Top.Mail.Ru

Рэканструкцыя электрасетак надала другое дыханне вёсцы ў Мінскім раёне

Энергія адраджэння

Вялікія перспектывы Малявак

Галоўны інжынер Заслаўскага раёна электрычных сетак філіяла «Мінскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Аляксандр МУЧЫНСКІ расказаў, што сітуацыя пачала мяняцца пасля таго, як у 2021 годзе ў Маляўках была праведзена комплексная рэканструкцыя электрычных сетак з павелічэннем іх прапускной здольнасці і стварэннем тэхнічнай магчымасці выкарыстання электраэнергіі для ацяплення жылых дамоў.

Да рэканструкцыі лініі электраперадачы ў вёсцы былі ўсталяваны на драўляных апорах, якія замянілі на жалезабетонныя. Цяпер на іх пяць ізаляваных правадоў, у тым ліку тры фазы, адзін «нуль» і яшчэ адзін — ліхтарны. Абнавілі і вулічнае асвятленне: старыя лямпы замянілі святлодыёднымі з павышанай святлоаддачай.

— Гэты населены пункт напалову выкарыстоўваецца як дачны: хтосьці прыязджае час ад часу, хтосьці жыве тут пастаянна. Пасля рэканструкцыі электрасетак у 19 сем’яў з’явіліся новыя тэхнічныя ўмовы, і 12 з іх гэтыя магчымасці ўжо рэалізавалі — яны атрымалі магутнасць для ацяплення і гарачага водазабеспячэння і ўсталявалі электраабаграванне, — растлумачыў Аляксандр Мучынскі.

Ёсць нават зарадка для электрамабіля

Па словах галоўнага інжынера, пасля рэканструкцыі Маляўкі пачалі ажываць: у вёсцы сталі забудоўвацца пустуючыя ўчасткі, прыводзяцца ў парадак закінутыя дамы. З’явілася больш моладзі, у некаторых сядзібах усталявалі зарадныя станцыі для электрамабіляў.

Пенсіянерка Валянціна СЛАБКО пацвердзіла, што пасля пераходу на электрычнае ацяпленне стала прасцей падтрымліваць цяпло ў доме:

— Раней трэба было купляць, нарыхтоўваць і прывозіць дровы, прыбіраць іх, а таксама чысціць коміны. Цяпер для абагравання дома дастаткова ўключыць ацяпленне — і можна займацца сваімі справамі, працаваць у агародзе або адпачываць. Гэта зручна і выгадна. А калі ўзнікае нейкая праблема, напрыклад, адсутнічае вулічнае асвятленне, можна патэлефанаваць у адпаведную службу, і ўсё хутка выправяць.

Капейка рубель беражэ

Дасведчаныя мясцовыя жыхары расказалі, што абаграваць электрычнасцю індывідуальныя дамы нават больш выгадна, чым газам, асабліва калі зіма не вельмі суровая, а жыллё не занадта вялікае. Буйныя катэджы плошчай больш за 200 квадратных метраў лепш дадаткова абаграваць пелетнымі катламі. Дарэчы, апошнія таксама субсідуюцца дзяржавай.

Сёння ў Маляўках пражываюць людзі рознага статусу і дастатку. Аднак пенсіянерам нялішне будзе пацікавіцца, колькі сямейнага бюджэту «з’есць» такое цяпло. Аказваецца, існуюць два тарыфы. Калі асабліва лічыць і плаціць за электрычнае цяпло, тады атрымліваецца каля 4 капеек за кілават-гадзіну. А калі такое ацяпленне лічыць сумесна з астатнімі бытавымі прыборамі пры выкарыстанні аднаго прыбору ўліку — тады 11 капеек за кілават. Ёсць асобныя тарыфы і для электрапліты. Для інфармацыі: звычайны спажывец у горадзе плаціць 30 капеек за адзінку электрычнай магутнасці.

Заўважана, што цэны на зямельныя ўчасткі ў такіх населеных пунктах, няхай і не спяшаючыся, але папаўзлі ўверх. А следам і нерухомасць будзе даражэць. Камфорт сёння ў цане.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю