Бярэзінскі раён. Аграгарадок Брадзец. Тут, як і па ўсёй краіне, у разгары першы ўкос траў. Карэспандэнты «Звязды» наведалі мясцовае сельгаспрадпрыемства, каб на ўласныя вочы ўбачыць, як корміць зямля, якая тэхніка дапамагае, і чаму людзі вяртаюцца сюды нават з горада.
Хутка і зручна
На полі — сучасныя трактары з прычапнымі касілкамі КПР-9 ідуць адзін за адным. За рулём адзін чалавек, а сядзенне разгорнутае назад!
— Гэта сучасныя трактары. У іх рулявая сістэма дазваляе перастаўляць абаранку і педалі ў адваротны бок. Ведаеце, у чым плюс? Каса можа рухацца і наперад, і назад. Механізатар бачыць поле і манеўруе без лішніх разваротаў. Хутка і зручна, — тлумачыць галоўны інжынер ААТ «Брадзец» Мікалай КРУК. — Такіх машын у гаспадарцы шэсць. Удвух механізатары скошваюць за дзень да 110 гектараў
Першы ўкос пачалі дзевяць дзён таму. План — 2670 гектараў, сянажу назапашваем 10500 тон.
— Галоўная шматгадовая травяністая злакавая расліна — ежа зборная. Яна ранняспелая, аднак не надта багатая на вітаміны, затое хутка вяне да патрэбнай вільготнасці 55–60 %. Сянаж выходзіць выдатны, — расказвае галоўны інжынер.
Сваё насенне гаспадарка вырошчвае сама. Ёсць комплекс КЗС для сушкі і ачысткі. А люцэрна, дадае Мікалай Міхайлавіч, дае ажно чатыры ўкосы за лета. Увогуле, гаспадарка вырошчвае чатыры віды травы на ўкос для кормужывёле — гэта люцэрна, ежа зборная, фестулоліум і канюшына.

«Буслы — нашы брыгадзіры»
Шматдзетны бацька і сапраўдны прафесіянал Антон САМЕЦ працуе на трактары з касілкай КПР-9 у АПТ «Брадзец» трэці сезон, да гэтага жыў у Мінску, а сюды прывялі сябры. Тэхнікай задаволены, траву косіць якасна. Жартам называе буслоў, што ходзяць па полі, «нашы брыгадзіры». Ён тлумачыць, што траве трэба паляжаць, таму дождж тут можа перашкаджаць.
Механізатар Віталь ФІЛІПОВІЧ расказаў, што працуе ў гаспадарцы15 гадоў, жыве ў вёсцы разам з сям’ёй. Яго жонка Ала — повар у мясцовай сталовай, у іх расце чатырохгадовы сын. Самому Віталю — 41 год. Ён адзначыў, што работа яго цалкам задавальняе, у тым ліку і аплата, бо інакш ён не працаваў бы тут так доўга. Механізатар займаецца не толькі ўкосам: сее, а цяпер вось косіць траву. На пытанне пра надвор’е ён адказаў, што трэба пад яго падладжвацца.

«Устойлівы характар — галоўнае»
Пасля касьбы на поле выходзяць граблі
— Гэта ДРЛ 9,6. Беларуская тэхніка. Захоп — 9,6 метра. Вельмі простая ў эксплуатацыі і рамонце, — тлумачыць Мікалай Крук.
На полі сустракаем трактар з грабілкай Аляксея ЮНЦА. Ён працуе ў гаспадарцы 16 гадоў. Зграбае тое, што засталося пасля асноўнай тэхнікі.
— Які характар патрэбны для такой працы?
— Устойлівы. А яшчэ галоўнае, каб дажджу не было. Тады ўсё ідзе гладка.
Зялёная маса зграбаецца ў валкі, рыхтуецца для КВК — гэта змяльчальнік, самая складаная машына. Яна можа працаваць з шасці раніцы да дзевяці вечара, а часам і даўжэй

Такая работа патрабуе таленту
— Наша дзейнасць патрабуе таленту ад механізатара. Трэба вельмі добра адносіцца да тэхнікі, ведаць яе, — тлумачыць галоўны інжынер. — Не ўсім падуладны такі сур’ёзны агрэгат
Уладзіслаў КОРЫК, які працуе на змяльчальніку, тлумачыць:
— Нажы ў касілцы трэба тачыць, калі маса пачынае ісці даўжэйшая па памеры. Працэдура займае хвілін 15, націскаеш кнопку — і тэхніка сама ўсё робіць.
Работу сваю ён ведае добра, таму што працуе тут ужо амаль дзесяць гадоў.
Уладзіслаў спрабаваў жыць у Барысаве: думаў, там лепшыя ўмовы для пяцігадовага сына Максіма. Але не склалася.
— Для перавозкі сянажнай масы выкарыстоўваюць шматфункцыянальныя прычэпы ПС-60 (ёмкія) і ПМФ-20 (ён прызначаны таксама для раскідвання арганічных угнаенняў), — удакладняе Мікалай Крук.
Пасля работы тэхніку, якая ўся ў зялёнай масе, абдзімаюць сухім паветрам: чыста, хутка — і трактар ідзе на новы круг.

Калі кліча малая радзіма
З кабіны прыгожага МАЗа выходзіць кіроўца Ілья ІЗНІК.
— Працую на МАЗе 6501, важу сянажную масу. У гаспадарцы ўжо другі сезон. Нарадзіўся тут, хадзіў у мясцовую школу. Вучыўся на аўтаслесара, але заўсёды цягнула да тэхнікі. Пасля арміі сеў за руль. Потым ажаніўся, з’ездзіў у Барысаў, пажылі там з сям’ёй, але вярнуліся. Тут і работа ёсць, і ўмовы добрыя. А ў касавіцу галоўнае — паспець да дажджу. Бываюць і гразкія палі, машына ледзь ідзе. Але спрабуем усё зрабіць як трэба.

«Працуй — і ўсё будзе добра»
На полі працуе сапраўдны сямейны падрад. Чацвёра сваякоў: Валерый Стасевіч і яго пляменнік Ілья Корык, сваякі — Віталь Аўсянскі і Уладзіслаў Корык.
Самы малады з дынастыі — Ілья, яму 22 гады.
— Вы зусім малады, а ўжо на такой тэхніцы!
— Так, у мяне вялізны трактар 3522, адводжу на ім масу. Ужо гады чатыры тут працую. Вучыўся ў Барысаўскім каледжы на трактарыста-машыніста.
Старэйшы ў дынастыі — Валерый. Яго бацька таксама ўсё жыццё адпрацаваў у сельскай гаспадарцы.
— Якая галоўная парада маладым?
— Рабі ды і ўсё! — цвёрда раіць Валерый. — Працуй — і ўсё будзе добра (смяецца).
На трактары ў Ільі напісана: «Трудяга».
— Сам прымацаваў, — усміхаецца мужчына.
Кадры вырашаюць усё
У гаспадарцы працуюць 67 жывёлаводаў і 20 механізатараў. Але на ўсё сельгаспрадпрыемства гэтага мала.
— Таму запрашаем суседзяў з Магілёўшчыны, з Бялыніцкага раёна. Тут жывуць і працуюць два трактарысты, якія пераехалі да нас тры гады таму, — тлумачыць Мікалай Крук. — Даяркі, жывёлаводы, вадзіцелі — таксама з суседняй Магілёўскай вобласці. Ад нас да Клічава — 40 кіламетраў, таму арганізаваны прывоз і адвоз рабочых кадраў.
Што прываблівае людзей? Годная зарплата, стабільнасць, сучасная тэхніка і ўмовы працы
— Ніводнага механізатара не звольнілі. Наадварот, ствараем умовы, каб ім было выгадна заставацца, — падкрэслівае ён. Людзі надзейныя, у асноўным працуюць механізатары ў самым росквіце сіл — таму і імпэту не займаць у працы!

Бацька і сын
Мікалай Крук — чалавек з багатым вопытам. У гаспадарцы ён дзесяць гадоў, а раней кіраваў іншымі прадпрыемствамі. Яму 67 гадоў, але працягвае працаваць, дапамагаць і перадаваць веды.
— Праца — гэта любоў да зямлі, — кажа ён.
Сямейная гісторыя незвычайная. Сын Мікалая некалькі гадоў узначальваў ААТ «Брадзец» і вывеў гаспадарку з заняпаду на стабільны працоўны
рытм. Цяпер Аляксандр Крук працуе першым намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бярэзінскага райвыканкама, але яго справа жыве.
Сам жа Мікалай Крук застаўся ў гаспадарцы, каб працягваць агульную справу. Кожны дзень — на полі, кантралюе працэс, падказвае маладым.
Аграгарадок, дзе ёсць усё
Брадзец — не проста аграгарадок. Тут створана сацыяльная інфраструктура: сучасная школа, дзіцячы садок з сучаснай пляцоўкай, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, ФАП, лясніцтва, пажарная служба, два магазіны, клуб для моладзі і дарослых і маленькая царква.
— Усё гэта дапамагае трымаць людзей на зямлі, — адзначае Мікалай Крук
Патрабаванні да якасці строгія
Неба зацягваецца хмарамі — пачынае капаць. Механізатары не спыняюцца. Ім трэба завяршыць другую сянажную траншэю.
Аднак правілы патрабуюць вытрымліваць не толькі тэрміны, але і вільготнасць (55–60 %), даўжыню рэзкі, шчыльнасць трамбоўкі. Парушыць рэгламент — значыць сапсаваць увесь корм.
— Калі б сёння прайшоў моцны дождж, мы б не змаглі змяльчаць. Прыйшлося б чакаць, сушыць, зграбаць. А так — усё ідзе па плане, — су-
пакойвае галоўны інжынер.
Вось так, у рытме сучаснай тэхнікі і традыцыйнай працавітасці, на Бярэзіншчыне нарыхтоўваюць кармы для жывёлы. З любоўю да зямлі, павагай да людзей і клопатам пра будучыню.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ