Пра айчынную прадукцыю раскажа БРСМ у серыі кароткаметражных відэаролікаў. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела інфармацыйных і лічбавых камунікацый ЦК БРСМ Анжаліка Яўных, перадае БелТА.
«Якасць вырабленых беларусамі тавараў была і застаецца адной з найлепшых у свеце. На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу пры звароце з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Гэты тэзіс лёг у аснову інфармацыйнага праекта „Роднае-народнае“, у рамках якога саюз моладзі ў даступнай сучаснай форме раскажа пра навінкі айчыннай прадукцыі», — расказала Анжаліка Яўных.
Паводле яе слоў, мэтай праекта з’яўляецца павышэнне культуры спажывання, прасоўванне айчынных тавараў і папулярызацыя іх якасці.
«Фармат відэаролікаў прадугледжвае дэгустацыю прадуктаў харчавання, агляды адзення, абутку, галантарэі і іншых тавараў і паслуг ад беларускіх вытворцаў. Выпускі запланаваныя штотыдзень па пятніцах на афіцыйных старонках БРСМ у сацыяльных сетках. А іх асаблівасць — адкрытасць і зваротная сувязь, праз зварот у бот тэлеграм-канала можна не толькі падказаць ідэю для наступнага выпуску, але і стаць яго героем», — сказала Анжаліка Яўных.
Асобная ўвага будзе нададзена беларускай культуры і мастацтву, у бліжэйшых выпусках карыстальнікі інтэрнэту змогуць убачыць музычныя, мастацкія, літаратурныя і кінаагляды.
Інфармацыйны праект «Роднае-народнае» стане складовай часткай агульнанацыянальнага праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё», правядзенне якога ініцыявана Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь.