Top.Mail.Ru

Рэпартаж з інтэрната, які студэнты сваімі рукамі рыхтуюць да новага навучальнага года

У інтэрнаце № 4 Студэнцкага гарадка БДУ па адрасе: Чурлёніса, 7, летам жыццё не заціхае. Пакуль адны студэнты адпачываюць на канікулах, другія ўжо прыехалі сюды папрацаваць. Будаўнічы атрад клеіць шпалеры, шпаклюе, фарбуе. Робяць хлопцы і дзяўчаты гэта не проста так, а з разуменнем, што на наступны навучальны год гэта іх дом.


Амаль стапрацэнтная гатоўнасць

Маладыя людзі ў інтэрнаце № 4 працуюць з 6 ліпеня да 14 жніўня. У ім 36 студэнтаў. Яны пераклеілі шпалеры ў 37 кухнях, прывялі ў парадак столь у 58 душавых, зашпаклявалі калоны на паверхах, пафарбавалі металічныя канструкцыі з восьмага па трынаццаты паверх (а ўвогуле тут іх 18!). Студэнты фарбуюць нават смеццякамеры — трубы, сцены, металічныя элементы. У ліфтавых холах выкарыстоўваюць адмысловую малатковую фарбу, якая стварае незвычайную тэкстуру і робіць звычайныя сцены сапраўдным элементам дызайну.


Загадчык інтэрната Валерый Цітарэнка тлумачыць: «Мы практычна на сто працэнтаў гатовыя да новага навучальнага года, засталося толькі добраўпарадкаваць тэрыторыю і зрабіць дробныя папраўкі. Пяць кабінетаў да пятніцы — і ўсё будзе гатова. Перад пачаткам работы ў будатрадзе кожны студэнт праходзіць медыцынскі агляд, бо гэта абавязковая ўмова. У медыцынскай даведцы павінна быць пазначана, што чалавек дапушчаны да работы».

Гарантаванае пражыванне і заробленыя грошы

Сярод тых, хто працуе ў будатрадзе, — студэнты розных курсаў і факультэтаў. Аляксандра Галушкіна, студэнтка эканамічнага факультэта, скончыла першы курс. Яна з Гомеля і плануе жыць у інтэрнаце і наступны год. Дзяўчына кажа, што вырашыла пайсці ў будатрад, каб атрымаць месца ў інтэрнаце, бо гэта найпрасцейшы спосаб: прыходзіш, працуеш — і ўсё вырашана. Яна не толькі фарбуе, але і клеіць шпалеры, тынкуе сцены і фарбуе столь. Да працы ў будатрадзе дзяўчына не ўмела гэтага рабіць, а цяпер упэўнена, што гэтыя карысныя навыкі «за плячыма не насіць».


Дзіяна ШЧАРБАЧЭНЯ, студэнтка юрыдычнага факультэта, пераходзіць на чацвёрты курс. Яна родам з Любані і ўжо трэці год запар працуе ў будатрадзе. Яе не трэба ўгаворваць — яна сама вырашыла ісці, бо тут усё знаёма, калектыў добры. Акрамя таго, тут не трэба шукаць студэнцкі атрад самастойна — усё арганізавана.

Будучы эканаміст, дваццацігадовы Анатоль КАНАШОНАК родам з Барысава. Гэта яго другі год у будатрадзе. Разам з хлопцамі ён перафарбаваў ліфтавы хол, а цяпер шпаклюе і зацірае сцены. «Летась старэйшыя таварышы падказвалі, цяпер ужо ведаю, якія слаі накладваць, якую фарбу лепш узяць. Дапамагаем дзяўчатам замешваць фарбу. Калі нешта незразумела, заўсёды можна звярнуцца да кіраўніцтва. Усё даступна, усё зразумела. Мне тут падабаецца, не цяжка», — расказаў хлопец.

Загадчык інтэрната патлумачыў, што студэнты працуюць у спецвопратцы, якую выдае інтэрнат. Фарбу, шпаклёўку, грунтоўку і іншыя матэрыялы дае ўніверсітэт. Працоўны дзень доўжыцца чатыры гадзіны. За адну змену ў будатрадзе, якая доўжыцца дзесяць рабочых дзён, студэнты атрымліваюць без малога па 200 рублёў.

Усім першакурснікам пражыванне забяспечана

Як акрэсліў Валерый Цітарэнка, інтэрнат, уведзены ў эксплуатацыю ў 2013 годзе, разлічаны на 1232 месцы. 

У будынку ёсць трэнажорныя залы, пакоі актыўнага адпачынку і самападрыхтоўкі. Засяленне адбываецца штогод, а дагаворы на пражыванне заключаюцца на навучальны год — да 30 чэрвеня. Месцы размеркаваны факультэтамі, у залежнасці ад сярэдняга бала студэнта. Акрамя беларусаў, у інтэрнаце жывуць маладыя людзі з Кітая, Туркменістана і краін Афрыкі. Ужо паціху з’язджаюцца студэнты з далёкага Мазамбіка. Гэта частка праграмы экспарту адукацыйных паслуг і абмену вопытам.


Засяленне адбываецца паэтапна: з 24 да 31 жніўня. Першы курс на сто працэнтаў забяспечваецца месцамі, а з другога курса — згодна з крытэрыямі засялення, якія зацвярджаюцца загадам рэктара.

У інтэрнаце дзейнічаюць правілы, якія дапамагаюць захоўваць парадак і камфорт. Асаблівая ўвага надаецца чысціні. На кожным паверсе ёсць смеццякамера, куды студэнты самі выкідваюць смецце. «Складзіраванне каля камеры забаронена, — тлумачыць Валерый Анатольевіч. — За гэтым сочаць старасты паверхаў — у іх ёсць графік дзяжурства. Унутры камеру для смецця не фарбуюць, а чысцяць спецыяльным сродкам, каб не было непрыемнага паху», — патлумачыў ён.


Наконт рэжыму аб’екта, то як расказаў Валерый Анатольевіч, студэнты могуць вяртацца да дванаццаці ночы. Гасцявы рэжым больш строгі: госці могуць прыходзіць да дзесяці гадзін вечара, а пакінуць інтэрнат павінны да адзінаццаці.

* * *
Для будатрадаўцаў праца ў студэнцкім гарадку — гэта перш за ўсё клопат пра свой другі дом, дзе яны жывуць, і таму маладыя людзі робяць усё, каб было ў ім прыгожа і ўтульна.

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю