Top.Mail.Ru

Рэктар РІПА — аб уступнай кампаніі і перавагах рабочых прафесій

На ўзровень прафтэхадукацыі ўступная кампанія пачалася з 15 чэрвеня, на сярэдне-спецыяльны — стартуе 18 ліпеня. Што выбраць?

На якія спецыяльнасці традыцыйна самы высокі попыт, з-за чаго сціраюцца гендарныя межы паміж прафесіямі і дзе маладыя людзі могуць зарабіць больш за сваіх бацькоў, нават у статусе навучэнцаў, расказаў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук Валерый ГАЛУБОЎСКІ.

Задача — падрыхтоўка запатрабаваных на рынку працы кадраў

— Самы час маладым людзям вызначацца з выбарам будучай прафесіі. Раскажыце, чым сёння прывабны адукацыйны трэк, прапанаваны на ўзроўні прафтэхадукацыі (ПТА) і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (ССА)?

— Усяго ў нас каля 290 устаноў, якія рэалізоўваюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Увогуле налічваецца больш за 67 тысяч навучэнцаў на ўзроўні ПТА па рабочых прафесіях і каля 120 тысяч — на ўзроўні ССА. Як правіла, на сярэднім спецыяльным узроўні атрымліваюць кваліфікацыю «тэхнік-будаўнік», напрыклад, тэхнік, механік і яшчэ 2-3 рабочыя прафесіі. У тэхніка-будаўніка як спецыяліста сярэдняга звяна і патэнцыяльнага майстра ўчастка могуць быць кваліфікацыі «тынкоўшчык-маляр»; у тэхніка-механіка могуць быць «слесар механазборачных работ», «слесар-рамонтнік». Яны тым і прывабныя, што выходзячы з гэтай сістэмы, умеюць і рукамі працаваць, і калі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — арганізаваць работу невялікіх груп людзей, калектываў на вытворчасці ў рэальным сектары.

045A6551.JPG

— Мы — адна з нямногіх краін былога Савецкага Саюза, якая захавала прафесійна-тэхнічную адукацыю. Гэта наша перавага, таму што да нас едуць вучыцца, у тым ліку і з постсавецкіх краін. Можа, ёсць неабходнасць гэту кампетэнцыю маштабаваць у рамках экспарту адукацыйных паслуг?

— Тут ёсць асаблівасць узроўняў адукацыі. Калі ВНУ — гэта маладыя людзі пасля 11-х класаў, ужо больш самастойныя, яны спакойна едуць з іншых краін сюды навучацца, то асноўны наш абітурыент пасля 9-х класаў — гэта 15-гадовыя. Нямногія бацькі гатовы адпусціць у іншую краіну вучыцца, асабліва дзяўчынак, асабліва з азіяцкіх краін. Калі туркмены, узбекі ці кітайцы едуць вучыцца ў ВНУ, то ім ужо 17-18 гадоў. У нашым выпадку маштабаваць вопыт Беларусі па развіцці сістэмы прафесійнай адукацыі (што і робіць РІПА як базавая арганізацыя краін СНД) можна па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі на ўзроўні педагогаў, майстроў, кіраўнікоў каледжаў з усіх краін СНД

І яшчэ адна кампетэнцыя ў інстытута — метадычная. Раней усе падручнікі выдаваліся ў Маскве, у суверэннай Беларусі нацыянальная сістэма стваралася з нуля. Інстытут РІПА, створаны на базе інстытута павышэння кваліфікацыі, узяў на сябе функцыі працягу навуковых даследаванняў у галіне прафесійнай педагогікі. За намі засталася распрацоўка зместу стандартаў, планаў, праграм. Але вельмі важна, што мы — адзіная на постсавецкай прасторы структура, якая ўзаемадзейнічае з усімі галіновымі міністэрствамі і падведамнымі заводамі, установамі, арганізацыямі для таго, каб патрабаванні да спецыялістаў трансфармаваліся ў змест стандартаў, планаў, праграм. А гэта звыш 200 спецыяльнасцяў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 110 спецыяльнасцяў прафтэхадукацыі з рабочымі кваліфікацыямі ў колькасці больш за 400.

045A5818.JPG

Пад змест адукацыі выдаём падручнікі, далей — ствараюцца цэнтры кампетэнцый, якія забяспечваюцца праз інстытут самым перадавым абсталяваннем. Мы вызначаем, чым дааснасціць якую пляцоўку, зыходзячы з профіляў падрыхтоўкі, і плануем сеткавае выкарыстанне гэтых рэсурсаў профільнымі каледжамі ў рэгіёне. Не ва ўсіх ёсць сучаснае абсталяванне, але трэба, каб яно працавала на ўсе профільныя ўстановы.

  • Яшчэ адзін кампанент — павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка ўсіх педработнікаў каледжаў. Мы замкнулі кола ад навукі да кваліфікацыі педагогаў. Такі цэласны падыход ёсць толькі ў Беларусі. Таму прадстаўнікі краін СНД, прыязджаючы сюды, перш за ўсё, вывучаюць, як у комплексе развіваць сістэму, улічваючы ўсе яе складнікі, каб змест, адукацыйнае асяроддзе, усё адпавядала агульнай задачы — падрыхтоўцы запатрабаваных на рынку працы кадраў з высокім узроўнем кваліфікацыі. Таму экспарт адукацыйных паслуг — у навучанні педагогаў, майстроў, дырэктараў, як выбудоўваць сістэму і яе развіваць.
045A6086.JPG

Падзел на жаночыя і мужчынскія прафесіі сышоў у нябыт?

— Калі на ўзроўні вышэйшай адукацыі суадносіны дзяўчат-хлопцаў плюс-мінус аднолькавыя, то на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай — гендарныя суадносіны іншыя: хлопцы пераважаюць (66 %). Адпаведна, гэта накладвае адбітак і на спецыяльнасці, якія прапануюцца ў адукацыйным цыкле, ці не так? Або сёння няма гендарнага абмежавання, гэта значыць пайсці вучыцца на будаўніка можа і дзяўчына, а на цырульніка — хлопец?

— На спецыяльнасцях ПТА не так даўно навучалася 67,4 % юнакоў і 32,6 % дзяўчат. А па сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай — лічбы прыкладна супастаўныя. Гэта значыць 47 % хлопцаў і 52 % дзяўчат. Чаму на ПТА больш юнакоў? Па-першае, таму што гэта рабочая прафесія, часцей за ўсё звязана з цяжкай фізічнай працай. І тут гендарны падзел зразумелы. Усё ж такі ў жанчыны ёсць важная місія — нараджэнне здаровых дзяцей, якія будуць далей развіваць нашу краіну. Таму ў ПТА прапаноў для дзяўчат не так шмат. Як правіла, гэтыя спецыяльнасці звязаны са швейнай вытворчасцю, кухарскай і кандытарскай справамі, цырульніцкім майстэрствам

Але мы бачым, што дзяўчаты пачынаюць паступаць не на прафтэхнічны, а на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Напрыклад, спецыяльнасць з кваліфікацыяй «аўтамеханік» (абслугоўванне і рамонт электрамабіля). Іх няшмат, але ў групе ўжо 2-3 дзяўчынкі з’яўляюцца. Мы фіксуем, што ў машынабудаўнічым комплексе яны ёсць на такіх спецыяльнасцях, як «Мехатроніка», «Наладчык станкоў з ЛПК», «Аўтаматызацыя вытворчых працэсаў». Там, дзе чыстая вытворчасць і, па сутнасці, тое ж праграмаванне, але праграмаванне не мабільных дадаткаў, а складанне кіруючай праграмы пры загрузцы ў станок, які ажыццяўляе выраб дэталяў. Пры гэтым усё чыста: пульт кіравання, праграма, станок.

045A6094.JPG

У той жа час бачым, што хлопцы з’яўляюцца сярод цырульнікаў і кухараў, дызайнераў на швейнай вытворчасці і нават на конкурсах займаюць прызавыя месцы. Адсюль можна зрабіць выснову аб тым, што маладыя людзі сёння разам з іх бацькамі (яны таксама ўжо іншага пакалення) ламаюць стэрэатыпы, якія былі раней устаноўлены для канкрэтных прафесій — мужчынская ці жаночая.

  • Па-другое — яны ламаюць гэтыя стэрэатыпы, таму што праца змянілася, і шэраг прафесій, якія раней былі бруднымі і непапулярнымі, становяцца высокатэхналагічнымі, як у машынабудаванні, напрыклад. Або досыць крэатыўнымі, як у індывідуальным пашыве адзення або тэхналогіях афарбоўвання і стварэння вобразаў, макіяжу і гэтак далей.

— Хлопцы — майстры па манікюры — у адукацыйным працэсе ўжо рэальнасць?

— Так, гэта новы кірунак, якога перш не было. Быў раней цырульнік мужчынскі і жаночы. Потым з’явіліся ўніверсальныя. Узніклі барберы. Раней цырульнік выконваў стрыжку, галіў бараду і вусы, стрыг бровы, а цяпер ёсць бравіст і барбер.

— Калі на рынку ўзнік попыт, як хутка можа з’явіцца адукацыйная прапанова?

— У гэтым выпадку названыя прафесіі не з’яўляюцца асобнай спецыяльнасцю. Яны частка рабочай прафесіі, якіх можа быць дзве-тры ўнутры адной спецыяльнасці, таму што яны сумежныя. Ёсць рынак працы са сваімі кваліфікацыямі — гэта якраз барбер, бравіст; фларыстаў мы не так даўно пачалі рыхтаваць; барыста (якога не было). А калі бярэм кваліфікацыі адукацыі, то барыста будзе ў спецыяльнасці, звязанай з кухарскай справай, і ён разам з прыгатаваннем страў будзе ўмець варыць каву. А працаваць зможа і кухарам, і барыста. Гэта значыць тэндэнцыі на рынку працы мы адсочваем і сумесна абмяркоўваем. Вельмі важная роля ў гэтым сектаральных саветаў. Дарэчы, РІПА з Мінпрацы былі ў эпіцэнтры распрацоўкі Нацыянальнай стратэгіі развіцця кваліфікацыі і яе запуску. Сёння мы рады, што ў нас адбыліся фарміраванне і дзейнасць 21 савета.

Настрой на вучобу

— Якую колькасць навучэнцаў плануецца прыняць сёлета? І як не прапусціць тэрміны падачы дакументаў?

— На ПТА прыёмная кампанія пачалася з 15 чэрвеня. Як правіла, яна доўжыцца да канца жніўня. Ва ўпраўленняў адукацыі ёсць права падаўжаць гэты тэрмін у выпадку, калі існуе недабор нейкай колькасці; павялічваць колькасць месцаў па прыёме на рабочыя прафесіі ў выпадку, калі яны на рынку працы запатрабаваны. Напрыклад, будаўнікі, аграрыі і гэтак далей.

На ўзровень ССА прыёмная кампанія стартуе з 18 ліпеня.

045A6234.JPG

Што датычыцца колькасных даных па прыёме, яны супастаўныя з мінулым годам, калі ўзяць па двух узроўнях. Але трэба адзначыць, што на сярэдні спецыяльны ўзровень колькасць месцаў павялічылася ў сувязі з нязначным ростам колькасці выпускнікоў 9-х класаў.

— А ёсць спецыяльнасці, якія карыстаюцца найбольшым попытам, на якія высокі конкурс, гэта значыць, як цяпер модна казаць, папулярныя?

— Ёсць папулярнасць і запатрабаванасць. Папулярнасць — гэта тое, што хочуць маладыя людзі з іх бацькамі. Запатрабаванасць — тое, што неабходна на рынку працы. З нарастаючым вынікам ідзе запатрабаванасць на машынабудаўнічы профіль. Самы вялікі попыт — у прамысловасці (не толькі заводы па машына-, трактарабудаванні), але і ў перапрацоўчай галіне. Чаму гэта стала папулярна? Таму што пры павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці і заказаў на тэхніку (напрыклад, «Інтэгралу», МАЗу, МТЗ, МЗКЦ, «Гомсельмашу») патрабуецца павелічэнне колькасці рабочых рук. Ацэньваючы прадукцыйнасць працы, работадаўцы падымаюць зарплаты. Але як толькі яны дзесьці павышаюцца, з’яўляюцца больш камфортныя ўмовы працы, адразу ж рэагуе спажывец (усё ж такі абітурыент — гэта спажывец адукацыйных паслуг)

Малады чалавек і яго бацькі глядзяць, дзе ён устойліва забяспечыць сабе прафесійны рост, дзе ў яго будзе сацыяльны пакет, у тым ліку добрая зарплата, магчымасці кар’ернага росту і гэтак далей.

  • Многія маладыя людзі пачынаюць зарабляць ужо на трэцім курсе падчас вытворчай практыкі: прафтэхнічныя спецыяльнасці, будаўнікі, машынабудаўнікі, кухары, цырульнікі, напрыклад. У машынабудаванні зарплата навучэнца можа дайсці да трох тысяч рублёў у месяц (гэта больш, чым у некаторых бацькоў).

Сярод моладзі традыцыйным попытам карыстаюцца інфармацыйныя тэхналогіі. На сярэднім спецыяльным узроўні ажыццяўляецца падрыхтоўка на спецыяльнасці, звязаныя і з інфармацыйнай бяспекай, стварэннем розных праграмных прадуктаў, вэб-дызайнам, графічным дызайнам. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі яны маюць пэўную кваліфікацыю і ў шэрагу выпадкаў досыць высокія прахадныя балы. Напрыклад, у філіял БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж» трэба мець высокі сярэдні бал атэстата за 9 класаў. Былі гады, калі прахадны бал быў 10.

— 10 з 10-ці магчымых?

— Так. Узровень падрыхтоўкі — якасны. І потым у каледжаў, якія даўно рыхтуюць спецыялістаў па інфармацыйных тэхналогіях, як правіла, ёсць узаемадзеянне, у тым ліку з рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій і іншымі арганізацыямі.

Для дзяўчынак традыцыйна высокія прахадныя балы на спецыяльнасці фінансава-эканамічнага профілю і цырульніцкага майстэрства. Якія яшчэ ёсць кірункі? Мабыць, асноўныя, якія ахопліваюць наша жыццё, ужо названы.

Наша даведка

У сёлетнюю ўступную кампанію на ўзровень ССА запланаваны прыём на 38,6 тысячы месцаў, з якіх 29,7 тысячы — за кошт сродкаў бюджэту і 8,9 тысячы — на платнай аснове. Асноўная колькасць бюджэтных месцаў, гэтак жа, як і на ўзроўні ПТА, размеркавана паміж спецыяльнасцямі інжынернай, апрацоўчай і будаўнічай галін.

  • На ўзровень ПТА запланаваны прыём 28 тысяч навучэнцаў.

Сёлета па спецыяльнасцях узроўняў ССА і ПТА істотна павялічаны мэтавы набор абітурыентаў. Так, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі выдзелена 6,9 тысячы месцаў — на тысячу больш, чым у 2024-м. На спецыяльнасці ўзроўню прафтэхадукацыі выдзелена 5,5 тысячы мэтавых месцаў: плюс 1300 у параўнанні з мінулым годам.


Самая працяглая прыёмная кампанія — на спецыяльнасці прафтэхадукацыі. Прыём дакументаў ва ўстановы, дзе вядзецца падрыхтоўка на ўзроўні ПТА, пачаўся 15 чэрвеня (гэта значыць раней, чым на ўсе іншыя ўзроўні адукацыі) і завершыцца пазней за ўсіх — толькі 23 жніўня.

  • На спецыяльнасці ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём дакументаў пачнецца 18 ліпеня. Абітурыенты, якія скончылі 9 класаў, змогуць падаць дакументы ў каледжы на «бюджэт» да 1 жніўня, на платную форму — да 12 жніўня. Тыя, хто паступае пасля 11 класаў або атрымаў прафесійна-тэхнічную адукацыю, могуць падаць дакументы на бюджэтную форму навучання да 6 жніўня, на ўмовах аплаты — да 14 жніўня.

AX2I4729.JPG

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю