Top.Mail.Ru

Рэспубліканскае свята «Купалле» рыхтуецца прымаць удзельнікаў у шаснаццаты раз

Скрыжаванне традыцый і сяброўства.


Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») сёлета рыхтуецца прымаць удзельнікаў у шаснаццаты раз. Культурны форум пройдзе 5 ліпеня ў фармаце аднаго дня. Удзел у ім возьмуць як беларусы, так і шматлікія госці з 29 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Упершыню на фестывалі будуць прадстаўлены Башкартастан, Сахалінская і Амурская вобласці. Падрабязней пра адметныя мерапрыемствы, цікавыя лакацыі і новыя фарматы расказалі арганізатары свята.

Зорныя госці і не толькі

Святкаванне Купалля на радзіме кіраўніка дзяржавы ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна з кожным годам набывае ўсё большыя маштабы, аб’ядноўвае гасцей і ўдзельнікаў у атмасферы творчасці, дае нагоду для душэўных сустрэч, спазнання культурных традыцый. Арганізатары фестывалю рыхтуюць для гасцей цікавую праграму з адметнымі акцэнтамі. Так і сёлета на беразе Дняпра лакацыю для адпачынку змогуць знайсці і дарослыя, і дзеці.
— Асноўныя тэмы свята — 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, адзінства народаў Беларусі і Расіі і традыцыйныя сямейныя і агульначалавечыя каштоўнасці, — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення, начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іна АДАМОВІЧ. — Галоўнымі падзеямі стануць вячэрні гала-канцэрт «Кінатэатр «Александрыя», выстаўка-кірмаш «Купальскае дрэва жыцця», прэзентацыйныя пляцоўкі, выстаўкі праектаў лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» і грантаў у сферы культуры Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за мінулы год. Праграма стартуе ў 11 гадзін, а ў 13.00 пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця. У трэці раз у пашыраным фармаце ў рамках фестывалю адбудзецца мерапрыемства «Саюзная дзяржава на Купаллі» з правядзеннем гала-канцэрта «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі». 
З расійскага боку запрошаны такія выканаўцы, як Зара, Марына Дзевятава, Іван Дзятлаў і іншыя. З беларускага боку ўдзельнічае ўраджэнец Магілёўшчыны, цудоўны артыст Пётр Ялфімаў. Неба ўпрыгожыць традыцыйны дэманстрацыйны палёт клуба ДАСААФ. Адбудзецца шмат іншых цікавых мерапрыемстваў.

Кінахіты і творчыя падворкі

Адной з яркіх падзей фестывалю, вядома, будзе канцэрт з назвай «Кінатэатр «Александрыя», які распачнецца ўвечары. Па задумцы рэжысёра Агаты Мацко, ён пройдзе ў фармаце мюзікла з элементамі інтэрактыву, дзе ў аснову пакладзена тэма кіно. Адпаведна і рэпертуар складуць папулярныя кампазіцыі з кінафільмаў, але ў новай, свежай інтэрпрэтацыі. На сцэне ўбачым заслужаных артыстаў Беларусі Аляксандра Саладуху, Вікторыю Алешка, Алену Ланскую, Юлію Быкаву, Руслана Аляхно і іншых. Да іх далучацца і народныя артысты Анатоль Ярмоленка, Уладзімір Громаў, арт-група «Беларусы», дуэт баяністаў «НеБа Sound», акцёры сталічных тэатраў, а таксама калектывы Магілёўшчыны.
  • На пляцоўцы «Купальскае дрэва жыцця» размесцяцца падворкі рэгіёнаў Магілёўскай вобласці і Расійскай Федэрацыі. Будуць працаваць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і радаваць сваімі выступленнямі творчыя калектывы з усіх абласцей нашай краіны і сталіцы. А завяршальным акордам святочнага дзейства стане яркі феерверк і запальванне купальскага вогнішча на беразе Дняпра. Моладзь традыцыйна запрашаюць на дыскатэку.

Дарогамі памяці і стандартаў

Як адзначыў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр ЖЫГУН, запланавалі арганізатары і шэраг лакацый, дзе прысутныя змогуць пранікнуцца атмасферай і маштабам свята:
— Сумесна з Міністэрствам культуры і з рэспубліканскімі органамі ўлады мы прынялі ўсе неабходныя меры для таго, каб свята «Купалле» адбылося на высокім і мастацкім, і арганізацыйным узроўні. Сёлета схема размяшчэння на пляцоўцы застаецца ранейшай, але яе памеры павялічыліся да 10 гектараў. Будзе прадстаўлена 180 суб’ектаў гандлю, шмат гандлёвых пунктаў забяспечаць арганізацыю харчавання ўдзельнікаў мерапрыемства. Прадугледжана 33 тысячы месцаў для размяшчэння людзей, каб у кожнага была магчымасць і атрымаць асалоду ад беларускай кухні, і наведаць мерапрыемствы.
Сёлета рыхтуюцца сустракаць наведвальнікаў новыя пляцоўкі «Зроблена ў Беларусі» і «Дзяржстандарт», дзе прадставяць мадэльны рад кампаніі «МАЗ», тэхніку «Белджы» і Мінскага трактарнага завода. Адметным акцэнтам стане таксама пляцоўка, прысвечаная 80-годдзю Перамогі. На свяце прэзентуюць праект «Дарогамі памяці», які атрымаў спецпрэмію кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва. Там наведвальнікі ўбачаць два аўтобусы: у адным прэзентаваны «80 рэліквій Перамогі», а ў другім размясцілася экспазіцыя, якая адлюстроўвае ўнёсак моладзі ў Перамогу. Варта паглядзець і на выставачны праект па рэканструкцыі культуры і побыту партызан Заходняга Палесся. Альбо наведаць побач пляцоўку ўстаноў адукацыі «Усё для Перамогі», каб пазнаёміцца з прафесіямі, якія былі запатрабаваныя на Магілёўшчыне ў ваенны час.

Інтэрактыў сямейнага фармату

Не застануцца без увагі і самыя юныя наведвальнікі свята. Іх чакаюць і плануюць радаваць у цырку-шапіто, у тэатры лялек і ў палявым кінатэатры (пляцоўка арганізавана сумесна з «Беларусьфільмам»). Будуць працаваць і аніматары, ствараючы добры настрой гасцям.

Цікавую пляцоўку з рознымі відамі інтэрактыву прапаноўвае штогод Магілёўскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы. Тут можна наведаць лазерны цір, паназіраць за работай кінолагаў альбо пакатацца на электрамабілях. Словам, далучайцеся і святкуйце з размахам!

Алена ДРАПКО.

Беларуская чыгунка назначыла 14 дадатковых цягнікоў да рэспубліканскага свята «Купалле» ў Александрыі

14 дадатковых цягнікоў назначыла Беларуская чыгунка для дастаўкі гасцей і ўдзельнікаў рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Аб гэтым паведамілі БЕЛТА у прэс-цэнтры БЧ.

Графік руху дадатковых цягнікоў складзены з улікам часу пачатку і заканчэння канцэртнай праграмы свята, якое пройдзе 5-6 ліпеня 2025 года ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Так, 5 ліпеня 2025 года ў дадатак да дзеючага раскладу прызначана 9 цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа Магілёў—Копысь—Магілёў і Орша—Копысь—Орша. Таксама ў гэты дзень для цягнікоў міжрэгіянальных ліній бізнес-класа нумар 705/706 Полацк—Магілёў—Полацк прадугледжаны дадатковы прыпынак на станцыі Копысь.

Такім чынам, з улікам дзеючага графіка руху 5 і 6 ліпеня на станцыі Копысь будуць рабіць прыпынкі 29 цягнікоў рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній, якія курсіруюць з Магілёва, Оршы, Віцебска, Гомеля, Полацка і Брэста.

Папярэдні продаж праязных дакументаў на цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа адкрыты. Набыць праязныя дакументы можна на афіцыйным інтэрнет-сайце Беларускай чыгункі ў раздзеле «Паслугі пасажырам», з дапамогай мабільнага дадатку «БЧ. Мой поезд», а таксама ў чыгуначных касах БЧ.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю