставілі прадпрыемствы розных галін эканомікі, у тым ліку і вытворцы Гомельскага раёна. Сучасныя рашэнні для малочнатаварных комплексаў таксама прадставіла ААТ «Гомельагракамплект», турыстычны патэнцыял — Гомельскі вопытны лясгас з праектам «Дом рыбака і паляўнічага», санаторыі «Чонкі» і «Машынабудаўнік», а таксама загарадны комплекс «Ранчо». Па выніках форуму, дарэчы, быў падпісаны пратакол аб намерах па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта комплекснай рэканструкцыі санаторыя «Машынабудаўнік». Праект прадугледжвае стварэнне сучаснага спа-комплексу, будаўніцтва новага корпуса і далейшае развіццё аздараўленчай інфраструктуры.

— Любы форум каштоўны перш за ўсё сваімі вынікамі. Калі гэта дадатковыя інвестыцыі, стварэнне рабочых месцаў, пашырэнне рынкаў збыту і развіццё кааперацыі, — значыць пастаўленыя задачы вырашаюцца эфектыўна, — адзначыў парламентарый і пажадаў плённай работы на палях XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю