Top.Mail.Ru

Робяцца новыя крокі да агульнай культурнай прасторы СНД

У панядзелак у Выканкаме СНД адбыўся круглы стол «Роля кіно ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы СНД» у рамках XXXI Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». На ім абмяркоўваліся самыя розныя тэмы: як сумесныя стужкі ствараюць агульнае сімвалічнае поле і актуалізуюць агульныя гістарычныя сюжэты, развіццё адзінага рынку дыстрыбуцыі, субцітрыравання і дубляжу, падтрымка маладых талентаў і абмен прафесійнымі практыкамі, інтэграцыя кіно ў адукацыйныя праграмы і лічбавыя экасістэмы і інш.


Ад Выканаўчага камітэта СНД прывітальнае слова ўзяў дырэктар дэпартамента па супрацоўніцтве ў палітычнай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах Аляксей Сазонаў. Ён згадаў, наколькі вялікая ўвага ўдзяляецца супрацоўніцтву ў сферы кінематографа сёння, і расказаў пра ініцыятывы на будучыню. Сярод іх, напрыклад, правядзенне кінафестывалю Садружнасці, які мяркуецца арганізоўваць як своеасаблівую старонку кіно СНД на пляцоўках вялікіх фестываляў. 

«Выканкам СНД заўсёды аказвае падтрымку ў сферы кіно. А сёлета мы яшчэ і ўручым сваю ўзнагароду маладым кіношнікам, каб адзначыць іх дэбют, — расказвае Аляксей Сазонаў. — Што датычыцца сённяшняга пасяджэння, яно ярка дэманструе ўзаемны інтарэс у сферы кіно СНД. Але патрэбна ўжо нарошчваць нашы сумесныя дасягненні, хоць гэта і не так проста, як падаецца. У кожнай краіне СНД свае культурныя асаблівасці, але ў нас ёсць і агульны культурны код. Сёлета, напрыклад, нас усіх аб’ядноўвае памяць аб нашай Перамозе. Я перакананы, што менавіта кіно дапамагае зблізіцца яшчэ больш».

Кіраўнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга паведаміла, што першапачаткова «Лістапад» і зараджаўся як фестываль краін СНД і Балтыі ў мэтах захавання агульнай кінематаграфічнай прасторы. Яна таксама заўважыла, наколькі важна тое, што сёлета ў гісторыі фестывалю адкрыта новая сторонка — праводзіцца круглы стол, прысвечаны супрацоўніцтву паміж саюзамі кінематаграфістаў, паколькі існуе ўжо не так мала агульных задум, якія патрэбна здзяйсняць, ладзяцца сумесныя праекты. 

Ірына Дрыга акцэнтавала ўвагу і на тым, што сёлета на «Лістападзе» ёсць не толькі дні нацыянальнага кіно, дзе дэманструюцца работы краін СНД, але і рэалізуецца вельмі важная ініцыятыва — паказваюцца найлепшыя стужкі залатой калекцыі СНД, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайне. Гэта актуальна заўсёды, але асабліва цяпер, калі мы святкуем 80-годдзе Вялікай Перамогі. 

Ад Канфедэрацыі Саюзаў кінаматаграфістаў краін СНД выступіў яе старшыня і адначасова старшыня БСК Яўген Арэндарэвіч. Ён назваў кіно той унікальнай мовай, на якой не толькі расказваецца пра нашу агульную гісторыю, але і сёння праекціруецца наша будучыня. Кіно, на яго думку, натхняе, дапамагае наладзіць сяброўскія стасункі і дзелавыя кантакты, умацоўвае давер, што асабліва важна цяпер, калі разбураюцца сэнсы. «Гэты круглы стол — знамянальная гістарычная падзея для нас, адкрыты дыялог, які актуальны і важны асабліва цяпер, калі скажаецца гістарычная памяць, ссоўваюцца пэўныя акцэнты. Перакананы, што наша пасяджэнне прыдасць дадатковы імпульс творчаму ўзаемадзеянню і мы скарэкціруем патрэбны вектар ва ўзаемадзеянні ў нашай агульнай культурнай прасторы. Хачу адзначыць і такі вельмі важны момант, што сёлета Беларусь старшынствуе ў савеце Канфедэрацыі Саюзаў кінематаграфістаў краін СНД, а гэта адна з аўтарытэтнейшых арганізацый, што сведчыць аб вялікім даверы нашай краіне з боку краін, якія ўваходзяць у яе».

У круглым стале браў удзел і народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Ён падзяліўся сваімі думкамі наконт ролі фестывалю «Лістапад» сёння. Мікалай Іванавіч перакананы, што галоўная задача не паказаць навінкі ў сферы кіно, каб захапіць гледача, а прадэманстраваць свае магчымасці, якія дазволяць лепш прааналізаваць работы і намеціць новыя кірункі. «Кажуць, прыгажосць і культура выратуюць свет, таму сёння кіно як найважнейшае з усіх відаў мастацтва павінна выканаць дэвіз, які дыктуе час, — „Час выбраў нас“. Трэба ствараць не толькі фільмы пра каханне, поспехі брацкіх рэспублік, але і заклікаць у фільмах да міру, развенчваць міфы і загавары ў свеце». 

У сваім выступленні генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Дзмітрый Сямёнаў акрэсліў сваё бачанне ролі кінематографа сёння. На яго думку, варта цяпер больш гаварыць на мове кіно пра гісторыю, якая нас, прадстаўнікоў краін СНД, аб’ядноўвае. 

Старшыня Сінадальнага аддзела па культуры Беларускай праваслаўнай царквы, дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча, протаіерэй Іаан Задарожын заўважыў, як важна ўлічваць духоўны аспект пры сварэнні фільмаў. Асабліва ў наш час, калі адбываецца расчалавечванне маладых людзей праз навязванне чужых сэнсаў. «На шчасце, Беларускі саюз кінематаграфістаў працуе вельмі шчыльна з Беларускай праваслаўнай царквой, якая заўсёды гатовая дапамагаць дзеля добрай мэты, каб новыя фільмы мелі высокі духоўна-маральны характар», — падкрэсліў ён.
Генеральны прадзюсар кінакампаніі «Еўразія — фільм», кінарэжысёр, сцэнарыст Алег Сафараліеў звярнуў увагу на тое, што фестываль доўжыцца толькі тыдзень, таму вельмі важна выпрацаваць дзякуючы менавіта такому кругламу сталу алгарытм узаемадзеяння на працягу ўсіх 365 дзён года, каб рэалізоўваць сумесныя праекты і не страчваць сяброўскія сувязі.

Акцёр Мураталіеў Акылбек (Кыргызская Рэспубліка) працягнуў думку, што кіно можа як аб’ядноўваць, так і раз’ядноўваць, таму сапраўды роля фестывалю «Лістапад» маштабная. «Тыя добрыя ідэі, якія мы тут абмяркоўваем, кожны з нас прывязе да сябе ў сваю краіну. „Лістапад“ — выдатная пляцоўка, якая кансалідуе творчыя сілы незалежна ад колеру скуры і мовы», — заўважыў Мураталіеў Акылбек. А яшчэ ён прапанаваў стварыць сумесную работу да 100-годдзя Чынгіза Айтматава, якому споўніцца 100 гадоў у 2028-м. І гэта, дарэчы, не адзіная цікавая прапанова на круглым стале, а значыць пасяджэння сапраўды было карысным і ўжо пакрысе дае своё плён. 

Старшыня Саюза кінематаграфістаў Таджыкістана Сафар Хакдодаў звярнуўся да арганізатараў, папрасіўшы берагчы «Лістапад» і надалей, бо ў наш час кінафестывалі знікаюць, а Мінскі міжнарожны жыве і толькі набірае абароты. «На Лістападзе» такая цёплая творчая атмасфера, якая спрыяе наладжванню сяброўскіх сувязяў. Гэта так важна нам усім сёння, — канстатаваў ён».

Мерапрыемства завяршылася падпісаннем Мемарандума аб супрацоўніцтве.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю