Top.Mail.Ru

Рэкордны конкурс на новую спецыяльнасць

З 1 верасня ў Гомельскім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы пачнецца навучанне па абсалютна новай для Беларусі спецыяльнасці. Тут будуць рыхтаваць тэхнікаў-тэхнолагаў па спецыялізацыі «Эксплуатацыя і абслугоўванне нафтавых і газавых радовішчаў».


Гомельскі хіміка-тэхналагічны каледж стаў адзінай у Беларусі ўстановай сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе з гэтага года можна асвоіць названую прафесію. Для сістэмы падрыхтоўкі кадраў нафтагазавай галіны — гэта новы фармат узаемадзеяння ўстановы адукацыі і вытворчасці. Падрыхтоўка будучых спецыялістаў стала вынікам супрацоўніцтва каледжа і кампаніі «Беларуснафта».

Тэрмін навучання складзе 2 гады і 10 месяцаў. Сярод кваліфікацый, якімі змогуць авалодаць навучэнцы, — другі памочнік бурыльшчыка, памочнік бурыльшчыка падземнага і капітальнага рамонту свідравін, слесар-рамонтнік.

Падаваць дакументы на навучанне змаглі толькі выпускнікі 11-х класаў, а залічэнне праводзілася па конкурсе сярэдняга бала атэстата. На старце прыёмнай кампаніі было пададзена 70 заяў на 28 выніковых месцаў. Так, прахадны бал на новую спецыяльнасць склаў 8,5, а найвышэйшы сярэдні бал атэстата сярод абітурыентаў дасягнуў 9,3.


Як адзначыў дырэктар хіміка-тэхналагічнага каледжа Аляксандр Горленка, адкрыццё новай спецыяльнасці — вельмі адказны крок і новы этап развіцця для навучальнай установы.

— Гэта іншы ўзровень ведаў, новыя тэхналогіі і метады. Безумоўна, навучанне па гэтым кірунку пазітыўна адаб'ецца і на навучальным працэсе па іншых спецыяльнасцях, — перакананы кіраўнік установы адукацыі. — Прафесія спецыфічная, арыентаваная выключна на «Беларуснафту», таму практычна ўсе выпускнікі будуць размеркаваны ў розныя структурныя падраздзяленні кампаніі, — удакладніў Аляксандр Горленка.

Геаграфія навучэнцаў — будучых маладых спецыялістаў — шырокая. У асноўным вучыцца прыедуць юнакі з цэнтральнай часткі Гомельскай вобласці — Хойніцкага, Жлобінскага, Рэчыцкага, Светлагорскага і Гомельскага раёнаў, але ёсць і прадстаўнікі Магілёўскай і Брэсцкай абласцей.


Рыхтаваць навучэнцаў будуць не толькі штатныя педагогі каледжа, але і дзеючы інжынерны склад дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Беларуснафта».

Вельмі важна, што навучэнцы будуць атрымліваць падрыхтоўку не толькі ў навучальных аўдыторыях. Значная частка заняткаў будзе праходзіць непасрэдна на аб’ектах «Беларуснафты». У праграму навучання ўключана сувязь з рэальнымі вытворчымі аб’ектамі і спецыялістамі, якія працуюць у нафтагазавай галіне.

Для якаснай тэарэтычнай падрыхтоўкі пры падтрымцы дзяржаўнага вытворчага аб’яднання ў каледжы быў абсталяваны сучасны спецыялізаваны клас. У цырымоніі яго адкрыцця прыняў удзел генеральны дырэктар «Беларуснафты» Аляксандр Ляхаў.

— З 2029 года мы пачнём атрымліваць першых тэхнікаў-тэхнолагаў. Спачатку яны будуць працаваць па рабочых спецыяльнасцях, а затым, хутчэй за ўсё, стануць лінейнымі кіраўнікамі — узначаляць брыгады і ўчасткі. Па сутнасці, мы аднаўляем традыцыю падрыхтоўкі нашых спецыялістаў, вядомую яшчэ з савецкіх часоў, — падкрэсліў Аляксандр Ляхаў.

Кіраўнік кампаніі звярнуў увагу на максімальна практыка-арыентаваную падрыхтоўку будучых маладых спецыялістаў.

— Наша галоўная задача — каб навучэнцы каледжа адразу ж "абкатвалі" свае веды ва ўмовах рэальнай вытворчасці. Яны павінны бачыць на свае вочы, як здабываецца нафта, як будуюцца свідравіны. Таму аб’екты «Беларуснафты» ў той ці іншай ступені будуць прадастаўлены для навучальнага працэсу, — адзначыў Аляксандр Ляхаў. — У апошнія гады ў нас ужо выбудавана дакладная адукацыйная сістэма. Мы працуем з 51-й гімназіяй Гомеля, Рэчыцкім ліцэем, з гомельскімі ВНУ — ГДТУ імя Сухога і ГДУ імя Скарыны, якія рыхтуюць для нас горных інжынераў і геолагаў. Адкрыццё новай спецыяльнасці ў каледжы — гэта завяршэнне фарміравання таго ланцужка ведаў, які неабходны нашай кампаніі, — звярнуў увагу Аляксандр Ляхаў.

Як падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, адкрыццё навучання па абсалютна новай для Беларусі спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — унікальны вопыт для развіцця сістэмы адукацыі Гомельшчыны. На працягу года была распрацавана і аформлена ўся неабходная дакументацыя падрыхтоўкі, унесена ў рэестры спецыялізацыя бурыльшчыка і тэхніка па абслугоўванні бурыльных установак.


— Гэта не першы вопыт супрацоўніцтва ўстановы адукацыі і вытворчых прадпрыемстваў. Мы адкрываем ужо чацвёрты падобны клас. Вопыт вельмі добры. Заклікаю ўсе прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гомеля і Гомельскай вобласці, пільна паглядзець на нашы ўстановы прафтэхадукацыі. Мы можам забяспечыць падрыхтоўку па любой спецыяльнасці па заяўцы адміністрацыі профільнага прадпрыемства, — звярнуў увагу Руслан Смірноў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю