Top.Mail.Ru

Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя нечакана вярнулася ў Віцебскую вобласць

13–14 студзеня ўпадабанае беларусамі свята праходзіць у Наваполацку, сабраўшы на 16 гарадскіх пляцоўках цікавыя выстаўкі, важныя сустрэчы і атмасферу адзінства.


На пляцоўцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай размясцілася выстаўка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Погляд за гарызонт», дзе можна было знайсці амаль усё: ад найноўшых распрацовак у сферы генетыкі да авіякасмічных тэхналогій.

Падарункі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь ад працоўных калектываў краіны можна было ўбачыць на выстаўцы «З любоўю і падзякай», якая адкрылася ў Палацы культуры ААТ «Нафтан». Сярод унікальных экспанатаў — беларускі ізумруд, айчынная нафта, вялікая грамнічная свечка ад перадавікоў аграпрамысловага комплексу Беларусі.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прывёз у Наваполацк выстаўку, прысвечаную адзінству народаў, якія змагаліся за Перамогу. Акрамя 16 інфармацыйных планшэтаў, наведвальнікі змаглі ўбачыць прадметы з фондавых калекцый музея. У іх ліку — асабістыя рэчы арганізатараў беларускага партызанскага падполля Пятра Машэрава і Аляксандры Захаравай, фуражка генерала Івана Баграмяна.

Традыцыйныя выстаўкі БелТА «Паралельныя сусветы» і «Беларусь. Узлёт» дапамаглі жыхарам і гасцям Наваполацка праз фотаздымкі прасачыць шлях, які прайшла наша краіна за 30 гадоў, ацаніць дасягненні беларускага народа і яго лідара.

Праект «Адну справу робім» аб’яднаў працаўнікоў ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 16 г. Наваполацка» і Наваполацкага філіяла абласнога дзяржаўнага ўнітарнага праектнага прадпрыемства «Інстытут Віцебскграмадзянпраект». Прадпрыемствы даўно і цесна супрацоўнічаюць у галіне будоўлі, агульнымі намаганнямі ствараюць аб’екты рознай складанасці. Яшчэ адзін праект «Разам працуем, разам спяваем!» завітаў на ААТ «Палімір» і ААТ «Нафтан»: музычныя падарункі працаўнікам у прамысловай зоне дарылі Валерый Шмат, Вольга Булай, Аляксандра Мелех і іншыя зоркі беларускай эстрады.

З маладымі людзьмі рэгіёна ў рамках «НЯсумнай НЯлекцыі» сустрэліся намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, рэктар ПДУ імя Е. Полацкай Юрый Раманоўскі. Навучэнцы Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа ў нефармальнай абстаноўцы змаглі задаць спікерам пытанні і адкрыта пагаварыць на сур’ёзныя тэмы.

Чым яшчэ былі насычаны дні «Марафону адзінства» ў Наваполацку, чытайце ў наступным нумары газеты.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю