Top.Mail.Ru
345

«Родны край...» падарожнічае па Віцебшчыне

Творы трох жанчын-паэтаў аб’яднаны ў кнізе «Родны край — наша сонца», якая выйшла ў серыі «Бібліятэка паэзіі»: Еўдакіі Лось, Веры Вярбы і Галіны Загурскай.

Вось як каменціруе новы творчы праект Саюза пісьменнікаў Беларусі ўкладальнік кніг серыі Віктар Шніп: «У зборніку „Родны край — наша сонца“ аб’яднаны вершы яркіх жанчын-літаратараў. Еўдакію Лось і Веру Вярбу можна залічыць у шэрагі нашых класікаў. Многія іх вершы сталі песнямі. А „Ручнікі“ Веры Вярбы і Міколы Пятрэнкі, узвышаныя выкананнем і легендарных „Песняроў“, ведаюць ва ўсіх куточках Беларусі. Галіна Загурская жыве ў Полацку. Доўгі час кіравала літаратурным аб’яднаннем „Наддзвінне“, якому, дарэчы, у наступным, 2026-м, годзе спаўняецца 100 гадоў!.. Як мне падаецца, у кнігі ёсць добры віцебскі настрой, вершы, якія сабраны ў „Родным краі...“, я параіў бы найперш прачытаць нашай моладзі, школьнікам, студэнтам. У творах — захопленасць родным краем, паважлівае стаўленне да лёсаў нашых прашчураў». 

Кнігу вершаў заўважылі на Віцебшчыне. Яе прэзентацыя адбылася ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна. Творчая сустрэча з аўтарам зборніка «Родны край — наша сонца» Галінай Загурскай прайшла ў Полацкім дзяржаўным эканамічным каледжы. У бліжэйшы час прэзентацыя пройдзе на творчым вечары Галіны Загурскай, які літаб’яднанне «Наддзвінне» ладзіць у Полацку. Запланавана сустрэча з кнігай «Родны край...» і адным з яе аўтараў і ў Міёрскай раённай бібліятэцы, дзе Галіну Пятроўну Загурскую добра ведаюць як зямлячку. Нарадзілася паэтэса ў вёсцы Лявонпаль Міёрскага раёна, часта бывае ў роднай старонцы, якой прысвяціла і многія свае творы. 

Мікола Берлеж 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю