У Беларусі стартавала рэгістрацыя на першы модуль адукацыйнай праграмы рэпетыцыйнага тэсціравання. Намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях, аналітычнай і метадычнай рабоце рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Алена Валасач расказала пра тое, як зарэгістравацца на РТ і дзе яно будзе праводзіцца.
«Для многіх гэта першы падобны вопыт, але баяцца новай сістэмы не варта, яна ў чымсьці падобная са старой, калі ў нас існавалі этапы. Зараз працуюць модулі — гэта адзіны комплекс з трох адукацыйных частак. Зарэгістравацца для ўдзелу ў адукацыйнай праграме РТ можна на сайце РІКВ», — праінфармавала Алена Валасач.
Перш за ўсё ўдзельніку варта зарэгістраваць асабісты кабінет, запоўніўшы анкету. У раздзеле «Электронная пошта» варта паказаць адрас, да якога ёсць пастаянны доступ, на яго будуць прыходзіць пропускі. Таксама з яго дапамогай можна аднавіць пароль. Акрамя таго, сістэма запатрабуе даныя дакумента, які сведчыць асобу. Неабходна выбраць тып дакумента (пашпарт грамадзяніна Беларусі, від на жыхарства, пасведчанне аб нараджэнні і г. д.) і ўважліва пазначыць ідэнтыфікацыйны нумар. На тэсціраванні арганізатары будуць звяраць дакумент з данымі ў пропуску. Прозвішча, імя і імя па бацьку варта пазначаць дакладна так, як яны запісаныя ў дакуменце. Што датычыцца навучальнай установы, то школу, гімназію ці каледж варта абраць з выпадальнага спісу і паказаць год заканчэння. Калі навучанне яшчэ працягваецца, паказваецца год, у якім плануецца атрымаць атэстат. Таксама пры рэгістрацыі трэба адзначыць патрэбу ў выкарыстанні мабільнай прылады з праграмным забеспячэннем для кантролю стану здароўя (напрыклад, пры дыябеце). У завяршэнне сістэма папросіць пацвердзіць згоду з умовамі дагавора і на апрацоўку персанальных даных. Пры выяўленні памылкі даныя можна будзе змяніць пазней у асабістым кабінеце.
Калі рахунак на сайце РІКВ ужо ёсць, удзельніку проста трэба аўтарызавацца зручным спосабам: па электроннай пошце, па ідэнтыфікацыйным нумары або па нумары тэлефона. У выпадку, калі згублены пароль, аднавіць яго можна, трымаючыся інструкцый пасля націску на «Забыліся пароль?».
Пасля паспяховай рэгістрацыі ў асабістым кабінеце можна будзе знайсці тры модулі. Націснуўшы на «Модуль 1», на экране з’явіцца поўны пералік прадметаў. Патрэбныя ўдзельнік будзе дадаваць у кошык.
Для аплаты варта перайсці ў кошык з дададзенымі прадметамі. Сістэма прапануе два спосабы аплаты: праз сістэму АРІП (Інтэрнэт-банкінг) або банкаўскай картай анлайн. У першым выпадку трэба зайсці ў дадатак банка і прайсці па дрэве: сістэма «Разлік» (АРІП), адукацыя і развіццё, РІКВ, адукацыйная праграма. Далей варта ўвесці асабовы рахунак для аплаты — ён з’явіцца ў кабінеце пасля фарміравання заяўкі, пераправерыць прозвішча, імя і здзейсніць плацеж.
Пры аплаце банкаўскай картай анлайн трэба націснуць «перайсці да аплаты» — сайт перанакіруе на абароненую старонку аплатнай сістэмы Assist. Там неабходна ўвесці 16 лічбаў карты, тэрмін дзеяння (ММ/ГГ), CVC2/CVV з абароту. Пасля праверкі сумы можна здзейсніць плацеж.
Як толькі аплата прайшла, у асабістым кабінеце актывуецца доступ да прадмета ў модулі. Зайшоўшы ўнутр, можна азнаёміцца з інфармацыяй і зарэгістравацца на тэсціраванне. Варта выбраць зручны пункт правядзення тэсціравання, дату і час. Пасля гэтага запісу можна запісацца на паўторны сеанс па гэтым жа прадмеце, калі ва ўдзельніка ёсць жаданне прайсці тэсціраванне яшчэ раз.
«На гэтым рэгістрацыя на першы модуль РТ завершана. Тыя, хто не зможа па якой-небудзь прычыне з’явіцца вочна ў пункт правядзення ў канцы модуля (пасля 25 снежня) зможа прайсці тэсціраванне ў рэжыме анлайн дыстанцыйна праз Асабісты кабінет. Мы, вядома, раім з’явіцца ў пункт, каб адчуць усю атмасферу экзамену: запоўніць бланк, паслухаць інструктаж арганізатараў, прайсці тэсціраванне», — адзначыла Алена Валасач.
У асабістым кабінеце ўдзельніка размешчаны пералік пунктаў правядзення РТ. Для тых, хто будзе здаваць рэпетыцыйнае тэсціраванне ў Мінску, будуць даступныя 14 пляцовак гарадскіх бібліятэк. Камфортныя залы, разлічаныя на 20-30 чалавек, абсталяваны ўсім неабходным: дошкамі, экранамі і гадзіннікамі. Усё гэта дазволіць максімальна імітаваць працэдуру правядзення ЦЭ і ЦТ. Суправаджаць тэсціраванне будуць супрацоўнікі РІКВ і валанцёры — студэнты БДУ.
Першы модуль запланаваны на кастрычнік — снежань, другі — на студзень—люты, трэці — на сакавік—красавік. Усе пункты рэпетыцыйнага тэсціравання прымуць першых удзельнікаў 15 кастрычніка.