Каля дзвюх з паловай гадзін доўжылася ажыўленая гутарка жыхароў Маладзечна з ваенным экспертам Андрэем Багадзелем у рамках інфармацыйна-асветніцкага праекта «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы».
На ёй закранулі многія актуальныя тэмы — ад інфармацыйных атак і абараназдольнасці да абароны дзяцей ад маніпулявання іх свядомасцю.
Галоўнай тэмай дыялогу ў Палацы культуры Маладзечна стала бяспека краіны, яе абараназдольнасць і той баланс, які дазваляе жыць і працаваць пад мірным небам. На абмеркаванне былі вынесеныя пытанні забеспячэння абараназдольнасці ва ўмовах складанай геапалітычнай абстаноўкі, а таксама тое, як дзяржава знаходзіць рэсурсы для адначасовай мадэрнізацыі прамысловасці, падтрымкі сацыяльнай сферы і падтрымання баявой гатоўнасці арміі, у тым ліку ў святле нядаўна прынятых законапраектаў, якія адлюстроўваюць абноўленую Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

Гаварылі на сустрэчы і пра інфармацыйную бяспеку. Педагог-псіхолаг спецыяльнага дзіцячага садка № 2 Маладзечна Вольга КУРЛЯНЧЫК пацікавілася ў ваеннага эксперта, як абараніць сваіх дзяцей ад суб’ектыўнай інфармацыі з боку.
«Калі мы выхаваем іх правільна, у рамках нашых традыцыйных каштоўнасцяў, яны будуць валодаць тым самым унутраным імунітэтам, які не дасць магчымасці нікому маніпуляваць іх свядомасцю. Жанчына-маці, жанчына-педагог адыгрывае ў гэтым ключавую ролю, закладваючы фундамент гэтай абароны з самага ранняга ўзросту», — адказаў эксперт.
У размове з журналістамі Вольга Курлянчык адзначыла, што сустрэча атрымалася вельмі змястоўнай і прыемнай. «Мы атрымалі вялікі аб’ём інфармацыі, якой да сённяшняга дня ў поўным аб’ёме не валодалі. Ад пачутага, шчыра кажучы, нават дрыжыкі па скуры пабеглі. Мяне як маці і педагога ў першую чаргу хвалявала пытанне бяспекі нашых дзяцей. Я, безумоўна, веру ў ваенную моц нашай дзяржавы, але мне было важна зразумець, як менавіта нам, грамадзянам, дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі, калі яна, не дай бог, адбудзецца».
На сустрэчы тэхнік-тэхнолаг мясцовага прадпрыемства Карына ЖЫЕЎСКАЯ папрасіла спікера вылучыць асноўныя прыкметы інфармацыйнай атакі, каб разумець, дзе праўда, а дзе хлусня, і не трапляцца на правакацыі.
Андрэй Багадзель звярнуў увагу на некалькі ключавых момантаў. «Каб пракрасціся ў вашу свядомасць, праціўнік у першую чаргу імкнецца перагрузіць ваш мозг, давесці яго да моцнай стомленасці. Таму, каб не псаваць сабе мазгі, імкніцеся крытычна ставіцца да спроб перагрузіць вас велізарным масівам інфармацыі», —
адзначыў ён.

Калі мозг перагружаны, апаненты пачынаюць мэтанакіравана ўздзейнічаць на эмоцыі. «А моцныя эмоцыі — страх, нянавісць, гнеў — па сутнасці, адключаюць крытычнае мысленне. Як толькі вы адчуеце, што вас пера-
паўняюць эмоцыі, ведайце: вамі пачалі маніпуляваць, і гэта стапрацэнтны факт. Вы можаце думаць, што застаяцеся сам-насам са сваімі думкамі, але гэта ілюзія. Як толькі вы гэта адчулі, трэба неадкладна адхіліцца ад крыніцы інфармацыі. Адыдзіце, выпіце гарбаты ці кавы, супакойцеся».
Калі нейкая інфармацыя занадта «чапляе» або эмацыйна афарбаваная, яе трэба неадкладна пераправерыць. «Выкарыстоўвайце некалькі незалежных крыніц, пажадана з розных пунктаў гледжання. Гэта вельмі важна, таму што інфармацыя, асабліва ад блогераў, часта падаецца вельмі суб’ектыўна. З часам вам можа пачаць здавацца, што вы бачыце сітуацыю менавіта так, як яе апісвае аўтар, але вывучэнне дадатковых фактаў адразу ж скарэктуе ваш пункт гледжання.
«Каму можна давяраць? Ва ўмовах, калі ў інтэрнэце шмат сайтаў, адказнасць за дакладнасць інфармацыі перад вамі нясе толькі адна структура: дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. І гэта не проста словы, гэта замацавана юрыдычна. Дзяржаўныя СМІ нясуць поўную адказнасць за звесткі, якія распаўсюджваюцца. Ставіцца да іх легкадумна нельга, бо гэта, як правіла, найбольш вывераная і праўдападобная інфармацыя. Яна шматразова пераправяраецца, бо за распаўсюджванне заведама недакладных звестак у нас прадугледжана не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць», — нагадаў ваенны эксперт.

На заканчэнне сустрэчы Андрэй Багадзель адзначыў, што было зададзена вельмі шмат цікавых і важных пытанняў. «Тэма аб ментальным і кагнітыўным уздзеянні глыбокая і актуальная. Інфармацыі сёння вакол нас велізарная колькасць. Зразумела, што частка даных, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, закрытая, але вывучэнне адкрытых крыніц праліе святло на шмат чаго. Асабліва гэта важна разумець бацькам: як правільна размаўляць са сваімі дзецьмі і што насамрэч адбываецца з імі. Інфармацыйная прастора — гэта паўнавартаснае поле бою, я не жартую. Гэта сфера даўно ўзята на ўзбраенне прафесійнымі ваеннымі структурамі. А гэта значыць, што кожны з нас у любы момант можа стаць мішэнню. І тут зноў уступае ў сілу наш сацыяльны кантракт: дзяржава адказвае за вашу бяспеку і абарону, але і яна мае права разлічваць на вашу падтрымку і адказнасць. Перш чым нешта патрабаваць ад дзяржавы, трэба сумленна задаць сабе пытанне: а што я раблю для гэтай дзяржавы?» — заключыў ваенны эксперт.
У Наваполацку ў Палацы культуры ААТ «НАфтан» сустрэчу з грамадскасцю горада правёў старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.
Паводле БелТА