Top.Mail.Ru

Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі ўрачыста адкрылі ў Брэсце

Праектам, які закліканы аб’яднаць пакаленні, зрабіць унёсак у фарміраванне будучыні Беларусі, называюць патрыятычны цэнтр для моладзі, першую чаргу якога ў сціслыя тэрміны ўзвялі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Цэнтр створаны, каб аб’яднаць педагогаў і кадэцкі рух, пошукавыя атрады і рэканструктараў, установы адукацыі і краязнаўства, а таксама ўсіх тых, хто зберагае памяць.


Усебеларускай маладзёжнай будоўляй цэнтр быў аб’яўлены ўказам Прэзідэнта 9 жніўня 2023 года. І ўжо ў лістападзе на будоўлі закіпела работа. А ў лютым 2025-га было аб’яўлена аб завяршэнні першай чаргі аб’екта. На Кобрынскім умацаванні крэпасці з’явіўся інтэрнат з вучэбнымі класамі, абсталяваны на базе былой казармы 125-га стралковага палка, і спальным корпусам. Побач уладкаваны стадыён, скаладром, ваенна-спартыўныя палосы, разгорнуты палатачны гарадок, які будзе функцыянаваць у цёплую пару года.

А ў планах — будаўніцтва другой чаргі. Яно прадугледжвае яшчэ адзін вучэбны корпус. Будзе адноўлены будынак ХІХ стагоддзя, дзе ў 20 класах змогуць займацца хлопчыкі і дзяўчынкі. У другую чаргу ўваходзіць і рэканструкцыя сталовай на 300 пасадачных месцаў, і добраўпарадкаванне тэрыторыі. А падчас трэцяга этапу адбудзецца рэканструкцыя Заходняга форта на Кобрынскім умацаванні для размяшчэння там вучэбна-забаўляльнага цэнтра на 500 вучняў. Пасля завяршэння ўсіх работ цэнтр зможа прымаць да 7 тысяч школьнікаў у год.

На цырымонію адкрыцця сабраліся ўдзельнікі першай змены летняга лагера і шматлікія госці. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархочнык адзначыў, што ў справе будаўніцтва важнага аб’екта ўдзельнічала каля 2700 маладых людзей — валанцёраў, актывістаў і членаў БРСМ. «Сёння тут створаны цудоўныя ўмовы для заняткаў спортам, і, вядома, гэта месца для знаёмства навучэнцаў з розных куткоў краіны. Цэнтр паслужыць справе выхавання патрыятызму, грамадзянскай адказнасці, павагі да гістарычнай спадчыны. 

У хуткім часе ён стане міжнародным, да нашых школьнікаў прыедуць равеснікі з рэгіёнаў Расіі. Адкрыццё цэнтра стала падарункам для маладога пакалення да 80-годдзя Перамогі», — падкрэсліў губернатар.

Святлана ЯСКЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю