У Горацкім раёне жніво на завяршэнні. Дзесьці ўжо ўбралі ўсё да апошняга каласка, дзесьці дажынаюць апошнія гектары. Хлебаробы тут працуюць грунтоўна: каб не страціць ніводнага зярнятка, каб поле было чыстым і гатовым да новага пасеву. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў дзвюх гаспадарках, якія знаходзяцца побач, але маюць розныя задачы. Іх аб’ядноўвае адно: тут збіраюць ураджай старанна і якасна.
Чарга — за саломай
Першы пункт нашага маршруту — Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вучэбна-доследная гаспадарка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі». Гэта найбуйнейшае сельгаспрадпрыемства з дзяржаўнай формай уласнасці. Тут ужо завяршылі ўборку збожжавых. Цяпер галоўная задача — сабраць салому, падрыхтаваць глебу да новага аграрнага цыклу і забяспечыць жывёлу кармамі на зіму.
Дырэктара гаспадаркі Максіма ІВАНЕНКУ сустракаем не ў канторы, а на полі. Ён толькі што аб’язджаў участкі, дзе працуюць прэс-падборшчыкі і трактарысты. Кажа, што любіць быць побач з тэхнікай і людзьмі — так лепш бачна, дзе што патрабуе ўвагі. У гаспадарцы ён усяго некалькі месяцаў, але ўжо ўпэўнена трымае руку на пульсе.

— Мы дзве розныя юрыдычныя асобы з акадэміяй, — тлумачыць фармальныя моманты кіраўнік. — Але ўзаемадзейнічаем як падведамасныя арганізацыі Мінсельгасхарча. У нас пастаянныя сувязі, вучэбныя працэсы праходзяць на нашым прадпрыемстве. Студэнты могуць і за трактар сесці, і салому спрэсаваць, — расказвае ён, паказваючы на тэхніку, якая працуе на падборцы саломы і фарміраванні рулонаў.
Студэнтаў тут чакаюць з першага курса. Праўда, да самастойнай працы дапускаюць не адразу.
— На трэцім курсе ўжо даюць часовыя пасведчанні кіроўцы. Студэнты маюць магчымасць атрымаць і пастаянныя правы. Прыязджаюць падрабляць, і па дагаворы падраду іх нават бяром, — тлумачыць дырэктар.
Асаблівая ўвага — складанай тэхніцы. Напрыклад, прэс-падборшчык — машына, якая патрабуе вопыту.
— Прэс — цяжкая і складаная тэхніка. Яе трэба адчуваць, умець настройваць, разумець, як закруціць нітку, спыніць. Гэта не так, што адвучыўся, сеў і паехаў. Гэтаму трэба навучацца і практыкавацца, каб побач сядзеў вопытны вадзіцель і ўсё расказваў, — кажа Максім Дзмітрыевіч.
Студэнты праходзяць практыку па ўсіх кірунках: раслінаводства, жывёлагадоўля, эканоміка, ёсць спецыяльнасць — аграбізнес. Гаспадарка супрацоўнічае нават з Віцебскай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны. А ў самой БДСГА сёння на 9 факультэтах навучаюцца амаль 8 тысяч студэнтаў па больш чым 20 спецыяльнасцях.
Лічбы гаспадаркі гавораць самі за сябе: агульнае пагалоўе жывёлы — каля 7400 галоў, з іх дойнага статка — 2400. У сярэднім у дзень атрымліваюць 17 літраў малака ад фуражнай каровы. Плошча сельгасугоддзяў — амаль 11 тысяч гектараў.

Уборку гаспадарка скончыла адной з першых у раёне — да апошняга каласка. Цяпер камбайны дапамагаюць мясцовым падворкам. Дзяржзаказ выкананы: 200 тон ячменю піваварнага і 2150 тон пшаніцы. Агульны намалот — больш за 15 тысяч тон.
— Салому, якая засталася пасля ўборкі, неабходна спрэсаваць, сабраць і вызваліць поле для падрыхтоўкі глебы. Ячменную салому выкарыстоўваем у рацыён жывёлы — яна добра ўплывае на страваванне. А вось пшанічная больш ідзе на падсцілку, каб жывёла была чыстай і сухой, — тлумачыць дырэктар.
Цяпер у гаспадарцы актыўна робяць прыгатаванні да зімы: звозяць салому, рыхтуюць глебу да пасеву, праводзяць корманарыхтоўку.
Людзі, якія не пакідаюць палі пустымі
На полі вучэбна-доследнай гаспадаркі, дзе ідзе пагрузка саломы, мы сустрэлі Міхаіла ШАЛАЕВА. Ён працуе на пагрузчыку «Амкадор» і займаецца зборам рулонаў саломы. У гаспадарцы ён ужо сорак гадоў. Ужо на пенсіі, але не сядзіць без справы.
— Я гружу і сам стагую. Няма нічога цяжкага. Галоўнае — не сумаваць, тады весялей працуецца, — кажа ён.
Яго калега, Аляксандр ГРЭКАЎ, кіруе трактарам з самазвальным паўпрычэпам ПТС-12. Ён перавозіць цюкі саломы на месца стагавання.
— Складанасці? Сачыць, каб рулоны не пападалі. І тэхніку бяспекі трэба выконваць, — кажа ён.
Аляксандр — мясцовы, жыве ў Паршыне. У гаспадарцы працуе не адзін год: апошні раз вярнуўся ў гэтае сельгаспрадпрыемства 12 гадоў таму, а наогул механізатарскі стаж — амаль усё жыццё.
— Жонка — настаўніца пачатковых класаў. Вельмі перажывае, калі я а 5-й раніцы і да 9-й вечара на рабоце. Але нічога, разумее, — кажа механізатар.
На пытанне, ці доўга яшчэ будзе працягвацца стагаванне, адказвае з усмешкай:
— Саломы шмат, але сваю справу трэба рабіць, якая б яна ні была, — усміхаецца Аляксандр.
Падтрымка для вяскоўцаў
Па дарозе, у вёсцы Паршына, мы заўважылі камбайн, які працаваў на прысядзібным участку. Яго гаспадар Віктар ДАГІЙ родам з Малдовы, але даўно жыве ў Беларусі. На сваіх 42 сотках мужчына вырасціў пшаніцу і цяпер збірае ўраджай.


— Добрая пшаніца, каля тоны павінна быць. Для сваёй гаспадаркі вырошчваю: куры ёсць, ды і на свае патрэбы, — кажа вясковец з задавальненнем, паказваючы сабраны на плёнцы ўраджай.
На пытанне, хто дапамагае яму з уборкай, адказвае проста:
— Вучэбна-доследная гаспадарка дапамагае. Арганізавана. Прыязджаюць, жнуць. Дзякуй ім, што не забываюць мясцовых жыхароў. Гэта вялікая падтрымка.
Стаўка — на рапс і пшаніцу
Непадалёк, у пасёлку Леніна, ёсць яшчэ адна гаспадарка. ААТ «Племзавод Леніна» — дзяржаўнае прадпрыемства, якое з красавіка гэтага года знаходзіцца пад кіраваннем ТАА «Мітэас-агра». Гэта адносна маладое сельскагаспадарчае прадпрыемства, створанае ў верасні 2024 года на базе прадпрыемства «Праметэй». Тут яшчэ дабіраюць апошнія гектары.
Генеральны дырэктар ТАА «Мітэас-агра» Уладзімір ПАЎЛАЎ расказвае:

— На сённяшні дзень вядзецца ўборка пшаніцы. Гэта апошні абмалот сёлета. Застануцца толькі зернясумесі і грэчка, якую мы ўбяром пазней. Сур’ёзных паломак не было, толькі бягучыя рамонты. Калектыў зладжаны, працуем, наколькі дазваляе надвор’е. Ідзём да канца, каб усё поле было чыстым.
Ураджай, паводле слоў кіраўніка, ацэньваецца як «даволі нядрэнны». Аб’ём будзе не ніжэй за мінулы год.
На першым этапе ў раслінаводстве зрабілі стаўку на рапс і кукурузу на зерне. Узялі ў арэнду 811 гектараў зямель. У гаспадарцы ўжо павялічылі пасеў азімага рапсу да 800 гектараў. Зробяць акцэнт на цукровыя буракі і пшаніцу больш высокіх сартоў. У перспектыве — стварэнне поўнага цыкла з дадаваннем жывёлагадоўчага кірунку.
Поўны парадак на фермах
Асаблівы поспех — у жывёлагадоўлі. Калі ААТ «Племзавод Леніна» прымалі, надой на карову складаў каля 8 літраў.
— Сёння гэта каля 16 літраў на галаву. У два разы больш. Гэтага ўдалося дасягнуць шляхам карэкціроўкі рацыёнаў, правільнай расстаноўкі статку, сістэматычнага лячэння, — тлумачыць Уладзімір Леанідавіч.
Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 3830 галоў, з іх 1400 — дойны статак. Кармоў нарыхтавалі на 20 % больш да ўзроўню мінулага года.
На пытанне, у чым сакрэт поспеху, кіраўнік адказвае без ваганняў:
— Складаецца поспех з тэхналагічнай дысцыпліны — гэта асноўнае. Выкананне рэгламентаў, неабходных для той ці іншай аперацыі, — самае важнае. Пры захаванні дысцыпліны ўсё атрымаецца.
Дзяржзаказ выкананы на 100 %. Малако пастаўляюць на малочны завод у Горках класам «экстра».
У гаспадарцы актыўна вядуцца рамонты: абнаўляюцца сеткі водазабеспячэння і электрычнасці, рамантуюцца хлявы для ўтрымання жывёлы.
— На сённяшні дзень мы ўзмоцнена рамантуем жывёлагадоўчыя аб’екты, складскія памяшканні, зернетакі, мехдвары, — расказвае кіраўнік.
«Новы камбайн — як новыя рукі»
На полі, дзе дабіраюць апошнія гектары пшаніцы, мы сустрэлі Васіля МІРОНАВА. Ён кіруе новым камбайнам «Палессе» GS12A1, які атрымаў сёлета.
— Раней працаваў на іншай тэхніцы, але гэты камбайн пераўзышоў усе чаканні. Камфортны — менш стомленасці. Рукі чыстыя, працуеш з задавальненнем. Новы камбайн не патрабуе столькі фізічных затрат. Усё прасцей, нашмат прасцей, — расказвае хлебароб.

Васіль Васільевіч — ваенны ў адстаўцы, жыве ў Горках. Штогод у летні перыяд выходзіць у поле. Гэта не першы яго сезон на камбайне: пачынаючы з 2018 года мужчына кожнае лета дапамагае мясцовым гаспадаркам.
— Я родам з вёскі Маслакі, што ў Горацкім раёне. Пасля службы застаўся ў Горках. Тут жыву, працую, — кажа камбайнер.
На пытанне, ці шкада яму, што ўборка ўжо завяршаецца, ён усміхаецца:
— Доўга чакаеш, а потым усё хутка заканчваецца. Гэта апошнія дні. Адчуваецца, што фінал. Але работа падабаецца, хацелася б яшчэ папрацаваць на новым камбайне.
Кадры і будучыня
У ТАА «Мітэас-агра» працуюць не толькі мясцовыя жыхары, суседзі-расіяне (зусім недалёка да мяжы), але і людзі з Украіны.
— Да нас прыехала адтуль сям’я: муж працуе механізатарам, жонка — на комплексе. Дзяцей мы ўжо размеркавалі ў школу, — расказвае Уладзімір Леанідавіч.
Гаспадарка актыўна супрацоўнічае з Горацкай сельскагаспадарчай акадэміяй. На практыцы тут пабывалі студэнты трэцяга курсу мехфака, імі засталіся задаволеныя. Адзін з выпускнікоў ужо працуе інжынерам. Таксама ў гаспадарцы працавалі школьнікі — дапамагалі на зернетаку.
Дзве гаспадаркі — дзве розныя гісторыі. Адна вучыць студэнтаў, другая адраджаецца пасля складаных часоў. Але іх аб’ядноўвае адно: людзі тут працуюць грунтоўна, каб не страціць каштоўны хлеб, які для іх нашмат большае, чым ежа.
Надзея Зуева
Фота Валерыя Картуля
Горацкі р-н