Top.Mail.Ru

Якім будзе сёлета традыцыйнае святкаванне Купалля ў Александрыі?

Месца сустрэчы змяніць нельга.


Ва ўрадзе прайшло пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Уладзіміра Караніка. 

Аб чым ішла размова?

Свята пройдзе 5 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, што на Магілёўшчыне.

На пасяджэнні аргкамітэта абмеркавалі арганізацыю мерапрыемства і яго сцэнарый. Сёлета пастаўлена задача беражліва захаваць традыцыі, пры гэтым арганічна ўвесці новыя падыходы, тэхналогіі, творчыя нумары. Кожны рэгіён Беларусі будзе прадстаўлены на фестывалі. Гасцей свята азнаёмяць як з прадпрыемствамі, так і з культурнымі і кулінарнымі традыцыямі рэгіёнаў.

— Фестываль карыстаецца заслужанай любоўю не толькі нашых грамадзян, але і грамадзян сумежных дзяржаў, якія з задавальненнем прыязджаюць да нас, — падкрэсліў у гутарцы з журналістамі профільны віцэ-прэм’ер. — Ён мае свае традыцыі, сваю асаблівую сяброўскую атмасферу. І арганічна аб’ядноўвае, здавалася б, неаб’яднальныя рэчы: з аднаго боку — традыцыі, гісторыю нашага народа, з іншага — сучасныя дасягненні Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Каранік адзначыў, што свята аб’ядноўвае таксама людзей розных узростаў:

— І сёлета наша задача — адысці ад шаблонаў, захаваць усё найлепшае, тое, што ёсць у гэтым фестывалі (сяброўскую, цёплую атмасферу), але пры гэтым арганічна ўплесці новыя ноткі, каб людзі ўсіх узростаў (дзеці, старэйшыя пакаленні) знайшлі нешта цікавае для сябе.

Віцэ-прэм’ер дапоўніў, што задача ў ліку іншых — даць магчымасць усім рэгіёнам прадэманстраваць і свае дасягненні, і традыцыі.

— Я вельмі спадзяюся, што сёлета мы захаваем сяброўскую атмасферу, але пры гэтым парадуем новымі творчымі нумарамі, лакацыямі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, каб фестываль быў не толькі традыцыйны, але і вечна малады, — канстатаваў Уладзімір Каранік.

На пасяджэнні таксама абмяркоўваліся пытанні бяспекі, транспартнага забеспячэння, інфраструктуры, харчавання гасцей свята. Асаблівая ўвага ўдзялялася праграме свята, рэалізацыі крэатыўных падыходаў і творчых задум.

Разам з тым усіх навацый Уладзімір Каранік раскрываць не стаў:

— Інтрыгу мы захаваем, пра ўсе новаўвядзенні расказваць не будзем. Задача аргкамітэта — вырашыць арганізацыйныя пытанні, каб усе творчыя задумкі ўдаліся, і шурпатасці, якія ўзніклі летась, былі выпраўлены, каб свята заўсёды пакідала вельмі прыемнае адчуванне.

Падсумоўваючы, Уладзімір Каранік дадаў:

— Месца сустрэчы нязменнае. Мы сыходзім не ад традыцый, а ад шаблонаў.

Фота з архіва БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю