Top.Mail.Ru

Рэкордную трохмільённую рысу пераадолелі аграрыі Мінскай вобласці

У пачатку тыдня сельгасвытворцы Міншчыны зафіксавалі рэкордны намалот — 3 млн тон збожжа разам з рапсам і кукурузай. Гэта гістарычны максімум. Такім чынам, аграрыі цэнтральнага рэгіёна выканалі даручэнне Прэзідэнта, адзначылі ў прэс-службе Мінскага аблвыканкама. Уборка кукурузы, у тым ліку на зерне, у рэгіёне працягваецца. На дадзены момант сабрана звыш 5,5 млн тон зялёнай масы кукурузы, закладзена 4,7 млн тон сіласу, а таксама намалочана звыш 560 тысяч тон зерня кукурузы.


На палях Мінскай вобласці яшчэ працягваецца ўборка кукурузы на зерне. Разам з тым 15 раёнаў цэнтральнага рэгіёна ўжо пераадолелі планку ў 100 тысяч тон валавога намалоту. Нясвіжскі, Мінскі і Капыльскі раёны перавысілі вынік у 250 тысяч тон. Слуцкі і зусім стаў рэкардсменам, зафіксаваўшы намалот у больш як 300 тысяч тон!

Захаваць пазіцыі лідараў

Намалочаныя аграрыямі цэнтральнага рэгіёна 3 мільёны тон збожжа разам з рапсам і кукурузай — гэта вынік карпатлівай работы ўсіх гаспадарак, адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА на ўрачыстым мерапрыемстве, якое адбылося прама ў полі ў Мінскім раёне:


— Гэта агульная наша перамога, наш агульны поспех і вельмі высокая прафесійная планка. Мы нацэлены на тое, каб з улікам існуючага вопыту захаваць пазіцыі лідараў. Для гэтага ёсць усё неабходнае: у аптымальныя тэрміны завершана сяўба азімых, якія складаюць 82 % ад агульнай плошчы.

Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў, што ў цэнтральным рэгіёне ўсё больш зямель уводзяць у сельгасабарот, а людзі дэманструюць зараджанасць на поспех і высокі прафесіяналізм.

Віншуючы кіраўнікоў раёнаў з добрым вынікам, кіраўнік вобласці ўручыў ім караваі з мукі новага ўраджаю.

Лічба неканчатковая

На «Дажынках» у Валожыне ў 2024 годзе кіраўнік дзяржавы паставіў перад Мінскай вобласцю задачу, якая здавалася вельмі складанай, цяжка дасягальнай, нагадаў памочнік Прэзідэнта па Мінскай вобласці Аляксандр КОХАН:



— Але сістэмная работа, уклад кожнага раёна, сур’ёзныя адносіны кожнага работніка і ўмовы надвор’я далі магчымасць выканаць пастаўленую задачу. 3 мільёны тон збожжа — гэта перспектыва для развіцця жывёлагадоўлі, стабільная эканоміка прадпрыемстваў, даходы насельніцтва.

Паводле слоў першага намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Васіля СЫСОЕВА, ужо ёсць задзел у наступным годзе прымножыць вынік:


— 3 мільёны тон — лічба неканчатковая. Работа далей ідзе, і вынікі будуць падведзены пасля завяршэння ўборкі кукурузы.

Ён уручыў кіраўніку вобласці, якая стала жытніцай краіны, сімвалічную карту рэгіёна са збожжа розных культур новага ўраджаю.

«Працавалі, стараліся — і зямля аддзячыла»

Гаворачы аб жніве гэтага года, малады камбайнер агракамбіната «Ждановічы» Сяргей ДУБЕНЬ, які намалаціў звыш 4 тысяч тон, падзяліўся, што ў гэтым сезоне павялічыў свой вынік у два разы:



— Дапамагла добрая тэхніка — на жніво выехаў на новым камбайне. Паспрыялі таксама надвор’е і выдатны ўраджай. Працавалі, стараліся — 
і зямля аддзячыла.

Віктар ЛЮБІМАЎ
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю