Маладзёжны форум Саюзнай дзяржавы «Роля моладзі ў захаванні і абароне гістарычнай памяці» пройдзе 5-8 верасня ў Магілёве, паведамілі БелТА ў прэс-службе Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
«Маладзёжны форум Саюзнай дзяржавы праводзіцца ў мэтах умацавання сяброўства паміж моладдзю Беларусі і Расіі. Яго галоўныя задачы — выхаванне патрыятызму, захаванне агульнай гістарычнай памяці і абмеркаванне пытанняў рэалізацыі сумеснай маладзёжнай палітыкі. Ідэя форуму — выбудаваць дыялог з актыўнай моладдзю для выпрацоўкі ўзгодненых падыходаў у патрыятычным выхаванні, гарманізацыі заканадаўства і распрацоўкі стратэгіі развіцця маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы», — расказалі ў прэс-службе.
У мерапрыемствах форуму прымуць удзел дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, члены Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе, маладзёжных палат пры нацыянальных парламентах дзвюх краін, маладыя гісторыкі, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый і навуковай супольнасці Беларусі і Расіі.
Праграмай форуму прадугледжаны пленарнае пасяджэнне і правядзенне трох тэматычных секцый: «Гістарычная спадчына перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне як найважнейшы фактар патрыятычнага выхавання моладзі»; «Уклад народаў Савецкага Саюза ў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне»; «Маладзёжная палітыка Саюзнай дзяржавы: ад мадэлі да практыкі».
У рамках форуму адбудуцца XVIII фестываль «Моладзь — за Саюзную дзяржаву», выстава і майстар-клас «Народныя мастацкія промыслы як найважнейшы элемент захавання нацыянальнай самасвядомасці», сустрэчы моладзі з вядомымі палітычнымі і грамадскімі дзеячамі.
Акрамя таго, у дні форуму пройдуць пасяджэнне Камісіі Парламенцкага сходу па захаванні і абароне гістарычнай памяці і пасяджэнне Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе.