У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа працуе часовая выстаўка твораў Уладзіміра Сулкоўскага і Пятра Шарыпы пад назвай «Дзе елка ў пары з хваіною». Праект дазваляе перанесціся ў родныя мясціны Якуба Коласа і ўбачыць іх вачыма двух выдатных беларускіх мастакоў.
Назва выстаўкі — цытата з паэмы «Новая зямля» — з’яўляецца вобразам-сімвалам, што ўвасабляе гармонію прыроды, прыгажосць беларускіх краявідаў. Ёлка і хвоя часта сустракаюцца ў беларускіх лясах, яны адрозніваюцца, але гарманічна дапаўняюць адна адну — гэтак жа, як і два мастакі, чые работы прадстаўлены ў экспазіцыі.
Уладзімір Сулкоўскі — мастак, чыя спадчына ўключае шырокі спектр жанраў станковага жывапісу. Сярод яго найлепшых твораў — серыя карцін «Радзіма Якуба Коласа» (канец 80-х гадоў мінулага стагоддзя). Гэтыя работы вылучаюцца непаўторным почыркам, увагай да дэталяў і пошукам эпічнасці ў кожнай сцэне. Уладзімір Сулкоўскі стварыў выдатныя пейзажы, якія адлюстроўваюць не толькі фізічную, але і духоўную красу беларускай прыроды. Так можна адчуць настрой мясцін, што былі блізкія Якубу Коласу.
Пётр Шарыпа, як і яго калега, — выдатны майстар, які шмат зрабіў у жанры пейзажа. Шарыпа працягваў традыцыі беларускага пленэрнага жывапісу, акцэнтуючы ўвагу на перадачы эфектаў святла, што і стала яго адметнасцю. Мастак быў здольны паказаць, як змяняецца прырода ў залежнасці ад часу сутак або сезона.
Уладзімір Сулкоўскі і Пётр Шарыпа па-рознаму глядзелі на адны і тыя ж пейзажы, выкарыстоўвалі розныя мастацкія сродкі, але ў выніку стварылі агульную карціну прыроды, напоўненую паэтычнасцю. У назве выстаўкі падкрэслена, што творчасць аўтараў знаходзіцца «ў пары», адлюстроўваючы беларускую зямлю ў розных яе праявах.
Алеся ГУСАРЭВІЧ
Фота аўтара