Top.Mail.Ru

Рэкордныя лічбы: Мінская вобласць пераадолела планку ў мільён тон нарыхтаванага сенажу

Такія даныя прывёў першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў падчас рабочай паездкі ў Капыльскі раён. На прыкладзе Капыльскага райаграсэрвіса там прадэманстравалі, як на практыцы выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы аб іх развіцці. 



«У прынцыпе, мехатрады, якія працуюць у райаграсэрвісах, — тэма не новая, і яны практычна ў кожным райаграсэрвісе ёсць.

З улікам таго, што практычна большая частка райаграсэрвісаў мае ўласную гаспадарку, то, натуральна, і роля мехатрадаў зводзілася да таго, што яны працавалі ва ўласных гаспадарках, не выязджаючы за межы. Мы паглядзелі вопыт работы адроджаных мехатрадаў у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, але пайшлі сваім шляхам, бо тэхнічная аснашчанасць Мінскай вобласці за апошнія некалькі гадоў істотна павысілася», — адзначыў ён. 

У прыватнасці, была закуплена вялікая колькасць трактароў, камбайнаў, гаспадаркі Міншчыны забяспечаны даволі моцным ядром сельгастэхнікі.

«Калі памятаеце, летась у Смалявіцкім раёне мы абмяркоўвалі пытанні прэсавання кармоў у поліэтылен, у плёнку. Тады былі дадзены даручэнні (Прэзідэнтам Беларусі. — „Зв.“) аб вытворчасці айчыннага прэса, а таксама аб тым, што неабходна гэтыя работы развіваць, — нагадаў Васіль Сысоеў. — Мы вырашылі ў Мінскай вобласці стварыць сем механізаваных атрадаў па выкананні такіх работ. Узялі той набор тэхнікі, які вы сёння бачыце, для таго, каб яны былі максімальна аўтаномныя ў частцы не толькі нарыхтоўкі, але і нават перавозкі згаданых відаў кармоў да бліжэйшай, дапусцім, фермы. На сёння мы практычна завяршылі камплектаванне гэтай тэхнікі. Натуральна, ядром будзе прэс — ён вырабляецца ў Мінскай вобласці, у Барысаве».

Нарыхтоўка кармоў у поліэтылен патрабуе набору мерапрыемстваў, якія павінны праходзіць у пэўнай паслядоўнасці і ў сціснутыя тэрміны. «Таму было прынята рашэнне, што гэтыя атрады будуць працаваць незалежна ад таго, ці гэта пасяўная, уборка альбо іншыя віды работ. Яны будуць мабільнымі. Атрад, які створаны ў Капыльскім раёне, можа пераехаць у Мядзельскі і там праводзіць нарыхтоўку кармоў. Мы выконваем некалькі даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Зразумела, справа новая. Але сёння гэты кірунак ужо здабыў рэальныя абрысы», — расказаў першы намеснік старшыні аблвыканкама.

Па словах Васіля Сысоева, у розных рэгіёнах Мінскай вобласці выйдуць у палі 7 механізаваных атрадаў з такім наборам тэхнікі.

Што датычыцца ўкосу траў, то сёлета вырас вельмі добры ўраджай, падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама. 

«Даныя метэастанцый пацвярджаюць, што больш за ўсё ападкаў выпала ў Мінскай вобласці, — адзначыў Васіль Сысоеў. — Вялася планамерная работа па закупцы і прымяненні мінеральных угнаенняў. На наступным тыдні пачынаем другі ўкос. З першага ўкосу на сёння мы пераадолелі планку ў мільён тон нарыхтаванага сенажу — першыя ў краіне. На такую лічбу мы заўсёды выходзілі, але ўслед за Брэстам, Гроднам. На раніцу сённяшняга дня плюс 500 тысяч тон нарыхтоўкі сенажу да ўзроўню мінулага года і плюс дзве кармавыя адзінкі. Дарэчы, гэты паказчык таксама сёння самы высокі па плюсе да ўзроўню мінулага года — мы дасягнулі 5 кармавых адзінак. І тэмпы нарастаюць. Мы выйшлі амаль на нарыхтоўку 100 тысяч тон сенажу ў дзень. Нясвіжскі раён на сёння завяршыў першы ўкос. Блізкі да гэтага і шэраг іншых рэгіёнаў».

Сёлета Мінская вобласць узяла курс на знакавыя лічбы. «У асобных гаспадарках цалкам перайшлі на азімую сяўбу. Гэта той кірунак, з якім мы будзем і далей працаваць, таму што калі яшчэ мінулы год неяк нівеліраваўся з яравымі культурамі і з азімымі, то сёлета мы праз тыдзень пачынаем прыбіраць азімыя культуры, няхай у паўднёвай частцы вобласці. Лічу, што для нас найважнейшым момантам з’яўляецца своечасовая сяўба азімых культур. У нас сёння плюс 15 тысяч гектараў сяўбы да ўзроўню мінулага года па азімым рапсе. Па рапсе ў нас ужо выстраілася лічба — 110-115 тысяч гектараў. Мы яе прытрымліваемся».

Яна Валасач
Фота аўтара
Капыльскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю