Top.Mail.Ru

Рэкорды на палях і ўпэўнены рост: Гомельшчына прадставіла лідараў АПК і галоўныя дасягненні сельгасгода

Цёплыя віншаванні і шчырыя словы ўдзячнасці, ганаровыя граматы, падзякі, а таксама каштоўныя падарункі атрымалі перадавікі АПК Гомельскай вобласці. 


Напярэдадні прафесійнага свята Дня работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Гомельскім грамадска-культурным цэнтры сабраліся аграрыі, прадстаўнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў, кіраўнікі гаспадарак, ветэраны галіны і маладыя спецыялісты. 

Шчырыя словы падзякі і віншаванні працаўнікам АПК Гомельшчыны адрасавалі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.

— Сёння мы ўшаноўваем тых, хто забяспечвае харчовую бяспеку краіны, чыімі рукамі ствараецца багацце Гомельшчыны і дабрабыт кожнай сям’і, — адзначыў на ўрачыстым свяце з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што сельская гаспадарка заўсёды была і застаецца апорнай галіной беларускай эканомікі, моцная вёска — гарантыяй незалежнасці дзяржавы і ўпэўненасці людзей у заўтрашнім дні. Па словах губернатара, Гомельская вобласць упэўнена трымае курс на развіццё аграпрамысловага комплексу, мадэрнізацыю вытворчасці і павышэнне якасці жыцця на вёсцы. 

— Валавы збор збожжавых, зернебабовых і рапсу склаў 1,381 мільёна тонаў. У стабілізацыйны фонд аграрыі вобласці паставілі 55,5 тысячы тонаў зерня, а таксама дадаткова — 2 тысячы тон высакаякаснай пшаніцы для Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Акрамя таго, у лік дзяржзаказу накіравана 9 тысяч тон алейнага насення рапсу на Гомельскі тлушчавы камбінат, — акцэнтаваў увагу Іван Крупко.

Ураджайнасць бульбы сёлета на Гомельшчыне склала 313 ц/га, што перавысіла мінулагодні ўзровень больш чым на 100 ц/га. Найвышэйшыя вынікі — 470 і 476 ц/га — дасягнулі аграрыі філіяла «Дубрава-Агра» Светлагорскага раёна і ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна. Больш за палову ўсяго абласнога ўраджаю бульбы забяспечылі гаспадаркі Буда-Кашалёўскага, Рагачоўскага і Кармянскага раёнаў.

Рэкардсменам па ўраджайнасці капусты і буракоў стала гаспадарка «Брылева», дзе сабралі 1456 і 790 ц/га адпаведна. Фермерская гаспадарка Міхаіла Шруба Жыткавіцкага раёна — лідар па ўраджайнасці морквы (800 ц/га). 

Як падкрэсліў кіраўнік вобласці, на Гомельшчыне поўнасцю закончана закладка бульбы, агародніны ў стабілізацыйныя фонды. Прадуктовую бяспеку рэгіёна ў міжсезонне забяспечваюць 20 арганізацый. Усяго аграрыямі закладзена 19,7 тыс. т бульбы, капусты, буракоў, морквы, цыбулі і яблыкаў. 

Сёння Гомельшчына ў тым ліку ўпэўнена нарошчвае вытворчасць малака, мяса і яек 

— За 9 месяцаў гэтага года атрымана 719 тыс. т малака, што на 4 % больш, чым годам раней. Рост паказалі Жыткавіцкі, Хойніцкі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Ельскі і Веткаўскі. Сярэдні надой на карову вырас на 277 кг і склаў 3675 кг. У лідарах — Нараўлянскі і Мазырскі раёны, дзе надаілі 6 і 7 т малака на карову адпаведна. Прырост амаль на тону атрыманы ў Петрыкаўскім раёне, — акцэнтаваў увагу Іван Крупко. 

У рамках урачыстага свята адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў». Так, сярод раёнаў найлепшымі прызнаны Мазырскі, Брагінскі і Акцябрскі раёны. Сярод раёнаў па нарыхтоўцы травяных кармоў лідары — Веткаўскі, Калінкавіцкі і Рэчыцкі раёны.

У вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі найлепшым у вобласці прызнана КСУП «Слабодскае імя Леніна» (вытворчасць ялавічыны). За дасягненне найвышэйшых паказчыкаў па аднаўленні статка сельскагаспадарчых жывёл сярод сельгасарганізацый першае месца заваявала КСУП «Эксперыментальная база «Крынічная». Перадавую пазіцыю ў абласным аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў» сярод сельскагаспадарчых арганізацый утрымала прадпрыемства «Саўгас-камбінат «Зара».

Пераможцы і прызёры абласнога агляду-конкурсу атрымалі ў падарунак ад кіраўніцтва аблвыканкама аўтамабілі. Гаспадаркам, прызнаным пераможцамі, для ўзмацнення матэрыяльна-тэхнічнай базы перададзены трактары.

За аказанне дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям у правядзенні палявых работ Гомельскі аблвыканкам аб'явіў Падзяку Гомельскаму гарвыканкаму, адміністрацыям Савецкага, Цэнтральнага, Чыгуначнага, Навабеліцкага раёнаў Гомеля. Падзякай аблвыканкама адзначаны шэраг прадпрыемстваў, якія ўнеслі істотны ўклад у падтрымку аграрнага сектара. Сярод іх — ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармаляў», КПУП «Гомельская гарадская ЖКГ», ААТ «Сейсматэхніка».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

Чытайце таксама: Важкі каравай — каля 11 мільёнаў тон збожжа

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю