Top.Mail.Ru

Рэспубліканскі фестываль «Не старэюць душой ветэраны» сабраў у сталіцы 240 удзельнікаў

Напярэдадні Дня Перамогі, 7 мая, на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў адбыўся гала-канцэрт XVIII рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны».


Абласныя адборачныя туры фестывалю праходзілі з верасня па сакавік. За гэты час у іх прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Адбор ажыццяўляўся па розных намінацыях, у тым ліку вакальна-харавое, музычна-інструментальнае, харэаграфічнае, тэатральнае мастацтва, а таксама сольнае выкананне.


На гала-канцэрце сустрэліся лепшыя калектывы і выканаўцы — усяго 240 чалавек. Удзельнікі фестывалю ўзнагароджаны Памятнымі знакамі лаўрэатаў, дыпломамі і падарункавымі сертыфікатамі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.


«Работа прафсаюзаў з непрацуючымі пенсіянерамі, якія выйшлі на заслужаны адпачынак, — вельмі шматгранная. Напрыклад, калектыўныя дагаворы многіх прадпрыемстваў змяшчаюць нормы, накіраваныя на падтрымку гэтай катэгорыі. Людзі, якія шмат гадоў аддалі свайму прадпрыемству, маюць магчымасць атрымліваць дапамогу», — адзначыў намеснік старшыні ФПБ Вадзім Грачоў. 

Нараўне з гэтым важнае месца займае культурна-масавая работа з ветэранамі. 

«Фестываль „Не старэюць душой ветэраны“ вельмі душэўны і цёплы. І гэта не толькі маштабны канцэрт у сталіцы. Гэта яшчэ і цэлы шэраг мерапрыемстваў у рэгіёнах — адборачных тураў. Удзельнікі фестывалю хочуць працягваць максімальна праяўляць сябе творча. Таму нам важна даць ім гэту магчымасць», — падсумаваў Вадзім Грачоў.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.


Дадзены праект — гэта, перш за ўсё, магчымасць творчага развіцця і актыўнага даўгалецця. Летась рэспубліканскаму фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны» споўнілася 30 гадоў. За гэтыя гады дзясяткі тысяч удзельнікаў падзяліліся з гледачамі сваім выканальніцкім майстэрствам і душэўнай цеплынёй.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю