Па выніках правядзення першага дня цэнтралізаванага тэсціравання былі ўстаноўлены адзінкавыя выпадкі размяшчэння ў інтэрнеце, тэлеграм-каналах і чатах фатаграфій экзаменацыйных (тэставых) заданняў. Аб гэтым расказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Дзмітрый Міронаў, паведамляе БелТА.
«РІКВ сумесна з кампетэнтнымі органамі ўстанавіў асобы ўсіх, хто размясціў гэтыя матэрыялы. Таксама выяўлены арганізатары тэлеграм-каналаў і чатаў, якія ўкідваюць недакладную інфармацыю і адказы ў перыяд правядзення ЦТ», — праінфармаваў Дзмітрый Міронаў.
Кіраўнік РІКВ падкрэсліў, што за выкарыстанне шпаргалак, мабільных тэлефонаў і зварот па дапамогу да трэціх асоб (у тым ліку праз мабільную сувязь) у пунктах правядзення ЦТ, у тым ліку ў санітарных пакоях, прадугледжана выдаленне з іспыту.
«Указаныя дзеянні кваліфікуюцца як парушэнне правілаў правядзення ЦТ, а гэта цягне ануляванне вынікаў іспыту. Нагадваю, з сабой на ЦТ можна ўзяць толькі дакумент, які сведчыць асобу, пропуск, гелевую ці капілярную ручку з чорным стрыжнем, на хімію і фізіку — просты калькулятар. Недапушчальна праносіць у аўдыторыю тэлефоны, любыя гаджэты (смарт-ачкі, смарт-гадзіны, разумныя бранзалеты, фотаапараты, дыктафоны, камеры, планшэты, ноўтбукі, электронныя кнігі), канспекты, шпаргалкі, дапаможнікі. Катэгарычна падчас іспыту нельга размаўляць з суседзямі, выходзіць з аўдыторыі без дазволу, мяняцца месцамі і варыянтамі, працягваць працу пасля каманды „час выйшаў“, выносіць з аўдыторыі экзаменацыйныя матэрыялы (нават у выглядзе нататак на руках), падрабляць дадзеныя ў бланку адказаў або пісаць у ім нецэнзурныя словы. За парушэнне правілаў абітурыента выдаляць з аўдыторыі», — нагадаў Дзмітрый Міронаў.
Апошняе цэнтралізаванае тэсціраванне адбудзецца 5 чэрвеня. Выпрабаванне пачнецца ў 11:00 па ўсёй краіне. «Просім прыбыць у пункты правядзення ЦТ загадзя, не пазней як за 30 хвілін да ўстаноўленага часу», — дадаў дырэктар РІКВ.