Top.Mail.Ru

Роўны доступ і празрыстыя ўмовы

Лічбавізацыя як ключавы інструмент для забеспячэння празрыстасці, даступнасці і эфектыўнасці закупачных працэдур, які дазваляе зніжаць карупцыйныя рызыкі і спрашчаць узаемадзеянне ўдзельнікаў. Што з’яўляецца праўдай, а што міфам у правядзенні тэндараў і закупак. Пра гэта распавялі эксперты на «Першым інфармацыйным».


Палегчыць працу заказчыкаў і спрасціць працэдуру для прадпрыемстваў

Намеснік дырэктара РУП «Нацыянальны Цэнтр падтрымкі экспарту» Наталля Тышкевіч нагадала ў эфіры, што роўны доступ і празрыстыя ўмовы забяспечваюцца ў першую чаргу нарматыўна-прававымі актамі:

— Інфармацыйныя сістэмы ж распрацоўваюцца ў дакладнай адпаведнасці з нормамі, замацаванымі ў дзеючым заканадаўстве.

Эксперт адзначыла, што лічбавізацыя дзяржаўных закупак пачалася ў 2012 годзе і ўжо практычна завершана, у тым ліку ў сегменце закупак з адной крыніцы, што спрыяе павышэнню іх адкрытасці, празрыстасці і даступнасці. Актыўна лічбавізуюцца таксама закупкі за кошт уласных сродкаў: не так даўно пачала дзейнічаць пастанова, якая ўніфікуе парадак правядзення закупак і распаўсюджвае яго на прадпрыемствы з дзяржудзелам.

Наталля Тышкевіч дадала, што сістэмы закупак працягваюць развівацца і становяцца больш аўтаматызаванымі. Гэта дазваляе палегчыць працу заказчыкаў і спрасціць працэдуру ўдзелу для прадпрыемстваў.

Пра значэнне лічбавізацыі ў эфіры выказалася і першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Наталля Васілеўская. Яна заявіла, што аблічбоўка з’яўляецца найважнейшым крокам да празрыстасці, абгрунтаванасці закупак і зніжэння карупцыйных рызык. Аднак пры гэтым, падкрэсліла эксперт, нельга аслабляць кантрольныя мерапрыемствы і маніторынгі.

Што ў прыярытэце?

Аб прыярытэтных кірунках кантролю, дзе выяўляюцца выпадкі неабгрунтаваных выдаткаў або празмернасцяў, паведаміў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Максім 
Аляшкевіч.

Ён у першую чаргу спыніўся на аўтамабільным транспарце:

— Імкненне любога кіраўніка мець годны аўтапарк на прадпрыемстве зразумелы. Але часцяком, калі мы пачынаем разбірацца, аказваецца, што тэхніка на прадпрыемстве знаходзіцца ў здавальняючым стане. Таму гэтыя закупкі адмяняем. Улічваючы, што гэта дзяржаўныя сродкі, мы дзейнічаем вельмі жорстка. Павінна існаваць аб’ектыўная прычына для набыцця аўтамабіля.


У цэнтры ўвагі знаходзіцца і будаўніцтва, бо гэтая сфера досыць капіталаёмістая, з буйнымі грашовымі абарачэннямі.

— У сферы будаўніцтва мы звярнулі ўвагу на паслугі іншых арганізацый. Прывядзём адзін з апошніх прыкладаў. Дзяржаўнае прадпрыемства праводзіла закупку паслуг будаўнічай тэхнікі для працы на пляцоўцы. Сума здзелкі складала 450 тысяч рублёў. Калі мы пачынаем высвятляць, разумеем, што, набыўшы гэтую тэхніку самастойна і выплачваючы заробак сваім супрацоўнікам, яны выдаткуюць у два разы менш, — адзначыў спікер.

Пад пільнай увагай знаходзіцца таксама ахова здароўя. Максім Аляшкевіч патлумачыў чаму:

— У ахове здароўя закупкі ў значнай ступені стандартызаваныя. Наборы лекаў і прэпаратаў, якія патрэбныя ў бальніцах і ў паліклініках, вядомыя. Чаму гэтая сфера пастаянна пад нашым кантролем? Таму што ў залежнасці ад абставін закупкі ажыццяўляюцца ў аб’ёмах, якія перавышаюць рэальныя патрэбы.

Прафілактычны кантроль і аналіз абгрунтаванасці закупак на ранніх этапах дазваляюць прадухіляць нямэтавае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў і спрыяць імпартазамяшчэнню.

Што праўда, а што міф?

Сёння сацыяльныя сеткі перапоўненыя сумніўнымі бізнес-парадамі адносна ўдзелу ў тэндарах і арганізацыі закупкі. Эксперты разабралі самыя ўстойлівыя стэрэатыпы ў гэтай сферы.
Закупкі з адной крыніцы — гэта ў большасці выпадкаў шэрыя схемы. Канкурэнтныя працэдуры — вось гэта стапрацэнтная абарона ад злоўжыванняў.

— Гэта міф. Такое бывае, але сцвярджаць, што гэта характэрна для большасці выпадкаў, — адназначна не, — растлумачыў Максім Аляшкевіч.

Самы танны тавар — гэта заўсёды эканомія бюджэту, а закупка дарагога імпартнага аналага — загадзя растрата.

— Вядома, гэта міф. Зноў жа, не безумоўна. У Беларусі вырабляецца досыць шмат канкурэнтаздольных тавараў па прымальных цэнах, аднак у асобных выпадках апраўданая і закупка імпартнага аналага, — адзначыла Наталля Васілеўская.

Сістэма закупак занадта складаная для пачаткоўцаў. Для ўдзелу ў працэдурах патрэбны цэлы штат профільных спецыялістаў.

— Гэта міф. Складаная ў першую чаргу катэгорыя якасці тавараў або паслуг. Тут важны перш за ўсё ўзровень адукацыі спецыялістаў, — тлумачыць Наталля Тышкевіч.

Чым больш падрабязнае тэхнічнае заданне, тым менш шанцаў для злоўжыванняў і больш сумленная закупка.

— Адназначна сказаць нельга. Сапраўды, бываюць выпадкі, калі заданне патрабуе дэталізацыі. Але, калі мы бачым складанае тэхнічнае заданне пад самы просты тавар, гэта выклікае пытанні, — кажа Максім Аляшкевіч.

Дзяржаўныя закупкі заўсёды ідуць па жорсткіх шаблонах. Закупкі за кошт уласных сродкаў — гэта поўная свабода для заказчыка. Можна выбіраць каго заўгодна і як заўгодна. Праўда ці міф?

— Адназначны адказ даць не атрымаецца. Так, дзяржзакупкі рэгламентаваныя больш жорсткімі правіламі. Закупкі за кошт уласных сродкаў, безумоўна, больш гнуткія, але правілы для іх таксама замацаваны. Пры фарміраванні сваёй дакументацыі заказчык кіруецца 168-й пастановай, а ўжо затым у яго пачынаецца свабода дзеянняў, — акцэнтуе ўвагу Наталля Васілеўская.


Удзел у закупках — перспектыва толькі для буйных гульцоў. Для малога бізнесу выдаткі на працэс перавышаюць выгаду.

— Гэта міф, таму што гэтыя выдаткі суразмерныя той выгадай, якую пастаўшчык атрымае пры ўдзеле, — перакананая Наталля Тышкевіч.

Закупкі за кошт уласных сродкаў амаль не правяраюць, паколькі яны не звязаныя з выдаткоўваннем бюджэтных сродкаў.

— Няхай не расслабляюцца тыя, хто так лічаць. Бо закупкі за кошт уласных сродкаў мы актыўна правяраем. Нават у большай ступені, чым дзяржзакупкі. Для дзяржзакупак ёсць пэўныя патрабаванні, казначэйства пракантралюе пералік плацяжоў. Тут жа, пры закупках за кошт уласных сродкаў, прадпрыемствы ў значнай меры прадастаўлены самі сабе, — тлумачыць Максім Аляшкевіч.

Чым больш удзельнікаў у закупцы, тым вышэй канкурэнцыя і ніжэй цана.

— Вядома, — падкрэслівае Наталля Васілеўская.

Калі пастаўшчык ужо шмат гадоў працуе з заказчыкам, то канкурэнтныя працэдуры яму аб’ектыўна не патрэбныя.

— Гэта міф. Любы заказчык зацікаўлены ў зніжэнні выдаткаў і абнаўленні сваёй базы патэнцыйных пастаўшчыкоў, таму адказныя заказчыкі праводзяць канкурэнтныя працэдуры, нават у тых выпадках, калі яны не абавязаны гэтага рабіць, — рэзюмуе Наталля Тышкевіч.

Сяргей Эмберг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю