Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва распрацоўвае Канцэпцыю дзяржаўнай жыллёвай палітыкі ў Беларусі да 2030 года, якая будзе ўключаць у сябе некалькі ключавых кірункаў — дэўрбанізацыю, рэнавацыю і павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля. Што мяркуецца зрабіць у гэтых кірунках?
Як адзначыла член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Анжаліна СЫРАМЯТНІКАВА, многія рашэнні па арэндным жыллі на заканадаўчым узроўні ўжо прыняты. Першы ўказ, які быў падпісаны кіраўніком дзяржавы пасля перавыбрання, прадугледжвае комплекснае рэгуляванне прадастаўлення арэнднага жылля работнікам найбольш запатрабаваных прафесій. Дэпутат растлумачыла: мясцовыя органы ўлады надзяляюцца правам вызначаць пералік запатрабаваных спецыялістаў у рэгіёнах. Такім работнікам даецца першачарговае права атрымання арэнднага жылля. У гэтым выпадку аплата за яго будзе налічвацца з паніжальным каэфіцыентам. «Прапанаваны ўказам парадак прадастаўлення арэнднага жылля пасадзейнічае прытоку спецыялістаў, запатрабаваных для кожнага канкрэтнага раёна, іх замацаванню на рабочых месцах і, як вынік, развіццю эканомікі рэгіёна, — лічыць член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве.
Наступны кірунак распрацаванай канцэпцыі — дэўрбанізацыя — прадугледжвае скарачэнне аб’ёмаў будаўніцтва жылля ў буйных гарадах і перанос акцэнтаў на ўзвядзенне жылля ў гарадах-спадарожніках і ў вёсцы. Па меркаванні Анжаліны Сырамятнікавай, гэта здыме пытанне залішняга ператоку кадраў у сталіцу і абласныя гарады і стане дзейснай мерай па вяртанні іх у сельскую мясцовасць і ў малыя гарады.
«У развіццё тэмы дадам, што ў Беларусі павялічаны нарматыў дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве і набыцці жылля. Размова ідзе аб гарадах з колькасцю да 20 тысяч жыхароў. Сума ўзрасла значна: цяпер яна складае Br1968. Для параўнання: у 2024 годзе яна складала Br1251, — адзначыла дэпутат у прэс-цэнтры БелТА. — Падтрымка будзе аказана пры ўмове, што чаргавік пражывае і працуе ў горадзе, у якім будуе або купляе жыллё: кватэру ці індывідуальны жылы дом. Гэты прыклад даказвае, што ў краіне паэтапна ствараюцца ўсё больш прывабныя ўмовы для паляпшэння якасці жыцця беларусаў у малых гарадах і сельскай мясцовасці».
Ператоку кадраў у сельскую мясцовасць для папаўнення рабочай сілы ў сельскай гаспадарцы таксама будзе садзейнічаць пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны № 101, згодна з якой беспрацоўныя пры пераездзе ў сельскую мясцовасць будуць атрымліваць суму, роўную дзевяці бюджэтам пражытачнага мінімуму. З 1 лютага сума бонусаў пры пераездзе складае больш як Br4 тыс. Пасля працаўладкавання на працягу пяці дзён работнік атрымлівае фінансавую падтрымку, пры гэтым ён абавязаны адпрацаваць у арганізацыі не менш чым год.
Трэці кірунак канцэпцыі жыллёвай палітыкі, якая сёння ў стадыі прапрацоўкі, — рэнавацыя. Гэтая праграма накіравана на рассяленне жыхароў і знос жылога фонду, які мае невялікую паверхавасць і значны тэрмін эксплуатацыі. «Беларусь пойдзе па шляху Расіі, якая ўжо дзясятак гадоў займаецца рэнавацыяй жыллёвага фонду, — заявіла Анжаліна Сырамятнікава. — Хрушчоўкі ў свой час сталі першымі шматкватэрнымі дамамі, якія будуюцца з дапамогай жалезабетонных панэляў, што дазволіла рассяліць жыхароў камунальных кватэр і вырашыць кватэрнае пытанне ў перыяд вострага недахопу жылля ў СССР. Гэтая спадчына савецкага мінулага вычарпала сябе як маральна, паколькі мае малагабарытныя і прахадныя пакоі, так і фізічна — укладанне фінансавых сродкаў у капрамонт немэтазгодна».
Дэпутат рэзюмавала, што знос старых дамоў і будаўніцтва новых сучасных жылых комплексаў будуць арыентаваны на эфектыўную забудову ўжо сфарміраваных мікрараёнаў, паляпшэнне жыллёвых умоў грамадзян, вырашэнне праблем са састарэлай інфраструктурай. Жыхарам знесеных дамоў будзе прадастаўляцца раўнацэннае жыллё з плошчай не меншай, чым у старой кватэры, або грашовая кампенсацыя.
Умовы для інвестараў
«Заканадаўцы працуюць магістральна па зададзеных вектарах развіцця будаўнічай галіны, дзе патрабуецца рэгуляванне ўжо дзейнага заканадаўства або прыняцце новага заканадаўчага акта ў кантэксце зменлівых рэалій у палітыцы, эканоміцы, развіцці навукова-тэхнічнага прагрэсу і лічбавых тэхналогій», — звярнула ўвагу дэпутат.
Задачу заканадаўцаў у гэтым кантэксце Анжаліна Сырамятнікава бачыць у своечасовым прыняцці законаў, каб заканадаўства магло аператыўна падставіць плячо эканоміцы. Так, Палатай прадстаўнікоў у 2024 і 2025 гадах ратыфікавана 14 пагадненняў у частцы ўзаемнага гандлю і гарманізацыі мытнага заканадаўства з іншымі краінамі. Меры, якія прымаюцца, паводле слоў члена Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве, накіраваны ў процівагу беспрэцэдэнтнаму санкцыйнаму націску з боку краін Захаду. Як было адзначана, страчаныя на рынках дзяржаў Еўропы і Украіны аб’ёмы экспарту ўжо значна перавышаны за кошт гандлю з краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Кітая, паказальныя і вынікі па інвестыцыях у эканоміку Беларусі за мінулы год.
Так, з прыцягнутага замежнага капіталу ў 2024-м у суме $1,7 млрд ТОП-3 інвестараў размеркаваўся наступным чынам: Расія, ААЭ і Кіпр з лічбамі адпаведна — 24,9 %, 14,3 % і 13,1 %. Услед за імі: Кітай з паказчыкам 4,3 %, Германія — 3,5 % і Нідэрланды — 2 %. Замыкаюць васьмёрку інвестараў Польшча і Балгарыя з паказчыкамі 1,3 % і 1,26 % адпаведна.
«Возьмем у якасці прыкладу Кітайска-беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“. Раней краіны заходзілі са сваімі інвестыцыямі на ўмовах арэнды зямлі пад бізнес, а сёння бізнес заходзіць на ўмовах набыцця вытворчых плошчаў і зямлі ва ўласнасць. На мой погляд, гэта сведчыць аб упэўненасці інвестараў у заўтрашнім дні Беларусі і яе інвестыцыйнай прывабнасці», — падкрэсліла Анжаліна Сырамятнікава.
У тэму
Нацыянальны фестываль архітэктуры пройдзе восенню
Сёлета Беларускаму саюзу архітэктараў спаўняецца 90 гадоў. У верасні-кастрычніку пройдзе ўжо традыцыйны фестываль. «Ён будзе напоўнены падзеямі, конкурсамі і творчасцю, мерапрыемствы будуць ахопліваць як маладое пакаленне, так і прафесійных архітэктараў», — падзяліўся планамі старшыня ГА «Беларускі саюз архітэктараў» Алег БЫКОЎСКІ. Ён падкрэсліў асаблівую значнасць прафесіі архітэктара для грамадства.
«Асновай для развіцця тэрыторыі з’яўляецца горадабудаўніцтва, а састаўной часткай — жыллёвая палітыка. Гэта палітыка, якая мусіць быць у руках дзяржавы. А інструментам для яе рэалізацыі служыць будаўніцтва. Мы павінны вельмі ўважліва ставіцца да таго, што дазваляем будаваць, на якіх месцах. У гэтым павінна праяўляцца дзяржаўная палітыка — у дазвольных дакументах, у прыняцці рашэнняў па будаўніцтве важнейшых аб’ектаў», — адзначыў старшыня саюза.
Беларускі саюз архітэктараў пры падтрымцы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Мінскага гарвыканкама, Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА) пачынаючы з 1999 года праводзіць традыцыйны Нацыянальны фестываль архітэктуры. Ён праходзіць раз на два гады. У 2023 годзе тэмай фестывалю стала «Архітэктура і горадабудаўніцтва — аснова тэрытарыяльнага развіцця». Сёлета Беларускі саюз архітэктараў плануе пашырыць праграму Нацыянальнага фестывалю архітэктуры. У яго рамках пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя Вялікай Перамогі. У планах — персанальныя тэматычныя выставы, архітэктурныя і сумесныя з іншымі кірункамі мастацкай творчасці праекты, конкурсы па эстэтызацыі жылога асяроддзя. Значную ўвагу плануецца ўдзяліць сумеснай рабоце з актывамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ.