Top.Mail.Ru

Рэктар БДАМ Алена Куракіна: «Адчуваю адказнасць за любое таленавітае дзіця»

1 кастрычніка — Міжнародны дзень музыкі 


Якія бонусы дорыць пасада кіраўніка? Чаму, стаўшы рэктарам, яна не адмовілася ад выкладання? За што палюбіла Беларусь і чаму менавіта тут вырашыла будаваць сваё жыццё? На якую хатнюю працу і сёння па-ранейшаму знаходзіць час? Пра гэта і многае іншае размаўляем з 13-м рэктарам Акадэміі музыкі, «Жанчынай года — 2025» у намінацыі «Духоўнасць і культура» — Аленай Куракінай.


Найлепшы стыль кіраўніцтва — эфектыўны 

— Алена Віктараўна, вось ужо 4 гады вы ўзначальваеце Акадэмію музыкі. Што для вас аказалася самым цяжкім на гэтай пасадзе? 

— Самае складанае — усведамленне асабістай адказнасці за калектыў, які больш за тысячу чалавек: студэнты, выкладчыкі, адміністрацыйны персанал. Кожны дзень да мяне звяртаюцца з няпростымі прафесійнымі і жыццёвымі сітуацыямі. Даводзіцца шукаць выйсце, знаходзіць рашэнне. Прывыкнуць да гэтага немагчыма. Улічваючы бесперапынную сістэму нашай музычнай адукацыі (школы — каледжы — акадэмія), як кіраўнік ВНУ адчуваю адказнасць за любое таленавітае дзіця. Менавіта Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі задае трэнды, вызначае сілавыя лініі для ўсёй сістэмы. Вельмі хочацца захаваць самых таленавітых юнакоў і дзяўчат у нашым прафесійным асяроддзі. 

— Творчая ВНУ — гэта заўсёды асаблівая ўстанова адукацыі, са сваімі традыцыямі. Якую традыцыю акадэміі вы лічыце вызначальнай і імкняцеся захоўваць? 

— Для студэнтаў і педагогаў акадэміі галоўнае — разумець: ты адно са звёнаў ланцужка, які сыходзіць у глыбіні нацыянальнай і сусветнай культуры. Імкнуся захаваць усё лепшае, што назапашана маімі папярэднікамі, наш асабісты кансерваторскі (і, калі заўгодна, кансерватыўны) дух і па магчымасці пашырыць межы творчай прасторы. 


— Вы працавалі ў БДАМ пад кіраўніцтвам і мужчын, і жанчыны. Чым, на ваш погляд, мужчынскі стыль кіраўніцтва адрозніваецца ад жаночага? Прадстаўнікам моцнай ці слабай паловы чалавецтва лягчэй, па-вашаму, дасягаць сваіх мэт?

— Спроба размежаваць жаночае і мужчынскае кіраўніцтва, на мой погляд, малапрадуктыўная. Гэта можа прывесці да збяднення, спрашчэння, ацэначна-параўнальнага падыходу. Стыль кіраўніцтва трэба ацэньваць не па гендарнай прыналежнасці, а па эфектыўнасці. Усё астатняе — гэта інструменты: чым больш разнастайны іх набор, тым больш прадуктыўнае прымяненне. Для дасягнення адных мэт лепш карыстацца мяккім, гнуткім падыходам, для іншых — напорыста-сілавым, цвёрдым. У арсенале большасці кіраўнікоў ёсць звычайна і тыя, і іншыя.

— Часта кіруючыя пасады вельмі мяняюць людзей. Вы заўважылі за сабой нешта падобнае? 

— Напэўна я таксама мяняюся і, як мне здаецца, не ў горшы бок (Усміхаецца). Думаю, гэта тлумачыцца найперш вялікім досведам. Дзякуючы яму лепш бачыш, у якіх сітуацыях, якія прыёмы і метады працуюць больш эфектыўна, пачынаеш хутчэй прымаць рашэнні. Камусьці можа здацца, што гэта ўзрослая патрабавальнасць, жорсткасць. Але, па маім унутраным адчуванні, гэта большая яснасць.

— Ці прыйшлося вам, стаўшы рэктарам, ад чагосьці ў жыцці адмовіцца? Якія «страты» ўспрымаюцца вамі найбольш востра, балюча? 

— Ёсць, вядома, спакуса паныць, пажаліцца, адказваючы на ваша пытанне. Калі штодня знаходзішся на рабоце дванаццаць гадзін і больш, на нешта, безумоўна, застаецца вельмі мала часу. Але я свядома адвучыла сябе ацэньваць прафесійныя змены з пазіцый страт. Гэта заўсёды звужае позірк, пакідаючы за яго межамі шмат важнага. Я засяроджваюся якраз на тым новым, цікавым, што ў маім жыцці з’явілася.

— І што вы ацэньваеце як бонус сваёй пасады? 

— З’явілася магчымасць увасобіць тыя ідэі, якія перш ажыццявіць не ўдавалася. Напрыклад, мы з вялікім размахам праводзім Маладзёжныя музычныя масты. Гэтыя «масты» злучаюць нашых студэнтаў з навучэнцамі музычных каледжаў і школ па ўсёй Беларусі. Фарматы разнастайныя. У мінулым годзе гэта было выступленне маладзёжнага аркестра з баяністаў і акардэаністаў, сёлета — сімфанічнага калектыву. Калі б не гэты праект, прадстаўнікі розных устаноў адукацыі маглі б ніколі не сустрэцца адно з адным. Вельмі задаволена, што нашы «масты» натхняюць усіх удзельнікаў і іх настаўнікаў. Яшчэ адзін праект, які сёлета атрымалася рэалізаваць, — «Кансерваторская змена». У Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар» мы сабралі таленавітых навучэнцаў з музычных школ, і два тыдні яны займаліся там з прафесурай БДАМ. 

— Алена Віктараўна, вы — 13-ы рэктар у гісторыі Акадэміі музыкі. Як вы ставіцеся да гэтай лічбы? Ці мае гэта для вас значэнне?

— Я не веру ў забабоны. Камусьці трэба быць 13-м рэктарам.


Спяваць і музіцыраваць здольныя ўсе дзеці 

— Чаму, стаўшы рэктарам, вы не адмовіліся ад выкладчыцкай нагрузкі? 

— Вельмі люблю гэту працу, катэгарычна не гатова ёю ахвяраваць. Для мяне вялікае задавальненне — перадаваць студэнтам свае веды аб музыцы і жыцці. 

— Якія яны — сучасныя студэнты БДАМ? Што іх адрознівае ад вашага пакалення студэнтаў?

— Студэнты акадэміі музыкі — асаблівая, больш адухоўленая, як мне здаецца, моладзь. Яны больш адкрытыя, больш падключаныя да вечных пытанняў. І яшчэ яны з дзяцінства прывучаныя да сістэматычнай, штодзённай шматгадзіннай працы. У параўнанні з маім пакаленнем сучасныя юнакі і дзяўчаты смялей задаюць пытанні, выказваюць свой пункт гледжання. Дыстанцыя паміж настаўнікам і вучнем скарацілася, і асабіста я часта адчуваю сябе на занятках у ролі экзаменаванага.

— Мусіць, усе вашы студэнты мараць аб сусветным прызнанні, выступленнях у Карнегі-холе, Берлінскай філармоніі, Ла-Скале і г. д.? 

— Пра гэта яны, безумоўна, мараць. Але не толькі... Шмат хто сцвярджае: іх клапоціць не толькі поспех, высокія ганарары, прызнанне, але і магчымасць рэалізоўваць свой творчы патэнцыял, свае ідэі. Яны жадаюць, каб іх мастацтва было запатрабавана самымі рознымі пластамі слухачоў, каб як мага больш людзей палюбілі акадэмічную музыку. Падчас рамонту ў акадэміі мы давалі канцэрты на розных пляцоўках, нават у гандлёвых цэнтрах. І ўсюды публіка вельмі эмацыянальна адгукалася на выступленні нашых студэнтаў. 

— Сёння нейрасеткі могуць імгненна напісаць фугу ў стылі Баха або накцюрн накшталт Шапэна. Ці не баіцеся вы тых выклікаў, якія штучны інтэлект нясе з сабой? Ці ўплывае ён на адукацыйны працэс у Акадэміі музыкі? 

— Толькі сёлета я пабывала на двух (у Кітаі і Узбекістане) міжнародных форумах, прысвечаных ШІ у мастацкай (перш-наперш музычнай) адукацыі. Пытанне абмяркоўваецца. На мой погляд, ШІ — выдатны памочнік у адукацыйным працэсе, напрыклад, для абагульнення велізарнага аб’ёму інфармацыі. Але асабіста я не веру ў тое, што ШІ можа сур’ёзна паўплываць на акадэмічную музычную адукацыю. Працэс навучання ў нашай ВНУ па сваёй прыродзе глыбока гуманітарны, і як шмат стагоддзяў таму, галоўнае ў ім па-ранейшаму — зносіны вучня і педагога. Мне здаецца, ШІ не можа быць канкурэнтам акадэмічнаму музыканту, які ўжывую ўзаемадзейнічае з публікай. Наадварот, каштоўнасць такіх выканаўцаў, кампазітараў сёння, на фоне створаных ШІ шаблонных, трафарэтных твораў, на мой погляд, павялічваецца. Жывое музіцыраванне больш эмацыянальна ўздзейнічае.

— Якімі павінны быць урокі музыкі і спеваў, на ваш погляд, у агульнаадукацыйнай школе, дзе вучацца розныя, часам пазбаўленыя слыху і голасу дзеці? 

— Супольнасць прафесійных музыкантаў Беларусі ўжо даўно выступае за тое, каб на ўроках у агульнаадукацыйных школах усіх дзяцей вучыць музіцыраваць. Кожны вучань павінен адчуць радасць ад таго, што спявае ці іграе на інструменце. Так, не ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі музычна адораныя, не ва ўсіх ёсць слых і голас. Але да любога прадмета ў дзяцей — розныя здольнасці. Хтосьці фізічна зусім не таленавіты, і тым не менш наведвае фізкультуру, і гэта ідзе яму на карысць. Спевы хорам, ігра на музычных інструментах таксама развіваюць асобу, дораць радасць. Успамінаю прыклад, калі ў якасці эксперыменту наш выкладчык прыйшла ў клас звычайнай школы, які лічыўся неспяваючым, і за паўгадзіны здолела аб’яднаць вучняў, каб яны праспявалі разам. Уся справа ў жаданні і методыках навучання. Для нас не менш важна не толькі знайсці таленавітых дзяцей, якія прысвецяць музыцы жыццё, але і выхаваць слухача, які праз гады прыйдзе іх слухаць у філармонію і тэатры. 

— Цяпер шмат пішуць аб тым, як дабратворна музыка ўплывае на развіццё кагнітыўнай сферы. Музыку актыўна пачынаюць выкарыстоўваць у медыцыне для рэабілітацыі. Па вашых назіраннях, музыка сапраўды валодае такім патэнцыялам? 

— Так. Вывучэнне нотнай граматы (а гэта адзін з самых складаных кодаў, выпрацаваных чалавецтвам) развівае мысленне, хуткасць, якасць нейронавых сувязяў у мозгу. Музыка гарманізуе левае і правае паўшар'і, развівае эмацыянальную сферу, пачуццё прыгажосці. Акрамя гэтага, сёння яна застаецца адным з нямногіх эфектыўных «процівагаў» таму рацыянальнаму падыходу, які перамагае ва ўсіх сферах жыцця з-за неверагодна імклівага развіцця тэхналогій. Дарэчы, музыканты, па маіх назіраннях, як правіла, аказваюцца паспяховымі і ў іншых галінах: IT-сферы, бізнесе. Сёння ў шматлікіх галінах патрабуецца сістэмнае гарманічнае мысленне і творчы, неардынарны падыход. У нашых выпускнікоў з гэтым усё ў парадку. 

Беларусь пакарыла мяне

— Алена Віктараўна, хто далучыў вас у дзяцінстве да музыкі?

— Тата. Энергетык па прафесіі, ён быў па-сапраўднаму адораным чалавекам, з абсалютным музыкальным слыхам. Не ведаючы нотнай граматы, у дзяцінстве самастойна навучыўся іграць на баяне і ў вольны час заўсёды браў інструмент у рукі. Тата вельмі хацеў далучыць маю старэйшую сястру і мяне да музыкі. І яму гэта ўдалося. І Таццяна, і я займаліся на піяніна, абедзве звязалі жыццё з музыкай. І за гэта тату вялікі дзякуй. Музыка вызначыла прафесію, месца працы, кола зносін. Лёс.

— Вы ўраджэнка Калінінградскай вобласці, там атрымлівалі пачатковую музычную адукацыю, потым вучыліся ў Латвіі. Але паступілі ў БДАМ і засталіся ў Беларусі. Чаму? Што вас тут затрымала? 

— Апынуўшыся ў Мінску, востра адчула асаблівасць краіны і людзей, і была пакорана. Справа ў тым, што адзін мой дзед, па мамінай лініі, этнічны немец, а дзед па бацьку — татарын. І я заўсёды адчувала ў сабе рознасць крыві. Мяркую, што інтуітыўна шукала месца, дзе мне было б камфортна жыць. Знайшла яго ў Беларусі, дзе ёсць нейкая раўнавага паміж Захадам і Усходам.

— Цікава, якія асаблівасці нацыянальнай музыкі, твораў беларускіх кампазітараў вы б адзначылі? 

— Для нацыянальнай беларускай музыкі характэрныя высакароднасць, лірычная, песенная інтанацыя. Няма знешняй эфектнасці, ёсць глыбіня, пяшчота. І гэтыя асаблівасці якраз звязаны з гісторыяй Беларусі. Бліжэй пазнаёміўшыся з ёй, я зразумела, чаму тут такая засяроджанасць на асабліва чалавечым, унутраным. Перажыўшы столькі трагедый, драм, беларусы сканцэнтраваныя на галоўным — жыцці і людскім пачатку ў кожным чалавеку. 

Духоўны чалавек дзеліцца з людзьмі лепшым у сабе 

— Вы сталі «Жанчынай года — 2025» у намінацыі «Духоўнасць і культура». Якія, на ваш погляд, галоўныя крытэрыі духоўнага, культурнага чалавека? 

— Асабіста для мяне гэта чалавек, які адчувае сябе часткай свету, заўважае іншых, прымае іх такімі, якія яны ёсць, мае патрэбу дзяліцца з імі тым добрым, што ў ім ёсць. 

— Маглі б распавесці крыху — што за жанчына Алена Віктараўна Куракіна? 

— Паверце, самая звычайная. Са сваімі жаданнямі, моцнымі і слабымі бакамі, шчаслівымі і не вельмі днямі, радасцямі і засмучэннямі. Люблю прыроду, людзей, прыгажосць ва ўсіх яе праявах.

— Ні ў адным інтэрв’ю з вамі я нічога не пачула пра ваша асабістае жыццё... 

— Мне не хочацца апублічваць асабісты бок жыцця. Магу толькі сказаць, што не адважылася б заняць кіруючую пасаду, калі б родныя людзі не разумелі і не падтрымлівалі мяне.

— Што вы робіце для падтрымання сябе ў добрай фізічнай форме? 

— Сачу за харчаваннем, імкнуся больш рухацца. У сілу дэфіцыту часу не наведваю зараз фітнес-залы, але рэгулярна выконваю комплекс практыкаванняў дома. ЗЛЖ — абсалютна неабходная ўмова для прадукцыйнасці любога музыканта. Мастацтва патрабуе сіл, здароўя, энергіі. 

— Ці ёсць нейкія хатнія справы, на якія вы па-ранейшаму знаходзіце час?

— Побытам цяпер займаюся па мінімуме. Умею, але не вельмі люблю гатаваць. Раней шмат часу траціла на кветкі — саджала, даглядала іх і на дачы, і дома; шмат вязала, шыла. Цяпер ад гэтага адмовілася. А вось прасаваць мне па-ранейшаму дастаўляе задавальненне. За гэтым заняткам мяне нярэдка наведваюць цікавыя творчыя думкі. 

— Як і дзе вы адпачываеце? 

— Самы даступны для мяне адпачынак — гэта прагулкі, калі я пераключаюся з тых працоўных думак, якія ўвесь час круцяцца ў галаве, на знешні свет, на «музыку» паўсядзённага жыцця. Гукі транспарту, шум ветру, дажджу, галасы мінакоў — гэта ж таксама музыка, і яна таксама эмацыянальна ўздзейнічае. Калі ёсць вольны час, люблю вандраваць па Беларусі. Вельмі падабаюцца Нарач, Браслаўскія азёры, правінцыйныя гарадкі, музеі, сядзібы. Калі ёсць магчымасць, падарожнічаю ў краіны блізкага і далёкага замежжа. Гэта так займальна — знаёміцца з жыццём іншых народаў, спазнаваць іх культуру. Заўсёды вяртаюся з масай уражанняў. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю