Top.Mail.Ru

РНПЦ траўматалогіі і артапедыі пашырае высокія тэхналогіі

Беларускія медыкі выйшлі на стапрацэнтнае імпартазамяшчэнне па металаканструкцыях для хірургіі пазваночніка. Ледзь не палова металаканструкцый, якія выкарыстоўваюцца пры пераломах доўгіх касцей канечнасцяў, таксама распрацавана беларускімі артапедамі. У РНПЦ траўматалогіі і артапедыі прыязджалі пераймаць досвед калегі з Вялікабрытаніі і ЗША, таксама беларускія методыкі ўкаранёны і запатрабаваны ў Японіі, Іране. Гэта датычыцца ў першую чаргу рэканструкцыйнай хірургіі дзіцячага тазасцегнавога сустава. З 2019-га ўтрая ўзрасла колькасць аперацый па эндапратэзаванні каленных і тазасцегнавых суставаў, летась іх выканана больш за 21 тысячу. Пра імпартазамяшчэнне і новыя метады лячэння расказалі ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.


Нацыянальная медыцынская бяспека

Сёння цэнтр валодае неабходнымі кадрамі, матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі, абсталяваннем — тым, што дазваляе выконваць усе віды хірургічных умяшанняў на апорна-рухальным апараце, якія праводзяцца ў свеце. Больш за тое, шэраг хірургічных умяшанняў прапанаваны менавіта беларускімі спецыялістамі.

— Асаблівасць нашай работы ў тым, што мы займаемся не толькі чыстай навукай. Наша навука максімальна практыка-арыентаваная, фактычна размова ідзе аб манетызацыі нашых навуковых даследаванняў. У выніку праведзеных намі распрацовак мы поўнасцю выйшлі на стапрацэнтнае імпартазамяшчэнне па металаканструкцыях для хірургіі пазваночніка. Каля 40 % металаканструкцый, якія выкарыстоўваюцца пры пераломах доўгіх касцей канечнасцяў, распрацаваны ў выніку нашых навуковых праграм і вырабляюцца ў Беларусі. Фактычна размова ідзе аб такім паняцці, як нацыянальная медыцынская бяспека траўматалогіі і артапедыі. Мы працуем у гэтым кірунку, — расказаў дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Міхаіл Герасіменка.

Ён адзначыў, што ўсе распрацоўкі накіраваны на максімальна эфектыўнае лячэнне, а таксама на хуткае аднаўленне пацыента пасля траўмаў або хірургіі цяжкіх артапедычных захворванняў. У даковідны 2019 год па ўсёй краіне было выканана каля 7,5 тысячы эндапратэзаванняў каленных і тазасцегнавых суставаў. У мінулым годзе такіх аперацый праведзена каля 21,3 тысячы — амаль у тры разы больш. Для гэтага была выканана сур’ёзная арганізацыйна-метадычная работа, адкрыты новыя міжраённыя цэнтры, падрыхтаваны спецыялісты, якія могуць выконваць гэтыя высокатэхналагічныя аперацыі. На сёння ў краіне 257 хірургаў-артапедаў валодаюць методыкай эндапратэзавання буйных суставаў — гэта трэць усіх артапедаў.

— Кожны дзясяты траўматолаг-артапед краіны, уключаючы паліклінічных і дзіцячых артапедаў, мае вучоную ступень кандыдата або доктара медыцынскіх навук. Назавіце мне яшчэ адну краіну, у якой ёсць такая колькасць артапедаў-траўматолагаў са ступенямі, — звярнуў увагу кіраўнік РНПЦ.

Пераймаюць вопыт урачы з ЗША, Вялікабрытаніі і не толькі

Беларускія спецыялісты дастаткова актыўна працуюць з расійскімі калегамі як у рамках праграм Саюзнай дзяржавы, так і на падставе напрацаваных дзесяцігоддзямі асабістых прафесійных кантактаў. Склаліся прафесійныя стасункі з траўматолагамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Растова і іншых расійскіх гарадоў і асобных навукова-даследчых інстытутаў. Працуюць беларускія артапеды і з краінамі СНД: Узбекістанам, Кыргызстанам, Грузіяй.

Досыць вялікая колькасць спецыялістаў — траўматолагаў-артапедаў — прыязджае ў Беларусь з краін Сярэдняй Азіі на навучанне і засваенне новых тэхналогій, якія распрацоўваюцца ў дзіцячай артапедыі, у эндапратэзаванні, у спінальнай хірургіі. І гэта сведчыць аб тым, што ўзровень беларускіх траўматолагаў дастаткова высокі. 

Шэраг беларускіх методык укараняецца не толькі на прасторах СНД. Яны выкарыстоўваюцца ў такіх краінах, як Японія, Вялікабрытанія, Іран. Гэта датычыцца ў першую чаргу рэканструкцыйнай хірургіі дзіцячага тазасцегнавога сустава. Былі ў нас спецыялісты з ЗША і Вялікабрытаніі, якія прыязджалі ў Беларусь пераймаць нашы методыкі, і цяпер у некаторых замежных клініках яны прымяняюцца.

Распрацаваны і новыя метады лячэння дзяцей з цяжкімі дэфармацыямі пазваночніка. З 2017 па 2020 год беларускія артапеды працавалі з расійскімі калегамі ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы «Спінальныя сістэмы — 1». Цяпер падрыхтавана канцэпцыя праграмы «Спінальныя сістэмы — 2» для распрацоўкі новых метадаў дыягностыкі і лячэння пацыентаў з нейраартапедычнай паталогіяй.

— Калі казаць аб першай праграме, то мы распрацавалі новыя метады дыягностыкі і лячэння пацыентаў дзіцячага ўзросту з цяжкімі дэфармацыямі пазваночніка. У выніку нашых распрацовак цяпер мы можам аказваць дапамогу такім пацыентам. Раней, на жаль, у нас не было ні ўласных айчынных металаканструкцый, ні выразных, зразумелых метадаў, як правільна за гэтымі пацыентамі назіраць, у якія тэрміны выконваць ім абследаванні. У выніку выканання гэтай праграмы мы распрацавалі свае, айчынныя металаканструкцыі. 

З 2018 года і да гэтага часу мы прааперыравалі 66 такіх пацыентаў, ім зроблена 70 хірургічных аперацый. Чатыром пацыентам мы выканалі па дзве аперацыі на двух розных узроўнях, — расказаў намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Кірыл Крыварот.

Па падліках медыкаў, у Беларусі пражывае каля 200 пацыентаў з прыроджанай анамаліяй развіцця пазваночніка. Акрамя таго, штогод каля 
350 дзяцей атрымлівае траўмы пазваночніка, каля 1 % з іх патрабуецца хірургічнае лячэнне.

Ішоў, упаў, ачуўся — гіпс…

Неад’емная частка работы артапедаў і траўматолагаў — дапамога пацыентам, якія атрымалі траўмы. Штодзень у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі звяртаецца 50–60 такіх пацыентаў. Сярод іх і Наталля Стараселец, якая атрымала трайны пералом шчыкалаткі 10 лютага, калі раніцай спяшалася на работу. Няўдалы спуск з прыступак, дзе ўтварылася наледзь, а потым падзенне і моцны боль. Далей былі здымкі, абследаванні, якія паказалі трайны пералом у раёне шчыкалаткі і галёнкаступнёвага сустава, чатырохгадзінная аперацыя.

— У назе ў мяне цяпер цэлая канструкцыя з дзвюх пласцін, штыру і яшчэ чагосьці. Трэба старацца быць уважлівым, сабраным і нікуды не спяшацца, таму што здароўе даражэй за ўсё, — падзялілася пацыентка.

— Траўматызм — гэта неад’емная частка агульнай структуры захворванняў насельніцтва. Ён ідзе адразу пасля сардэчна-сасудзістых захворванняў і анкалагічных праблем у нашай краіне, — расказвае ўрач — траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч. — Наша ўстанова ахоплівае вялікую колькасць насельніцтва Мінска. Па экстранную траўматалагічную дапамогу на працягу года ў цэнтр звяртаецца каля 24 тысяч чалавек, аказваецца яна кругласутачна.

Найбольш уразлівыя па частцы траўмаў — дзеці і пажылыя людзі. 

Актыўнасць дзяцей значна вышэйшая, чым у дарослых, а пажылыя людзі часта атрымліваюць пашкоджанні буйных суставаў і буйных трубчастых касцей пры падзенні, гэта звязана з іх фізіялагічнымі асаблівасцямі.

У апошнія гады якасць аказання дапамогі значна ўзрасла. Гэта звязана з тым, што з’явілася вялікая колькасць айчынных металаканструкцый і практычна для кожнай аперацыі можна падабраць тую ці іншую з іх для аказання дапамогі. Тое, што якасць вырасла, добра відаць на прыкладзе аказання дапамогі пажылым людзям з пераломамі праксімальнага аддзела сцягна. Апошнім часам гэтыя людзі звяртаюцца ў цэнтр незалежна ад узросту, аперацыі ім праводзяцца ў найкарацейшыя тэрміны: падрыхтоўка займае мінімальны час і ўмяшанне праводзіцца ў першыя 24 гадзіны пасля траўмы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю